МІКЕЛЕШЧЫНАЎСКІ КАСЦЁЛ НАВЕДЗІНАЎ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІГалоўная »
МІКЕЛЕШЧЫНАЎСКІ КАСЦЁЛ НАВЕДЗІНАЎ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ размяшчаецца каля могілак на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі Мікелеўшчына Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1823 г. з цэглы па фундацыі Багуміла Бутаўт-Андрэйковіча.
Помнік архітэктуры класіцызму. Вырашаны прамавугольным у плане аб'ёмам пад двухсхільным дахам. Фасад крапаваны лапаткамі і завершаны прамавугольным атыкам, над якім узведзена чатырохгранная званіца пад сферычным купалам са шпілем. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі.
Інтэр'ер пакрыты фрэскавай размалёўкай — архітэктурным карнізам з анёламі (верхняя частка сцен), кесонамі з разеткамі і медальёнамі з выявамі евангелістаў на столі.
Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.
|