Чацвер, 25.04.2024, 14:21

МІФАЛОГІЯ

Галоўная »
МІФАЛОГІЯ (грэч. mythologia ад mythos паданне + logos слова, вучэнне) — сукупнасць міфаў, паданняў пра аб’екты жывой і нежывой прыроды, чалавека і грамадства, якія ўзнікалі ў свядомасці людзей у першабытным грамадстве і несвядома-мастацкім спосабам адлюстроўвалі іх уяўленні пра навакольны свет у выглядзе багоў, дэманічных істот; навука пра міфы.

Міфалогія замацоўвае характэрнае для першабытнай культуры сінкрэтычнае адзінства мастацкай творчасці, рэлігіі і першапачатковых рэальных уяўленняў пра навакольны свет. «У дні свайго дзяцінства, ...голымі рукамі змагаючыся з прыродай, у страху, здзіўленні і захапленні перад ёю, [народ] стварае рэлігію, якая была яго паэзіяй і змяшчала ў сабе ўсю суму яго ведаў пра сілы прыроды, увесь вопыт...» (Горкі М. 36. тв.: У 30 т. Т. 24. М., 1953. С. 26).

Для міфалогіі характэрна наіўнае адухаўленне навакольнай прыроды, яе аб’ектаў і стыхій, якое адбываецца на аснове знешніх прыкмет або выкліканых імі эмацыянальных пачуццяў. У міфах чалавек імкнуўся растлумачыць і ўпарадкаваць навакольны свет.

Міфалогія ўключае міфы этыялагічныя (пра паходжанне і ўласцівасці аб’ектаў і з’яў прыроды), антрапагенічныя (пра паходжанне чалавека), этнагенічныя (пра паходжанне роду і яго інстытутаў, асобных народаў), касмаганічныя (пра ўзнікненне сусвету), тэаганічныя (пра багоў) і інш.

Міфалогія, звязаная з гаспадарчай дзейнасцю чалавека, памагала замацоўваць і перадаваць праз пакаленні практычныя навыкі (здабыванне агню, выраб ганчарнага і іншага посуду, выплаўка металаў).

У міфалогіі народаў звязаных генетычна, напрыклад індаеўрапейскіх, шмат агульных сюжэтаў, падобных па функцыях і іншых характарыстыках міфалагічных вобразаў (старажытна-грэчаскі бог Зеўс, рымскі Юпітэр, славянскі Пярун, балцкі Пяркунас і інш.).

На Беларусі найбольш вядомыя этыялагічныя міфы: пра дрэвы (бярозу, рабіну, явар, дуб, каліну), пра кветкі (браткі або травіцу брат-сястрыца, зязюльчыны слёзы, папараць-кветку), пра птушак (зязюлю, бусла, ластаўку, салаўя, дзятла, варону), пра паходжанне асобных азёр, рэк, балот, узгоркаў (курганоў) і інш. Характэрнымі ўзорамі міфаў пра мінулае беларускага народа, яго паходжанне з'яўляюцца міфалагічныя паданні пра волатаў і курганы-валатоўкі. Паступова міфалагічныя паданні пра старажытных багоў відазмяніліся пад уплывам хрысціянскай рэлігіі (замест Перуна Ілья-прарок), аднак асобныя міфы пра язычніцкіх багоў сустракаюцца ў абрадавым фальклоры і ў саміх абрадах (паданні пра «перуновы стрэлы», абрад «Стралы» і інш.). Значна паўней захаваліся паданні пра дэманічных істот: русалак, лесавікоў, палевікоў, дамавікоў (гл. Дэманалогія). Элементы міфалагічных уяўленняў зберагліся ў казках, баладах, замовах, валачобных, купальскіх, вясельных песнях, пахавальных галашэннях (гл. Міфалагічныя вобразы ў беларускім фальклоры).

Аўтар: Л.М. Салавей
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.