Чацвер, 25.04.2024, 22:40

МІР

Галоўная »
МІР — гарадскі пасёлак у Карэліцкім раёне, на р.Міранка. За 26 км ад Карэлічаў, 17 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея на лініі МінскБаранавічы, на аўтадарозе Мінск — Навагрудак.

Мір
Герб

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў 1395 г., калі крыжакі захапілі і разрабавалі паселішча. Уваходзіў у Наваградскае ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Належаў магнатам Ільінічам, Радзівілам, з 1589 г. у Нясвіжскай ардынацыі.

З XV ст. вядомы вырабамі мірскай кафлі і мірскай керамікі. У 1579 г. атрымаў няпоўнае магдэбургскае права. У XVI ст. пабудаваны Мірскі замак, на рыначнай плошчы гандлёвыя рады, Траецкая царква, у 1599 — 1605 гг. — Мікалаеўскі касцёл.

У XVII — XVIII стст. — буйны гандлёвы цэнтр. У 2-й палове XVII ст. 478 двароў. Асноўная тэрыторыя горада была абнесеная абарончым валам з вежамі-брамамі, што ахоўвалі праезды на важнейшыя дарогі(Менскую, Слонімскую, Віленскую). У XVII ст. на паўднёвым захадзе ад замка закладзены парк, дзе ў пачатку XX ст. пабудаваная капліца. У руска-польскую вайну 1654 — 1667 гг. у верасні 1655 г. узяты рускімі войскамі, часткова спалены. У Паўночную вайну 1700 — 1721 гг. у 1706 г. захоплены шведскімі войскамі. У 2-й палове XVII ст. у Міры 3 мануфактуры; у канцы XVII — сярэдзіне XVIII ст. на ткацкай мануфактуры выраблялі мірскія шпалеры.

У канцы XVIII ст. 418 дамоў. Буйны цэнтр яўрэйскай і цыганскай культураў (адзін час тут жыў цыганскі барон). З 1795 г. у складзе Расійскай Імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Наваградскага павета. З 1828 г. у валоданні князёў Вітгенштэйнаў.

У канцы XIX ст. у Міры блізу 280 двароў, 5401 жыхар (1897), мужчынскае і жаночае сельскія вучылішчы, 2 царквы, паштовая станцыя, 76 крамаў, на год праводзіліся 3 кірмашы. З 1921 па 1939 гг. у складзе Рэчы Паспалітай, з верасня 1939 г. — у БССР; з 1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёна. У Вялікую Айчынную вайну з 26 чэрвеня 1941 па 7 ліпеня 1944 г. акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Мірскі замак
Мірскі замак

Мірскі замак пачаў будаваць Юрый Ільініч у пачатку XVI ст., скончаная пабудова ў 1-й палове XVII ст. Перабудоўваўся пры Мікалаю Радзівілу Сіротку. Пачатак заняпаду прыпадае на канец XVIII ст.; пад час вайны 1812 г. замак спалены, у паўночна-ўсходняй вежы быў падарваны парахавы склад. Рамонтныя працы праводзілі Вітгенштэйны і Святаполк-Мірскія (другая палова XIX — пачатак XX ст.).

Пад час Вялікай Айчыннай вайны ў 1942 г. знаходзілася гета (1800 чалавек). Вязні стварылі групу супраціву, быў пабег больш чым 250 чалавек. Астатнія расстраляныя акупантамі.

З 1944 па 1962 гг.у замку былі кватэры для мясцовых жыхароў, чые хаты разбураныя вайною. Рэстаўрацыя замка пачалася ў 1983 г.; у 2000 г. уключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Працуе музей «Замкавы комплекс "Мір"».

Мір
Троіцкая царква

Мір
Мікалаеўскі касцёл

Мірская капліца
Мірская капліца

Да нашых дзён захаваліся Мірскі замак, Царква Святой Троіцы (пабудаваная паміж 1533 — 1550 гг., пасля пажару 1865 г. перабудаваная ў псеўдарускім стылі), Мікалаеўскі касцёл (пабудаваны ў 1599 — 1605 гг., адноўлены ў 1710 г., у 1865 г. прыстасаваны пад царкву, пазней — пад калгасны склад), парк, Мірская капліца (пабудаваная ў 1904 г. у стылі «мадэрн» як пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх). На магілах ахвяраў фашызму і на брацкай магіле воінаў і партызанаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, усталяваныя помнікі. Радзіма драматычнага акцёра, народнага артыста СССР А.Ільінскага (1903-1967).

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 17 (466) красавік 2013 г.;
«Краязнаўчая газета» № 18 (467) красавік 2013 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.