Серада, 24.04.2024, 21:23

МІГРАЦЫЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

Галоўная »
МІГРАЦЫЯ НАСЕЛЬНІЦТВА (лац. migratio ад migro пераходжу, перасяляюся) — тэрытарыяльнае перамяшчэнне людзей (мігрантаў), звязанае з пераменай месца жыхарства. Гэта складаны грамадскі працэс, які закранае ўсе бакі сацыяльна-эканамічнага жыцця. Побач з тэрмінам міграцыя насельніцтва ўжываюць тэрміны: механічны рух насельніцтва, перасяленне насельніцтва, пераразмеркаванне насельніцтва і працоўных рэсурсаў. Паводле тэрмінаў перамяшчэння міграцыя бывае пастаяннай, ці незваротнай (з канчатковай пераменай пастаяннага месца жыхарства), часовай, ці зваротнай (перасяленне на дастаткова працяглы, але абмежаваны тэрмін), якая ўключае сезонную (пераезды на працу ў пэўныя перыяды года) і маятнікавую (штодзённыя ці штотыднёвыя паездкі на працу ці вучобу за межы месца жыхарства). Паводле тэрытарыяльных і геаграфічных прыкметаў выдзяляюць знешнюю і ўнутраную.

Знешняя, звязаная з перасячэннем дзяржаўнай мяжы, атрымала назву міжнародная міграцыя нассльніцтва. Яна падзяляецца на эміграцыю (перасяленне ў іншую краіну на пастаяннае ці часовае месца жыхарства) і іміграцыю (усяленне ў краіну на пастаяннае ці часовае месца жыхарства). Ва ўнутранай міграцыі адрозніваюць плыні ўнутры- і міжабласныя, унутры- і міжраённыя. Асноўны кірунак міграцыяў — з сельскай мясцовасці ў гарады. З развіццём урбанізацыі павышаецца значнасць і міжгарадскіх перамяшчэнняў насельніцтва.

У этнаграфічным плане вылучаюдь міграцыю ў межах уласна этнічнай тэрыторыі і міграцыю ў іншаэтнічнае асяроддзе. У другім выпадку ў мігрантаў мяняюцца не толькі сацыяльна-эканамічныя, але моўныя і культурныя сувязі з навакольным насельніцтвам.

Міграцыя насельніцтва спрыяе пашырэнню зносінаў паміж людзьмі, разбурэнню міжэтнічных бар'ераў, развіццю этнічных працэсаў; этнічныя працэсы ў значнай меры вызначаюць інтэнсіўнасць і напрамак перамяшчэння насельніцтва.

Міграцыйны працэс складаецца з трох стадыяў: падрыхтоўчая (т.зв. патэнцыйная міграцыя), асноўная (уласна псрасяленне насельніцтва) і заключная (прыжывальнасць, адаптацыя мігрантаў). На працэс уплывае цэлы комплекс фактараў, інтэнсіўнасць якіх розная для розных раёнаў, часоў і групаў насельніцтва. Асаблівае значэнне маюць этнічныя фактары. Кожны мігрант прадстаўляе пэўную нацыянальнасць, з'яўляецца носьбітам яе мовы, псіхалогіі, самасвядомасці, культуры. Таму міграцыя народаў аказвае істотны ўплыў на духоўныя каштоўнасці этнічных супольнасцяў. Удзел розных народаў у міграцыйных працэсах неаднолькавы. Паводле міграцыйнай актыўнасці ў часы СССР (1979 г.) беларусы займалі 4-е месца, саступаючы рускім, літоўцам, казахам. Этнічны фактар можа запаволіць ці паскорыць працэс міграцыі. На яе ўздзейнічаюць дэмаграфічныя, прыродныя, культурныя, маральныя, сацыяльна-псіхалагічныя, палітычныя, ваенныя і іншыя фактары.

