МАЗЫРСКАЯ КАФЛЯ – архітэктурна-дэкаратыўная кераміка XV – XVII стст., знойдзеная пры археалагічных раскопках у
Мазыры.
Кафля XV – XVI стст. гаршковая з акруглым, крыжападобным і прамавугольным вусцем. Кафля XV – XVII стст. каробчатая [тэракотавая і паліхромная паліваная (пераважна зялёная паліва)] з рэльефнай вонкавай пласцінай. Каробчатая кафля XVI ст. мае вонкавую пласціну з рэльефным геаметрычным
арнаментам (пукатыя авалы, увагнутыя разеткі, «рыбіна луска») і тоўстую румпу з глыбокай насечкай у выглядзе касой сеткі. XVI ст. датуюцца таксама кафля-«каронка» ў выглядзе чалавечай галавы і фрагмент тэракотавай кафлі з выявай жанчыны ў рэнесансавым уборы. Кафля XVII ст. мае тонкую вонкавую пласціну, аздобленую раслінным або геральдычным арнаментам.