МІКОЛА — старадаўняе каляндарна-
абрадавае свята. Вядомы два Міколы: веснавы, або цёплы (святкавалася 9 мая с.ст.) і зімовы (6 снежня с.ст.), т.зв. мікольшчына.
Паводле народных вераванняў, Мікола выступае заступнікам земляроба, клапоціцца пра ўраджай. Ён ходзіць па лясах, аглядае пасевы, папраўляе іх пасля зімы: «дзе вымакла — там падсушыць, дзе высахла — там падмочыць».
На веснавога Міколу ўпершыню пасля зімы выводзілі коней на начлег. Пры гэтым начлежнікі ладзілі балёк і рабілі розныя магічныя захады, накіраваныя на забеспячэнне конскага статку ад псавання. Пастухам-начлежнікам належала ўсю ноч з 8-га на 9-е мая не спаць, пільнаваць, каб злыя сілы (ведзьмакі) не ўчынілі коням якой-небудзь шкоды. Лічылася, калі на Міколу жывёла наесца ў полі дасыта, то травы хопіць ёй і на ўсё лета. У старажытнасці напярэдадні веснавога Міколы адзначаўся прысвятак Міколін бацька.
Царква прымеркавала да старажытнай, земляробчай у сваёй аснове ўрачыстасці, свята ў гонар Міколы-цудатворца.