Субота, 20.04.2024, 08:40

НАРАЧ

Галоўная »
НАРАЧ — найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, у басейне р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на вышыні 165 м. Плошча 79,6 км², даўжыня 12,8 км, найбольшая шырыня 9,8 км, найбольшая глыбіня 24,8 м, даўжыня берагавой лініі 41 км. Аб'ём вады 710 млн. м³. Плошчаю вадазбору 199 км².



Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нацыянальны парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на поўначы і паўночным усходзе вышынёю 45 — 50 м, утвораны адгор'ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На поўдзень да возера прымыкае больш спадзістая Паўднёва-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (вышынёю да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На поўначы і паўночным усходзе абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (вышынёю 2 — 11 м). Каля паўночна-ўсходняга берага востраў (плошча 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вялікага крахаля — ахоўны від).

Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на ўсходзе больш складанай будовы (нахіл 5 — 6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыбінёю да 2 м займае 17 % плошчы возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная частка выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Нарач на паўночна-заходні Малы плёс (глыбіня да 18 м) і паўднёва-ўсходні Вялікі плёс (глыбіня 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снежань — красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, максімальная да 90 см.

Максімальная тэмпература прыпаверхневага слоя вады 22 °С у канцы ліпеня — пачатку жніўня. Зімовыя тэмпературы ў тоўшчы вады 2,5 °С. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7 — 9 м, колернасць 5 — 7°. Мезатрофнае.

Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з возера Мястра, выцякае р. Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асноўную частку расходу вады (56 %) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысловае зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. 3 1946 г. вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ).

На берагах курорт Нарач, біялагічныя заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўднёва-ўсходнім беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геалагічнае агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Нарачы: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.

Аўтар: З.І. Гарэлышава, Ю.М. Емяльянаў
Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя"
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.