Варта адзначыць, што ў СССР асноўнымі формамі міграцыі былі арганізаваная (аргнабор, грамадскі прызыў, перавод з аднаго месца працы на другое, планавае перасяленне, размеркаванне пасля заканчэння вучобы) і індывідуальная. Найбольш актыўна абмен насельніцтвам ішоў паміж БССР і РСФСР, УССР, Казахскай ССР, Літоўскай ССР, Латвійскай ССР. Адмоўны баланс міграцыі назіраўся з рэспублікамі Прыбалтыкі, паўднёва-заходнімі і цэнтральнымі раёнамі РСФСР, паўднёвымі раёнамі УССР, дадатны баланс з Казахстанам.

У Беларусі да 1917 г. міграцыя была выкліканая аграрным перанасяленнем. Беззямельныя сяляне ў пошуках працы, т.зв. вольнай або таннай зямлі ехалі ў Сібір, цэнтральныя раёны Расіі і за межы імперыі (у асноўным у 3ШA і Канаду). Толькі за 20 гадоў перад 1917 г. з Беларусі ва ўсходнія раёны Расіі перасялілася 520 тыс. сялянаў. За 1895 — 1914 гг. за мяжу выехала каля 100 тыс. чалавек. Перасяленні з вёскі ў горад у гэты перыяд былі невялікія з-за слабага развіцця прамысловасці. Пасля 1917 г. змяніліся сацыяльныя абставіны ў краіне, што паўплывала на дэмаграфічныя, у т.л. міграцыйныя працэсы. Да пачатку 1930-х гг. на іх адбіваліся эканамічная адсталасць і аграрная перанаселенасць, што засталіся ў спадчыну ад царскай Расіі. У перадваенныя гады значна вырасла колькасць гарадскога насельніцтва. З 1926 па 1939 гг. удзельная вага яго павялічылася на 8 % і склала 25 % ад усяго насельніцтва БССР. У гэты перыяд побач з пашырэннем унутрырэспубліканскіх міграцыяў адбываліся значныя маштабы міжрэспубліканскіх міграцыяў — адток насельніцтва ў іншыя савецкія рэспублікі. Вялікія міграцыйныя зрухі адбыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Толькі ва ўсходнія рэгіёны СССР з БССР было эвакуявана 1 500 тыс. чалавек. За час акупацыі каля 380 тыс. жыхароў Беларусі фашысты прымусова вывезлі на катаржныя працы ў Германію. Больш 1 100 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі змагаліся на франтах вайны. Пасля вызвалення Беларусі значная частка эвакуяванага насельніцтва вярнулася ў рэспубліку. Нягледзячы на вялікія страты насельніцтва БССР у пасляваенныя гады аказала дапамогу спецыялістамі і рабочымі ў прамысловым і сельскагаспадарчым асваенні Сібіры, Казахстана і іншых рэгіёнаў СССР. За 1950 — 1965 гг. адмоўнае сальда міграцыі з рэспублікі склала больш 1 млн. чалавек.

З 1965 г. высокія тэмпы эканамічнага развіцця Беларусі, рост прамысловага патэнцыялу паскорылі ўрбанізацыю і звязаныя з ёю перамяшчэнні сельскага насельніцтва ў гарады. За 1970 — 1979 гг. у Беларусі гарадское насельніцтва павялічылася на 1 355 тыс. чалавек, г.зн. на 12 %.

Індустрыялізацыя, урбанізацыя вёскі ўзмацняюць рухомасць сельскага насельніцтва. Кожны чацвёрты вясковец напрыканцы XX ст. жыў у месцы пастаяннага жыхарства не з дня нараджэння, г.зн. ён мігрант. Часцей гэта вынік абмену паміж сельскімі мясцовасцямі Беларусі. У гэты час намеціўся і працэс міграцыі з гарадоў у буйныя вёскі з развітымі аграпрамысловым комплексам і сацыяльна-культурнай інфраструктурай. Апошнім часам таксама сталі ўсё часцейшымі выпадкі, калі гарадскія жыхары пераязджаюць на жыхарства (сталае або сезоннае) у сельскую мясцовасць, застаючыся працаваць у горадзе, аддаючы дзяцей у гарадскія садкі і школы.

Крыніцы: «Краязнаўчая газета» № 3 (452), студзень 2013 г.;
«Краязнаўчая газета» № 4 (453) студзень 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.