Пятніца, 19.04.2024, 03:44

МАТЭРЫЯЛЬНАЯ КУЛЬТУРА

Галоўная »
МАТЭРЫЯЛЬНАЯ КУЛЬТУРА — сукупнасць матэрыяльных каштоўнасцей, створаных чалавецтвам у працэсе гістарычнай грамадска-карыснай дзейнасці,— прылады працы, жыллё, адзенне, ежа, транспартныя сродкі, культавыя і бытавыя рэчы, прадметы мастацтва і інш. Адлюстроўвае ўзровень вытворчых сіл і экалагічнага асваення прыроды чалавекам. Арганічна звязана з духоўнай культурай у адзінай функцыянальнай сістэме. Узнікла разам з вырабам чалавекам прылад працы, што азначала пераход ад жывёльнага стану да мэтанакіраванай працоўнай дзейнасці. Гістарычна развівалася паступальна, захоўваючы пераймальныя сувязі, ад прасцейшых форм, нярэдка запазычаных у прыроды, да складаных канструкцый, разнастайных спецыялізаваных прылад і прафесійных твораў мастацтва.

Матэрыяльная культура старажытных часоў узнаўляецца на падставе археалагічных помнікаў, часткова пісьмовых крыніц, выяў і параўнальнага гісторыка-этнаграфічнага вывучэння. Паводле прыродных матэрыялаў, асвоеных і ўключаных у вытворчы працэс, і адпаведных ім прылад, у гісторыі матэрыяльнай культуры на Беларусі вылучаюць наступныя археалагічныя перыяды, або вякі: каменны (эпохі палеаліту — да канца 9-га тысячагоддзя да н.э., мезаліту — 8200—5-е тысячагоддзе, неаліту — 4 — 2-е тысячагоддзі да н.э.), бронзавы (2200 — 700-я г. да н.э.), жалезны.

Матэрыяльная вытворчасць у палеаліце і мезаліце была абмежавана здабываннем і пярвічнай апрацоўкай з дапамогай прымітыўных прылад гатовых прадуктаў прыроды. Аснову ўласцівай гэтаму часу спажывецкай гаспадаркі складалі здабыўныя промыслы — збіральніцтва, паляўніцтва, рыбалоўства. Ім адпавядалі архаічная зброя і немудрагелісты інвентар — завостраная палка, рагаціна, дубіна, кап’ё з крамянёвым ці касцяным наканечнікам, дроцік, гарпун, крамянёвыя разцы, клінкі, шылы, каменнае рубіла, скрабло, капалка і інш. Прылады з каменю і косці часоў палеаліту знойдзены на Беларусі пры раскопках каля в.Абідавічы Быхаўскага, Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага раёнаў.

Важнай вехай у пазнанні і асваенні сіл прыроды было «прыручэнне» агню. Каля 10 тыс. гадоў таму назад вынайдзены лук і стрэлы, што значна павысіла эфектыўнасць палявання на дзічыну. Апрацоўка каменю дасягнула філіграннай тэхнікі ўжо ў эпоху неаліту; у вытворчую практыку ўвайшлі свідраванне, шліфоўка і паліроўка мінеральных парод. У гэты перыяд чалавек навучыўся вырабляць ганчарны посуд, што палепшыла харчовы рацыён і дало магчымасць гатаваць спецыяльныя стравы. Быў вынайдзены просты ткацкі стан. Больш разнастайнымі становяцца спосабы палявання і рыбалоўства. У паляванні побач з лукам шырока ўжываліся пасткі, лоўчыя ямы; у рыбалоўстве — човен, вуды, восці, кашы, сачкі: з’явіліся рыбалоўныя сеткі. Маштабныя зрухі ў гаспадарцы і матэрыяльнай культуры далі падставу называць гэты перыяд неалітычнай рэвалюцыяй. Знаходкі каменных матык, крамянёвых сярпоў, зерняцёрак дазваляюць меркаваць пра пачатак матычнага земляробства. Да гэтага часу адносіцца і прыручэнне дзікіх жывёл (першая свойская жывёла — сабака — прыручана яшчэ ў мезаліце). Узнікненне земляробства і жывёлагадоўлі азначалі важную веху ў гісторыі чалавецтва — пераход ад спажывецкай да вытворчай гаспадаркі з аседлым ладам жыцця. У неаліце былі пашыраны лёгкія жытлы шалашнага тыпу з вогнішчам у цэнтры.

У век бронзы іх змянілі больш грунтоўныя пабудовы каркасна-слупавой канструкцыі. Адсутнасць на тэрыторыі Беларусі радовішчаў бронзы абумовіла параўнаўчую нешматлікасць бронзавых прылад, у асноўным зброі (наканечнікаў, коп’яў, клінкоў, сякер), бытавых рэчаў і ўпрыгожанняў. Да пачатку 1-га тысячагоддзя да н.э. плямёны бронзавага веку (гл. Сярэднедняпроўская культура, Сосніцкая культура, Тшцінецкая культура) выкарыстоўвалі ў пераважнай большасці, як і раней, каменныя, касцяныя і драўляныя прылады, драўляны і ганчарны посуд. Разам з тым пашырэнне медных і бронзавых рэчаў вызначала новыя грані ў развіцці тэхнічнага прагрэсу і матэрыяльнай культуры. Яно паклала пачатак металургіі. Разам з прывазной бронзай і меддзю пашыраюцца тэхналагічныя веды, вытворчыя навыкі, узаемна суадносяцца і прымяркоўваюцца культурныя набыткі розных народаў.

