Чацвер, 25.04.2024, 02:58

НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ, народнае мастацтва

Галоўная »
НАРОДНАЯ ТВОРЧАСЦЬ, народнае мастацтва — калектыўная мастацкая дзейнасць, якая ствараецца народам і бытуе ў народных масах, адлюстроўвае яго жыццё, погляды, ідэалы. Уключае ўсе віды непрафесійнага мастацтва: народную паэтычную творчасць (фальклор), народную музыку, народны тэатр, народны танец, народнае дойлідства, народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, самадзейнае мастацтва, самадзейнае мастацтва музычнае і інш.

Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці, з'яўляецца асновай сусветнай мастацкай культуры. У народнай творчасці — вытокі прафесійнага мастацтва. На працягу развіцця народная творчасць таксама адчувала ўплывы прафесійнай мастацкай культуры, перапрацоўвала і дапасоўвала яе дасягненні ў адпаведнасці з мясцовымі густамі і патрабаваннямі. Характэрная рыса народнай творчасці — калектыўнасць: творы асобных майстроў пастаянна ўдасканальваюцца калектывам, што спрыяе ўзнікненню і развіццю традыцый, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Нароўні з калектыўнасцю выканання ёй уласціва імправізацыйнасць, таму замацаваныя шматвяковым адборам традыцыі зазнаюць пастаянныя, але толькі частковыя спецыфічныя змены. У народнай творчасці стваральнікі твора адначасова з'яўляюцца яго выканаўцамі, а выкананне ў сваю чаргу можа стаць тым варыянтам, што ўзбагачае традыцыю; важную ролю адыгрывае таксама цесны кантакт выканаўцаў з рэцыпіентамі мастацтва (гледачамі, слухачамі), якія часта могуць выступаць удзельнікамі творчага працэсу. Адметная рыса народнай творчасці — яе сінкрэтызм, высокамастацкае адзінства яе відаў: у народна абрадавых дзействах зліваліся паэзія, музыка, танец, тэатр, дэкаратыўнае мастацтва; у народным жыллі непадзельнае цэлае стваралі архітэктура, разьба, размалёўка, кераміка, вышыўка і інш.; народная паэзія цесна звязана з музыкай. Вывучаюць народную творчасць фалькларысты, этнографы, мастацтвазнаўцы.

На Беларусі народная творчасць узнікла на агульнай усходне-славянскай глебе, але выпрацавала свае адметныя нацыянальныя рысы. На змест і форму беларускай народнай творчасці ўплывалі гісторыка-эканамічныя, сацыяльна-палітычныя, прыродна-кліматычныя ўмовы, моўныя, псіхалагічныя і іншыя асаблівасці развіцця беларускага этнасу. Яна вызначаецца глыбокімі каранямі, што зыходзяць з часоў першабытнага грамадства, багаццем творчай фантазіі, арыгінальнасцю і цэласнасцю мастацкай задумы, сілай і шчырасцю пачуцця, разнастайнасцю выяўленчых сродкаў, гарманічным спалучэннем практычнай мэтазгоднасці і дэкаратыўнага аздаблення, высокім густам і тонкім адчуваннем творцаў і выканаўцаў.

Сучасная народная творчасць вызначаецца актыўным засваеннем рэчаіснасці ў спалучэнні з беражлівым захаваннем, адраджэннем і развіццём старажытных традыцый. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 1970 года выдае серыю «Беларуская народная творчасць».

Аўтар: Я.М.Сахута
Крыніца: "Беларуская энцыклапедыя”
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.