Аўторак, 27.09.2022, 03:51

МАЗЫРСКІ АБ'ЯДНАНЫ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
МАЗЫРСКІ АБ'ЯДНАНЫ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ заснаваны ў г.Мазыр паводле рашэння выканкама Палескага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 18.06.1948 г. як Палескі абласны краязнаўчы музей. Аснову фондаў склалі экспанаты Палескай абласной выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі 1949 года і этнаграфічныя экспанаты, сабраныя ў вобласці. У лютым 1954 г. перайменаваны ў Мазырскі краязнаўчы музей. 15.03.1977 г. музей закрыты, яго дзейнасць зведзена да ўліку і захавання існуючых калекцый. У пачатку 1980-х гт. было праведзена археалагічнае даследаванне Замкавай гары, гістарычнага цэнтра горада, а таксама некаторых аб'ектаў эпохі неаліту, у выніку музейныя фонды папоўніліся новымі прадметамі. У 1984 г. музей зноў пачаў працаваць. У сакавіку 2000 г. перайменаваны ў Мазырскі аб'яднаны краязнаўчы музей. Музеем кіравалі І.В.Гранькоў, АЛ.Пісарчык, А.П.Эльман, А.Р.Бобр і інш. З 1987 дырэктар І.І.Васількова.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 26 218 адзінак захоўвання, дапаможны — 17 911 адзінку. У склад музея ўваходзяць 6 будынкаў агульнай плошчаю 2323 м², з іх экспазіцыйных — 1383 м², выставачных — 384 м², пад захоўванне фондаў — 251 м². Агульная плошча тэрыторыі 0,85 га.

У структуры музея: выставачная зала (дзейнічае з 1984 г.), музей партызанскай славы ў в.Раманаўка (з 1989 г.), музей-майстэрня мастака-кераміста М.М.Пушкара (з 1991 г.), галерэя творчасці У.А.Мінейкі (з 2005 г.), музей народ най культуры Мазыршчыны «Палеская веда» (з 1999 г.), краязнаўчы музей (з 1993 г.) з дэкаратыўна аформленым гістарычным цэнтрам «Мазырскі замак» (з 2005 г.).

Выставачная зала — месца канцэнтрацыі сучаснага мастацкага жыцця рэгіёна. Кожны год тут экспануецца больш за 12 выставак выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, фатаграфіі, твораў народных майстроў: «Фарбы Палесся» (штогод), дзіцячая «Чарнобыль праз 20 год» (2006), арганізаваная па выніках 4-га мастацкага конкурсу дзіцячых малюнкаў «Мазырская палітра», «Радасць жыцця» (2004) да 60-годдзя вызвалення Мазыра ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Асноўная ўвага надаецца папулярызацыі твораў мастацтва мазырскіх аўтараў A. і М. Адосіевых (выстаўка «10 год насуперак», 2001 г.), У.Сідоркіна («Мазыршчына»), Г.Уханава («Мой Мазыр»), С.Малашчука («Узвышанае і зямное», усе 2005 г.). У розныя гады ў выставачнай зале праводзіліся персанальныя выстаўкі твораў мастакоў Беларусі і замежжа Г.Вашчанкі, П.Захарава, А.Ісачова, І.Оркінай, М. і С. Рэрыхаў, С.Федарэнкі і інш. Важнае месца ў экспазіцыі займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Пры выставачнай зале адкрыты мастацкі аддзел «Галерэя творчасці У.А.Мінейкі», дзе прадстаўлены больш за 40 карцін мастака, і музей-майстэрня мастака-кераміста М.М.Пушкара.

Як экспазіцыя аб'яднанага музея дзейнічае, размешчаны сярод лесу, музей партызанскай славы ў в.Раманаўка. У ім захаваліся партызанскія зямлянкі, у будынку музея зберагаюцца дакументы пра дзейнасць партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Мазырскага краю.

Стварэнне музея народнай культуры Мазыршчыны «Палеская веда» — спроба ўзнавіць карціну мінулай эпохі. Галоўную экспазіцыю складае інтэр'ер палескай хаты 19 ст., дзе знаходзяцца ткацкі станок, ручнікі, наміткі з Тураўшчыны, прадметы побыту і прылады працы.

У краязнаўчым музеі дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі «Прырода нашага краю», дзе прадстаўлены чучалы птушак і звяроў Беларусі, і археалагічная, складзеная ў асноўным са знаходак з раскопак на тэрыторыі Мазыршчыны і з прадметаў побыту, перададзеных музею гараджанамі. Сярод шматлікіх экспанатаў заслугоўваюць увагі амфара пачатку 12 ст., фрагменты кафлі з жаночай выявай 15 — 16 ст., недаследаваны старажытны каменны крыж, чарнільны прыбор канца 19 — пачатку 20 ст. Гістарычны цэнтр «Мазырскі замак» уяўляе сабой унікальны музей, які ўключае ўсю ландшафтную зону з архітэктурна-планіровачнай забудовай. На тэрыторыі замка захаваўся падмурак царквы Святога Спаса пачатку 15 ст., студня глыбінёй больш за 70 м. У 3 вежах размясціліся пастаянныя экспазіцыі: «Збройная» з муляжамі зброі Вялікага княства Літоўскага, «Адміністрацыйная» з гістарычнымі атрыбутамі гарадской улады (пячатка, гербы) і «Паляўнічая», дзе прадстаўлены рыштунак палескага паляўнічага і яго трафеі.

У дні святаў на тэрыторыі замка арганізоўваюцца выстаўкі пад агульнай назвай «Рамесніцкая Слабада запрашае», дзе дэманструюцца вырабы ўмельцаў Цэнтра рамёстваў рускія самавары, фотавыстаўкі садова-паркавай скульптуры, выстаўкі ручнікоў (з фондаў музея), карцін на бяросце і інш.

Адрас: 247760, г.Мазыр, вул.Гара Камунараў, 3
Тэл.: +375-2351-24-662; +375-2351-25-222 (факс)

Аўтар: І.І.Васількова.
Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў, Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [177]
Адукацыя [27]
Спорт [1200]
Здарэнні [366]
Грамадства [349]
Эканоміка [22]
Транспарт [120]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [17]
Каляндар
«  Верасень 2022  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.