Асваенне мясцовых радовішчаў балотных руд (бурага жалезняку) у 7 ст. да н.э. паклала пачатак жалезнай металургіі на Беларусі. Шырокае ўкараненне жалезных прылад (сякеры, матыкі, рала з жалезным нарогам, сярпа і інш.) прывяло да карэнных зрухаў у земляробстве, якое становіцца галоўным гаспадарчым заняткам. У 7 ст. да н. э.— 1-й палове 1-га тысячагоддзя н.э. на тэрыторыі Беларусі існавала некалькі этнічных аб’яднанняў, носьбітаў мілаградскай, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай і зарубінецкай культур. Апошнюю большасць даследчыкаў схільны лічыць славянскай.

Да канца 1-га тысячагоддзя н.э. славянскае насельніцтва засяліла амаль усю тэрыторыю Беларусі. Абрад трупаспалення, што бытаваў у 2-й палове 1-га — пачатку 2-га тысячагоддзя ў славянскіх і балцкіх народаў, абмяжоўвае звесткі пра матэрыяльную культуру гэтага часу. Тым не менш наяўны археалагічны матэрыял сведчыць пра паскоранае развіццё вытворчых сіл і існаванне рэгіянальных этнічных асаблівасцей, якія прасочваліся ў комплексе гаспадарчых прылад і інструментаў, у жыллі, адзенні, жаночых упрыгожаннях, пахавальных абрадах. Параўнаўча высокі ўзровень матэрыяльнай культуры абумовіў індывідуалізацыю сельскай гаспадаркі, замену родавай абшчыны суседскай.

У 11 —12 ст. характэрныя для славянскага насельніцтва жытлы — паўзямлянкі і зямлянкі (што, магчыма, было звязана з працэсам асваення краю і ўмовамі паўваеннага становішча) саступілі месца наземным зрубным і зрубна-слупавым пабудовам. У бліжэйшым ад уваходу кутку аднакамернага жылля размяшчаліся курныя глінабітныя печы ці печы каменкі. У 11 — 13 ст. у асноўным склаліся найважнейшыя элементы і структура інтэр'ера хаты, вядомай па этнаграфічных матэрыялах 18 — 19 ст. Людзі сяліліся пераважна паблізу невялікіх рэк з аптымальнымі ўмовамі і распрацоўвалі лясныя ляды, разам з тым пашыралася і папаравая сістэма земляробства ў форме трохполля. Вывучэнне рэштак культурнай флоры паказвае, што яна ўжо ў той час уключала бадай усе віды культурных раслін сучаснага земляробства.

Развіццё матэрыяльнай культуры беларусаў ішло па шляху дыферэнцыяцыі яе структурных кампанентаў на асобныя тыпалагічныя варыянты, якія адпавядалі пэўнаму роду жыццядзейнасці з улікам мясцовых экалагічных і сацыяльна-эканамічных умоў. Характарыстыка матэрыяльнай культуры ўскладнялася саслоўнай градацыяй, сацыяльнымі інтарэсамі, запатрабаваннямі, эстэтычнымі густамі.

Асноўнымі стваральнікамі матэрыяльнай культуры былі беларускія сяляне і рамесны люд. Ва ўмовах патрыярхальнага ладу жыцця кожны сялянскі двор выступаў як самастойны вытворчы калектыў з шырокім дыяпазонам гаспадарчай дзейнасці. Жыццёвыя прыпасы, сельскагаспадарчыя прадукты, тканіны, адзенне, абутак, хатняе начынне, прылады працы, транспартныя сродкі — усё гэта ў пераважнай большасці выраблялася на месцы ўласнымі рукамі. Універсальны характар сялянскай гаспадаркі з’яўляўся перадумовай шырокага развіцця народнага ўмельства, мясцовых самадзейных традыцый у матэрыяльнай культуры.

Рост гарадоў і гандлю садзейнічаў развіццю цэхавых рамёстваў, іх спецыялізацыі і павышэнню грамадскай ролі ў сістэме культуры (гл. Рамёствы і промыслы). У розных рэгіёнах Беларусі склаліся гісторыка-этнаграфічныя асаблівасці, што адлюстроўвалі багацце і варыяцыйную разнастайнасць народнай культуры, яе самадзейны характар і творчыя патэнцыялы (гл. Гісторыка-этнаграфічны рэгіён).

Аўтаномнасць і адносная ізаляцыя ад культуры пануючага класа садзейнічалі развіццю самабытных элементаў і захаванасці ў культуры беларусаў агульнаславянскіх рыс, што прасочваюцца ў этнаграфічным матэрыяле да нашага часу. Прамысловы пераварот і развіццё машыннай індустрыі ўнеслі істотныя змены ў развіццё матэрыяльнай культуры, якая ў многім атрымала стандартызаваныя формы і адлюстроўвае культуру грамадскай вытворчасці. Аднак значэнне машын не толькі ў замене ручной працы, а і ў аслабаненні яе для сапраўднай творчасці.

Матэрыяльная культура ў наш час прадаўжае развівацца ў значнай ступені як заснаваная на ручной працы хатняя вытворчасць, індывідуальная рамесная дзейнасць і дэкаратыўна-прыкладная творчасць (гл. Народныя мастацкія промыслы). Вырабы народнага рамяства з іх глыбокімі традыцыямі былі і застаюцца ўзорамі для развіцця нацыянальных форм прафесійнага мастацтва, прадметы якога ўпрыгожваюць наш паўсядзённы побыт. У апошні час назіраецца адраджэнне на новай сацыяльна-эканамічнай аснове традыцыйных народных промыслаў — узорнага ткацтва, вязання, вышыўкі, пляцення з лазы і саломкі, разьбы па дрэве, мастацкай апрацоўкі металаў (гл. Кавальства) і інш. Асваенне лепшых традыцый народнага рамяства з’яўляецца адным з найважнейшых кірункаў развіцця сучаснай мясцовай прамысловасці.

Аўтар: В.С. Цітоў
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.