Пятніца, 29.03.2024, 16:34

МІЦКЕВІЧА АДАМА ДОМ-МУЗЕЙ

Галоўная »
МІЦКЕВІЧА АДАМА ДОМ-МУЗЕЙ заснаваны ў г.Навагрудак па ініцыятыве добраахвотнага навуковага таварыства «Міцкевічаўскі камітэт». Адкрыты 11.09.1938 г. у будынку, дзе жылі бацькі паэта А.Міцкевіча. Паводле пастановы Савета Народных Камісараў БССР ад 03.12.1940 г. Дом-музей быў узяты пад ахову дзяржавы. У чэрвені 1941 г. разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Адноўлены і адкрыты 26.11.1955 г. да 100-годдзя з дня смерці А.Міцкевіча. У 1989-90 гг. рэканструяваны: будынку нададзены выгляд пачатку 19 ст., пабудаваны флігель, які злучаны з асноўным будынкам падземным пераходам, свіран, студня, альтанка. У 1992 — 2001 гг. дзейнічала экспазіцыя, у якой, акрамя ўласных, на ўмовах дэпазіту знаходзіліся 152 экспанаты з музеяў Польшчы. Сучасная экспазіцыя дзейнічае з 25.05.2001 г. Музеем кіравалі Г.Ф. Сокал-Кутылоўскі, Л.У. Усэнка, Г.А. Кучман і інш. З 2000 г. дырэктар М.П.Гайба.

Калекцыя музея (2008) налічвае 7614 адзінкі захоўвання, з іх асноўнага фонду — 5668 адзінак, у т.л. 9 прыжыццёвых выданняў А.Міцкевіча, 120 старадрукаў. Агульная плошча будынкаў музея 659 м², з іх экспазіцыйная — 215 м², выставачная — 90 м².

Экспазіцыя размешчана ў 5 залах і выставачнай галерэі.

У 1-й зале прадстаўлены матэрыялы пра сям'ю А.Міцкевіча (дакументы, партрэты бацькоў, братоў), знаходкі з археалагічных раскопак на радзіме паэта ў в.Завоссе Баранавіцкага раёна, падручнікі для павятовых школ, сярод якіх падручнік па матэматыцы 1772 г.

Экспазіцыя 2-й залы звязана з бацькам А.Міцкевіча і яго адвакацкай практыкай. Сярод экспанатаў: пратаколы судовых пасяджэнняў, кішэнны гадзіннік, падсвечнік, чарнільны прыбор, шафы пачатку 19 ст., дзе захоўваюцца юрыдычная літаратура і кнігі, выдадзеныя да 1812 г., у т.л. «Біблія» на французскай мове 1775 г. Асобны раздзел прысвечаны паўстанню пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі 1794 г.

У 3-й зале (былая гасцёўня) экспануюцца мэбля 19 ст., фарфоравы і фаянсавы посуд канца 18 — пачатку 19 ст., настольны гадзіннік канца 18 ст., які знаходзіўся ў 1822 г. у пакоі А.Міцкевіча ў Вільні, матэрыялы пра вучобу паэта ў Віленскім універсітэце і пачатак яго творчасці.

Экспазіцыя 4-й залы прысвечана знаходжанню А.Міцкевіча ў Расіі. Тут захоўваюцца копіі кніг А.Міцкевіча, выдадзеных у Расіі і іншых краінах, копіі партрэтаў «А.Міцкевіч» Ю.Аляшкевіча і «А.Міцкевіч на гары Аю-Даг» В.Ваньковіча, партрэты рускіх паэтаў і пісьменнікаў, якія захапляліся творчасцю А.Міцкевіча, раяль і мэбля 19 ст.

Перыяд знаходжання А.Міцкевіча ў Германіі, Швейцарыі, Італіі, Францыі прадстаўлены матэрыяламі экспазіцыі 5-й залы. Сярод экспанатаў: партрэты жонкі і дзяцей пісьменніка, І.Гётэ, Ф.Шапэна, Н.Орды, М.Агінскага і інш., копія першага выдання паэмы «Пан Тадэвуш», дакументы пра апошнія дні А.Міцкевіча, бронзавая мадэль помніка (1909-29 гг.) паэту ў Парыжы, набытая музеем у 1937 г. ва ўдавы скульптара Э.Бурдэля.

У выставачнай галерэі штогод праходзяць каля 10 выставак. Дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі: этнаграфічная «Малюнкі сельскага жыцця»; «Свет кухні Міцкевічаў», дзе экспануецца керамічны посуд 19 ст.; «Паэма «Пан Тадэвуш» — праз гады і народы», на якой прадстаўлены ўсе выданні твора, пачынаючы з сярэдзіны 19 ст.

Адрас: 231400, г.Навагрудак, вул.Леніна, д.1
Тэл.: +375-1597-232-67, +375-1597-232-67, +375-1597-242-43, +375-1597-243-40
Сайт: http://mickiewicz-museum.narod.ru/

Крыніца: Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г.П. Пашкоў,
Л.В. Календа, М.Г. Нікіцін]. - Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. - 559 с.

Аўтар: М.П. Гайба
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.