Пятніца, 29.03.2024, 18:54

МАЛАДЗЕЧНА

Галоўная »
МАЛАДЗЕЧНАгорад, цэнтр раёна ў Мінскай вобласці, на р.Уша. За 68 км на паўночны захад ад Мінска. Вузел чыгунак на Мінск, Полацк, Вільню, Ліду і аўтадарог на Мінск, Вільню.

Маладзечна
Герб

Маладзечна
Сцяг

Землі сённяшняй Маладзечаншчыны знаходзяцца на ўзмежжы тэрыторыі, якая стала ядром Вялікага Княства Літоўскага. Вядомае з 16 снежня 1388 г., калі згадваецца ў прысяжным лісце князя Ноўгарад-Северскага княства Дзмітрыя Карыбута вялікаму князю Ягайлу. Назва горада паводле адной з версіяў паходзіць ад р.Маладачанкі, прытока р.Ушы. З 1413 г. – у Віленскім ваяводстве; з канца XVI ст. мястэчка ў Менскім павеце. Маладзечна належала магнатам Заслаўскім, Мсціслаўскім, Сангушкам, Агінскім і інш.

У XV ст. на правым дрыгвяністым беразе р.Ушы пры зліцці з ёю р.Маладачанкі пабудаваны Маладзечанскі замак, які неаднаразова цярпеў ад пажараў (1519 (двойчы), 1533), а ў канцы XVIII ст. быў канчаткова зруйнаваны. Бярвеннем быў вымашчаны прамавугольны ўчастак (120 x 80 м) са скругленай усходняй часткай і насыпаная пляцоўка вышынёю каля 4 м са жвіру і пяску. Замчышча было абнесенае глініста-пясчанымі валамі (вышынёю да 3,5 м). У XVII ст. тры вонкавыя вуглы замка былі ўмацаваныя бастыёнамі галандскага тыпу. Ва ўсходняй частцы дзядзінца знаходзіліся мураваны палац, драўляныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Ёсць меркаванне, што Карл XII пад час Паўночнай вайны пабываў у Маладзечанскім замку. У XVIII ст. замак быў рэканструяваны яго ўладальнікамі Агінскімі пад свецкі палац. Замак не збярогся.

Маладзечна
Замчышча

У час Лівонскай вайны 1558 – 1583 гг. у Маладзечне ў 1567 г. праходзілі перамовы паміж прадстаўнікамі Польшчы і ВКЛ наконт заключэння дзяржаўнай уніі (падпісанне яе адбылося на Люблінскім сейме ў 1569 г.).

Паводле інвентару 1623 г. Маладзечна, якое ў той час уваходзіла ў склад Менскага ваяводства, мела сем вуліцаў: Вялікую Замкавую, Малую Замкавую, Менскую, Агароднічую, Рынкавую, Лебедзеўскую, Цюкомскую. Тады меліся дзве рудні, два тартакі. Жыло тут больш за тысячу чалавек. Жыхары займаліся земляробствам, рыбалоўствам і бортніцтвам.

У інвентары 1651 года з пратакольнай дакладнасцю апісаны ўжо не толькі сам замак, які тады ўзводзіўся на месцы старога, але і кожная вулачка Маладзечна, яе левы і правы бакі. Да ранейшых назваў вуліцаў дадалася яшчэ адна – Хажоўская. У адрозненне ад ранейшага інвентару тут запісаныя павіннасці гараджанаў.

У XVII – XVIII стст. Маладзечна стала гандлёва-рамесніцкім цэнтрам. 14 лістапада 1740 г. кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III даў прывілей на штотыднёвае правядзенне двух рынкаў (у нядзелю і пятніцу), а таксама двух кірмашоў – вясной і восенню. Новы прывілей Аўгуста III Маладзечна атрымала 27 верасня 1757 г. на штогадовыя чатырохтыднёвыя кірмашы.

Пад час Паўночнай вайны 1700 – 1721 гт. захопленае шведскімі войскамі (1708). З 1793 г. у выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай – у складзе Расійскай імперыі, цэнтр воласці Вілейскага павета Менскай губерні. Жыхары горада ўдзельнічалі ў паўстаннях1830 – 1831 і 1863 – 1864 гг.

У 1873 г. праз Маладзечна пракладзеная Лібава-Роменская чыгунка, што садзейнічала ператварэнню невялікага мястэчка ў буйны чыгуначны вузел. У 1864 г. адкрытая настаўніцкая семінарыя. Напрыканцы XIX ст. цэнтр воласці, меў 648 жыхароў, 85 двароў, 3 царквы, паштовую станцыю, піваварню, 18 крамаў, штотыднёвы кірмаш. Напачатку XX ст. — 2393 жыхары, 6 прадпрыемстваў. У 1907 г. змураваны чыгуначны вакзал.

Маладзечна
Касцёл на паштоўцы 1930-х гг.

У 1921 – 1939 гг. – у складзе Польшчы, з 1929 г. – горад, цэнтр павета ў Віленскім ваяводстве. З 1939 г. – у складзе БССР, з 1940 г. – цэнтр Маладзечанскага раёна Вілейскай вобласці. Меў 3 бібліятэкі, 2 клубы.

Маладзечна
Свята-Пакроўская царква

У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты стварылі тут лагер смерці («Шталаг 342» у паўночна-ўсходняй частцы горада) і знішчылі 34718 ваеннапалонных і мірных жыхароў. Горад вызвалены 5 ліпеня 1944 г. войскамі 3-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерала арміі I.Чарняхоўскага.

Маладзечна
Мемерыяльны комплекс "Шталаг 342"

З 1944 г. па 1960 г. – цэнтр Маладзечанскай вобласці; насельніцтва горада ў 1959 г. 26300 жыхароў. У 1960 г. Маладзечаншчына адышла да Мінскай вобласці.

На сёння ў Маладзечне 14 сярэдніх школ, мастацкая школа, 6 вучылішчаў (у т.л. медыцынскае і музычнае), політэхнічны каледж, гандлёва-эканамічны каледж, 4 публічныя бібліятэкі. Працуюць Мінскі абласны краязнаўчы музей, Мінскі абласны драматычны тэатр, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка». У горадзе штогод праводзіцца больш за 30 культурных мерапрыемстваў (сярод якіх рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца» і Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі, які праходзіць з 1993 г.). Выпускаецца гісторыка-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі часопіс «Куфэрак Віленшчыны» (рэдагуе краязнаўца і бібліяфіл Міхась Казлоўскі). У 1950 г. пры гарадскім Доме культуры створаны Маладзечанскі народны тэатр (з 1962 г. мае званне народнага).
Маладзечна

Маладзечна
Чыгуначны вакзал

Захаваліся Свята-Пакроўская царква – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю (1867), будынак настаўніцкай семінарыі (1762), будынак чыгуначнага вакзала (1907), а таксама касцёл святога Юзафа, пабудаваны ў 1993 – 1997 гг. на месцы касцёла трынітарыяў (1758).

Маладзечна
Быдунак былога манастыра трынітарыяў

Насельніцтва ў 2004 г. – 98384 чалавек; у 2006 г. – 98514 чалавек; 1 студзеня 2007 г. – 104021 чалавек; 1 кастрычніка 2007 г. – 101300 чалавек; 2008 г. – 98415 чалавек; 1 студзеня 2009 г. – 97 600 чалавек.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 17 (418) май 2012; № 18 (419) май 2012
Меню
встречи для итима с красивыми девушками.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
встречи для итима с красивыми девушками.
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
встречи для итима с красивыми девушками.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.