Пятніца, 29.03.2024, 12:51

МАЛАРЫТА

Галоўная »
МАЛАРЫТАгорад, цэнтр раёна, на р.Маларыта. За 52 км на паўднёвы ўсход ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі Брэст – Ковель. Аўтадарогамі звязаная з Брэстам і Ковелем.

Маларыта
Герб

Мясцовасць у наваколлі горада была заселеная ў глыбокай старажытнасці, аб чым сведчаць шматлікія селішчы, курганы і гарадзішчы. У 1965 г. непадалёк Маларыты быў знойдзены крамянёвы кінжал, які на думку вучоных датуецца 1800 – 1500 гг. да н.э. Упамінаецца ў 1546 г. пры апісанні мяжы між ВКЛ і Каронай Польскай. У 1566 г. вядомая як каралеўская вёска Рыта Малая Палескай воласці Берасцейскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Згодна з рэвізіяй Берасцейскага староства — 36 двароў, 59 сем'яў, працаваў вадзяны млын, 2 валокі зямлі належалі царкве, каралёўская (дзяржаўная) ўласнасць. У 1682 г. – 42 аседлыя гаспадаркі, 38 валокаў зямлі (2 належалі царкве).

У 1768 – 1790 гг. у вёсцы дзейнічалі металургічная мануфактура і медны завод. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, сяло ў Брэсцкім павеце. Напрыканцы 1795 г. Кацярына II падаравала сяло генерал-лейтэнанту Мікалаю Ланскому. У 1803 г. тут адкрытае земскае народнае вучылішча. У 1860-я гг. было 540 рэвізскіх душаў, Маларыта адносілася да маёнтка Збураж памешчыка Нефядовіча. Дзейнічала праваслаўная царква. У 1897 г. у сяле было 1275 жыхароў, 203 двары, 2 тартакі, шпалапрапітны завод, цагельня, вятрак.

З 1905 г. працавала аддзяленне сувязі. Дзейнічаў лесапільны завод, які ў 1901 г. належаў мяшчаніну С.Кагану, з 1907 г. – М.Л.Апатоўскаму. Побач знаходзілася чыгуначная станцыя. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр гміны Брэсцкага павета. Паводле перапісу, у мястэчку было 266 двароў, 1791 жыхар, з іх 939 праваслаўных, 98 каталікоў, 753 іўдзеі. З 1924 г. працаваў санаторый для хворых на сухоты. З 1939 г. рэгіён увайшоў у БССР, у складзе Брэсцкай вобласці. З 15 студзеня 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёна.

У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 г. да 20 ліпеня 1944 г. акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі тут 1200 жыхароў.

У 1959 г. насельніцтва 3400 чалавек. З снежня 1962 г. да студзеня 1965 г. у Брэсцкім раёне. З 23 снежня 1970 г. горад.

Збярогся помнік драўлянага дойлідства 2-й паловы XIX ст. – Свята-Мікалаеўская царква, захаваліся асобныя будынкі 1-й паловы XX ст. У горадзе ёсць помнікі на брацкай магіле танкістаў, якія загінулі пры вызваленні Заходняй Беларусі ў 1939 г., на брацкай магіле 151 савецкага воіна і партызана Вялікай Айчыннай вайны, на магіле 2800 ахвяраў фашызму.

Маларыта
Свята-Мікалаеўская царква

Дзейнічаюць 3 сярэднія школы і пачатковая школа-сад, ліцэй, СПТЛ механізацыі сельскай гаспадаркі, школа мастацтваў, 2 бібліятэкі, Дом культуры, Цэнтр народнай творчасці, музычная школа. Пры раённым Доме культуры працуе Маларыцкі народны аркестр народных інструментаў, створаны ў 1979 г., з 1981 г. мае званне народнага. Штогод у горадзе праводзіцца Маларыцкі міжнародны марафон.

У 2009 г. у горадзе налічвалася 11700 жыхароў.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 19 (420) май 2012
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.