Пятніца, 19.04.2024, 06:30

МАЛЯВАНЫЯ ДЫВАНЫ

Галоўная »
МАЛЯВАНЫЯ ДЫВАНЫ — маляваныя на тканіне (паперы, цыраце) вырабы, прызначаныя для ўпрыгожвання інтэр'ера народнага жылля; від народнай размалёўкі. Вядомыя з канца 19 ст., найбольшае распаўсюджанне атрымалі ў 1930-50-я гг., калі інтэнсіўная адбудова вёскі патрабавала адпаведнага народным густам аздаблення інтэр'ера.

маляваны дыван, маляваныя дываны
Маляваны дыван. Шаркоўшчынскі раён

Па матывах дэкору і характары кампазіцыі маляваныя дываны падобныя на тканыя і вышываныя насценныя дываны, але менш працаёмкія і выступалі як танны іх заменнік. На сшытае з двух кавалкаў палотнішча даматканага льнянога палатна памерамі прыкладна 1,5 х 2 м, афарбаванае ў чорны колер, наносілі асноўныя дэталі малюнка (часам ужывалі выразаныя з паперы трафарэты), падмалёўку дробных дэталей і нанясенне светлаценяў рабілі ад рукі. У некаторых рэгіёнах выпрацаваліся мясцовыя варыянты кампазіцыі і дэкору. Адметнымі мастацкімі асаблівасцямі вызначаюцца маляваныя дываны поўначы Беларусі (Мядзельскі, Вілейскі раёны Мінскай, Пастаўскі, Шаркоўшчынскі, Глыбоцкі, Міёрскі, Докшыцкі раёны Віцебскай вобласці). Кампазіцыя іх звычайна ўяўляе размешчаны ў цэнтры букет кветак у вазе, кошыку ці перавіты стужкай, акаймаваны па краях гірляндай з кветак і лісця або скіраванымі да цэнтра букетамі, рассыпанымі па ўсім полі. Часта ў кампазіцыю ўключаліся выявы птушак — ластавак, галубоў, паваў, зязюль, а таксама ініцыялы аўтараў ці заказчыкаў. Для паўдываноў (з аднаго палотнішча) і макатак (з палавіны палотнішча) характэрны кампазіцыі з парай выкананых у наіўна-рэалістычнай манеры ільвоў, аленяў, галубоў. У Докшыцкім раёне, дзе ўжывалі пераважна клеевыя фарбы, маляваныя дываны вызначаюцца надзвычайнай дэкаратыўнасцю і ўмоўнасцю, гучнымі лакальнымі колерамі без паўтонаў і пераходаў. Маляваныя дываны суседніх раёнаў, выкананыя алейнымі фарбамі, адлюстроўваюць імкненне да рэалізму: больш дэтальна распісаны пялёсткі кветак, лісце, абрысы жывёл і птушак. Спарадычна па ўсёй Беларусі сустракаліся маляваныя дываны сюжэтна-тэматычнага характару, якія ў наіўна-рэалістычным стылі адлюстроўвалі сцэнкі катання на лодках, сустрэчы ці развітанні закаханых, архітэктурныя пейзажы і інш. часта ў акаймоўцы арнаментальна-раслінных узораў (творы Я.Драздовіча).

маляваны дыван, маляваныя дываны
Маляваны дыван. Вёска Курдзекі Докшыцкі раён

Унікальная з'ява ў народным мастацтве Беларусі — сюжэтна-тэматычныя дываны А.Кіш са Случчыны, росквіт творчасці якой прыладае на 1930-я г. Чыстымі, гучнымі фарбамі белага, зялёнага, блакітнага, малінавага колераў з падмалёўкай чорнымі лініямі па контурах адлюстраваны фігуры людзей, жывёл, птушак на фоне традыцыйнага ці экзатычнага пейзажу, па баках — акаймоўка з сакавітых кветкавых гірляндаў.

маляваны дыван, маляваныя дываны
Маляваны дыван. Слуцкі раён

Па матывах маляваных дываноў сучасныя мастакі ствараюць узоры дэкаратыўных пано.

Аўтар: Я.М. Сахута.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.