Чацвер, 25.04.2024, 20:13

МІНІЯЦЮРА

Галоўная »
МІНІЯЦЮРА (франц. iniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі) — мастацкі твор малых памераў.

Адну з асноўных галінаў мастацтва мініяцюры складае кніжная — зробленыя ад рукі малюнкі, шматколерныя ілюстрацыі гуашшу, клеявымі, акварэльнымі і іншымі фарбамі ў рукапісных кнігах, а таксама выяўленча-дэкаратыўныя элементы афармленyя гэтых кніг — ініцыялы, застаўкі і інш. На нашых землях аздабленне вядомае ўжо ў X — XIII стст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Тураўскага, Аршанскага Евангелляў, Хутынскага служэбніка). У XIV ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найбольш выразны ў ініцыялах Мсціжскага Евангелля, Полацкім Евангеллі (ХІІІ — XIV стст.), Анежскім псалтыры (1395).

У 2-й палове XIV — XVI стст. у беларускай мініяцюры ўзмацніўся заходнееўрапейскі ўплыў: праніклі свецкія сюжэты, гістарычныя і побытавыя сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае Евангеллі, Радзівілаўскі летапіс). У XVII — XVIII стст. на мініяцюру ўплывала гравюра друкаваных кніг.

Вядомыя імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Наваградка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска. У цэлым для беларускай мініяцюры характэрныя жыццёвасць і экспрэсія вобразаў, стрыманы дэкор, сакавітасць каларыту, жанравы характар ініцыялаў.

У жывапісе мініяцюры вызначаюцца асабліва тонкай манерай накладання фарбаў. У XVIII — XIX стст. мініяцюрныя партрэты, выкананыя на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры, часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах. Зберагліся мініяцюрныя партрэты Пятра I, рускіх імператрыцаў Ганны Іаанаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. У Беларусі ў лакавай мініяцюры можна назваць майстроў Г. і А. Осіпавых, В. і А.Ражковых.

У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. Мініяцюра, асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напрыклад, у Максіма Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных мініяцюрах: лірычных замалёўках, абразках, паэтычных рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Янкі Брыля, Ф.Янкоўскага). Эмацыйны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напрыклад, у А.Карпюка). Такія мініяцюры маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя мініяцюры — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2 — 6 радкоў. Сустракаюцца ў Максіма Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы-Мірскага, А.Разанава і інш. Да мініяцюраў адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная мініяцюра — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатырычны твор, у якім дзейнічаюць 2 — 3 персанажы.

У музыцы — музычная п’еса, найчасцей для фартэпіяна, а таксама іншых музычных інструментаў, для камерных ансамбляў, аркестраў і інш. Характэрныя рысы — малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя формы), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’есаў у цыклы. У беларускіх кампазітараў шырока прадстаўленая ў сферы інструментальнай, вакальнай, харавой, аркестровай і камернай музыкі: фартэпіянная прэлюдыя «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, цыкл «24 прэлюдыі» П.Падкавырава, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Дзягцярыка, I.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш. Музычная мініяцюра нярэдка імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Фрэскі» Абеліёвіча, «Эцюды-карцінкі» Тырманд, «Музычныя карцінкі» Вагнера, «Акварэлі» Для віяланчэлі К.Цесакова, «Замалёўкі» для балалайкі з фартэпіяна Шлег і інш.).

У тэатры, цырку, на эстрадзе — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэаграфічная ці музычная сцэнка, эстрадная або клоўнская рэпрыза і інш.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 7 (456), люты 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.