Чацвер, 25.04.2024, 01:13

МЁРЫ, Міёры

Галоўная »
МЁРЫ, Міёрыгорад, цэнтр Мёрскага раёна. Вядомы таксама як паселішча Міры, Меры. Знаходзіцца на беразе Мёрскага возера і ракі Мёрыцы (іншая назва Мерыца). За 190 км на паўночны захад ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Друя — Варапаева. Аўтадарогамі злучаны з Дзісной, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай.

Мёры, Міёры
Мёры, Міёры

У пісьмовых крыніцах упамінаюцца пад 1514 г. як маёнтак Мярэя Браслаўскага павета Вялікага княства Літоўскага. Як маёнтак Мёры (назва ўжывалася да XIX ст., потым пачала ўкараняцца транслітэраваная спаланізаваная назва Міёры), называюцца ў вопісе войска BKЛ 1567 г. Пад 1612 г. у тэстаменце Януша Пуцяты, маршалка Браслаўскага павета, згадваюцца Міры.

Існуе некалькі меркаванняў наконт паходжання тапоніма «Мёры». В.Жучкевіч мяркуе, што тапонім мае патранімічнае паходжанне ад прозвішча «Маер», «Меер», «Маераў». Р.Аўчыннікава тлумачыць назву ад фіна-вугорскага гідранімічнага фарманта «jarvi» (возера). Некаторыя навукоўцы звязваюць назву з племем «мера» або з князямі Мірскімі. Існуе шэраг народных паданняў. Адно тлумачыць тапонім вялікім «морам», ад якога памёрла ўсё насельніцтва мясціны (Мёры — ад словаў «мерці, памерці»). Іншая легенда звязвае назву паселішча з канавай «Мерыца», што пазначала мяжу паміж двума ваяўнічымі княствамі. Апроч гэтага, існуе згадка, што людзі жылі тут доўгі час грамадою, якая называлася «мір», — адкуль нібыта пайшла назва Міры. Таксама існуе паданне пра князя Меру і ягоную жонку Мерыцу.

Царква закладзеная ў 1621 г. З 1644 г. існаваў праваслаўны манастыр, які ў 1690 г. М.Мірскі падараваў уніятам. У 1691 г. пабудаваны касцёл (дзейнічаў да 1862 г.). У XVIII ст. існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры, належалі Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зіновічам, Пуцятам.

У 1793 г. Мёры адышлі да Расійскай імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага павета Мінскай, а з 1842 г. Віленскай губерняў. У 1866 г. адкрытая народная школа. У 1886 г. насельніцтва мястэчка складала 110 жыхароў. Былі 2 школы, 3 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У 1903 г. ў Мёрах 145 жыхароў, вучылішча, царкоўна-прыходская школа.

У 1918 г. Мёры акупавалі германскія войскі, у 1919 — 1920 гг. мястэчка занятае польскімі войскамі. У 1921 г. Мёры як цэнтр гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства адышлі да Польшчы. У 1927 г. тут 422 жыхары. Былі крама, аптэка, працавалі 2 млыны, да 1931 г. дзейнічала запалкавая фабрыка. Увосень 1939 г. далучаныя да БССР. З 15 студзеня 1940 г. — цэнтр Мёрскага раёна Вілейскай вобласці.

З чэрвеня .1941 г. па 4 ліпеня 1944 г. акупаваныя нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За гэты час акупанты знішчылі 662 чалавекі.

У 1944 г. Мёры ўключаныя ў Полацкую, а ў 1954 г. — у Маладзечанскую вобласці. З 1960 г. у складзе Віцебскай вобласці. 7 жніўня 1957 г. Мёрам нададзены статус гарадскога пасёлка. У 1959 г. у ім было 1,9 тыс., а ў 1970 г. — 5,7 тыс. жыхароў. 7 жніўня 1972 г. нададзены статус горада. На 2003 г. у Мёрах было 9,1 тыс. жыхароў, у 2010 г. — 8,1 тыс. чалавек, на 1 студзеня 2012 г. — 8 086 чалавек.

У Мёрах дзейнічаюць 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, 2 бібліятэкі, раённы гісторыка-этнаграфічны музей. У СШ № 3 працуюць краязнаўчы музей і Музей кнігі (створаныя археолага-краязнаўчым гуртком «Арганаўты мінулага» і іх кіраўніком настаўнікам гісторыі Вітольдам Антонавічам Ермалёнкам). З 2001 г. у горадзе праводзіцца абласны тур рэспубліканскага фэсту нацыянальных культураў «Нас з'яднала зямля Беларусі».

Мёры, Міёры
Успенскі касцёл

З помнікаў архітэктуры захаваўся Успенскі касцёл, пабудаваны ў 1907 г. на месцы драўлянай капліцы ў стылі несапраўднай готыкі, і фрагменты забудовы канца XIX — пачатку XX стст. Ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў, помнікі Вызвалення і памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Крыніцы: Краязнаўчая газета № 1 (450), студзень 2013 года;
Краязнаўчая газета № 2 (450), студзень 2013 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.