Субота, 20.04.2024, 14:50

МАЁНТАК

Галоўная »
МАЁНТАК (са старабеларускай мовы – имение) – від зямельнага ўладання ў феадальную і капіталістычную эпохі. У шырокім сэнсе – сукупнасць феадальнай зямельнай уласнасці і звязаных з ёю правоў на феадальна-залежных сялян. У маёнтак уваходзілі панская гаспадарка (домен) і сялянскія трыманні. Адрозніваліся сацыяльнай прыналежнасцю і паходжаннем правоў іх уладальнікаў, эканамічнай структурай, памерамі. Падзяляліся на дзяржаўныя, прыватна-ўласніцкія і царкоўныя. Маёнткі дзяржаўныя, уласнікам якіх быў вялікі князь (гаспадар), з 1569 г. кароль, мелі розныя назвы: воласці, двары, эканоміі, староствы, каралеўшчызны і інш., але ў іх быў адзіны юрыдычны статус — велікакняжацкія (гаспадарскія) ці каралеўскія. Даходы ад іх выкарыстоўваў гаспадар як на дзяржаўныя, так і на асабістыя патрэбы. Маёнткі, якія феадалы (шляхта) атрымлівалі ад вялікага князя ці магнатаў за ваенную і іншую службы або ў спадчыну ад родзічаў, — прыватна-ўласніцкія. Вядомы «атчызныя», «дзедзічныя», «даніны», «выслугі» і інш. Феадалы мелі неабмежаваныя правы на сваю ўласнасць, якія былі замацаваны ў прывілеях, Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг. Царкоўныя маёнткі — уласнасць духоўных устаноў (епіскапстваў, манастыроў, цэркваў, касцёлаў). Аснова вытворчай дзейнасці маёнтка — сялянская гаспадарка, аснова даходаў — прыбавачная праца феадальна-залежнага насельніцтва. Эканамічная структура маёнтка вызначалася яго гаспадарчай накіраванасцю і характарызавалася як рознымі суадносінамі памераў панскай і сялянскай зямлі, так і перавагай той ці іншай рэнты. Да сярэдзіны 15 ст. асноўнай формай рэнты ў большасці феадальных маёнткаў быў натуральны аброк, у далейшым пашыраліся паншчына і аброкі грашыма (чынш). Пасля правядзення валочнай памеры (16 ст.) у дзяржаўных, а потым у прыватных і царкоўных маёнткаў ствараюцца фальваркі. Як феадальная гаспадарка, тэрмін фальварак быў сінонімам маёнка. Гэта характэрна ў асноўным для невялікіх маёнткаў з адным фальваркам. У буйных маёнтках мелася і па некалькі фальваркаў.

У Расіі да 18 ст. тэрміну маёнтка адпавядалі вотчына і памесце. Пасля прынятага Пятром I Указа пра адзінаспадчыннасць (1714) памесці зліліся з вотчынамі ў адзіны від уласнасці, тэрмін маёнтак (нерухомая маёмасць) стаў для іх агульным азначэннем. У гэтым сэнсе ён выкарыстоўваўся і на Беларусі да пачатка 20 ст.

У вузкім сэнсе маёнтак — цэнтр уладання, панскі двор, сядзіба з гаспадарчымі і жыллёвымі пабудовамі. Найбольш поўнае ўяўленне пра феадальныя сядзібы даюць інвентары (вопісы ўладанняў). Паводле іх, кожны маёнтак меў сядзібу (двор), дзе жыў уладальнік ці маёнткавая адміністрацыя. У буйных маёнтках з некалькімі гаспадаркамі двор быў амаль у кожнай сядзібе. Да сярэдзіны 16 ст. панскую гаспадарку апрацоўвала чэлядзь нявольная, пасля валочнай памеры — цяглыя сяляне. Акрамя ворнай зямлі кожны маёнтак меў сенажаць, выганы, агароды. У некаторых маёнтках былі сады, у асноўным вішнёвыя і яблыневыя, сажалкі, дваровы лес. Комплекс пабудоў і ўгоддзяў у маёнтках быў розным па памерах і залежаў ад маёмаснага становішча ўладальніка. У найбольш буйных маёнтках 16 — 17 стст. былі і жыллёвыя (палацы, хаты з сенцамі, святліцы), і гаспадарчыя (стайні, хлявы, аборы, клеці, адрыны, піўніцы, свірны і інш.) пабудовы. У сядзібны комплекс уваходзілі і жыллёвыя пабудовы для дваровых слуг і рамеснікаў, а таксама пякарні, бровары, піваварні, вяндлярні і інш. Пры некаторых маёнтках былі ставы, млыны вадзяныя, рудні, кузні. Выраблялася прадукцыя на ўнутраныя патрэбы і на продаж. Гадавалі буйную рагатую жывёлу, коней, свіней, хатніх птушак — курэй, гусей, качак, індыкоў. Вырошчвалі жыта, авёс, ячмень, пшаніцу, грэчку, гарох, з 18 ст. бульбу, з агародных культур — капусту, агуркі, цыбулю, часнок, рэпу, моркву, пашырыліся пасевы льну, канапель. У некаторых маёнтках у той час ствараліся мануфактуры па перапрацоўцы сельска-гаспадарчай сыравіны, па вытворчасці паташу (глядзіце Буда), жалеза, шкла, палатна, вырабаў з лесаматэрыялаў. Пабудовы ў маёнтках сярэдніх і дробных феадалаў у асноўным былі драўлянымі. У многіх маёнтках магнатаў будаваліся палацава-замкавыя ансамблі (палацы Сапегаў у Ружанах і Гальшанах, Радзівілаў у Любчы і Міры). У буйных маёнтках паблізу панскай сядзібы ці на ёй размяшчалася царква ці касцёл, нярэдка недалёка знаходзілася і карчма. Пры будаўніцтве сядзіб значна больш выкарыстоўвалі камень і цэглу, дамы будавалі складанай шматкамернай планіроўкі, з'явіліся 2-павярховыя будынкі. Прыналежнасцю многіх буйных маёнткаў быў парк.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.