МЕДАЛЬЁН (франц. medaillon ад італьян. medaglione, павелічальнае ад medaglia медаль) — 1) выяўленчая ці
арнаментальная кампазіцыя (ляпны або разны рэльеф, размалёўка, мазаіка) у авальным ці круглым абрамленні. Выкарыстоўваецца для аздаблення будынкаў, мэблі і інш. У беларускай архітэктуры XVIII ст. — пачатка XX стст. вядомы з расліннымі і антрапаморфнымі матывамі ў сядзібах і палацах у в.Мосар Глыбоцкага, Свяцк Гродзенскага, Пагародна Воранаўскага раёнаў, у культавых будынках (размалёўкі на рэлігійныя сюжэты ў інтэр'еры Нясвіжскага касцёла езуітаў) і інш. У сучаснай архітэктуры (выявы галубоў з аліўкавай галінкай) выкарыстаныя ў аздабленні жылых будынкаў на плошчы Перамогі ў Мінску (1950-1956);
2) ювелірнае ўпрыгожанне (нярэдка ў выглядзе авальнай ці круглай плоскай каробачкі, футарала на ланцужку), якое служыць для захоўвання мініяцюрнага партрэта ці рэліквіі. Носіцца звычайна на шыі.