Субота, 20.04.2024, 03:17

НАРОДНЫ ТАНЕЦ, харэаграфічны фальклор

Галоўная »
НАРОДНЫ ТАНЕЦ, харэаграфічны фальклор — адна са старажытнейшых форм народнай творчасці. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і працоўную дзейнасць народа; увасабляе яго нацыянальны характар, спосаб вобразнага мыслення.

На пачатковай стадыі развіцця народны танец быў злучаны ў адно сінкрэтычнае цэлае з песняй, музыкай, элементамі драматычнай акцёрскай ігры; неад'емнай часткай уваходзіў у розныя абрадавыя дзеянні. Паступова вылучыўся ў самастойны від мастацтва і пачаў развівацца, задавальняючы эстэтычныя патрэбы людзей. Самымі старажытнымі лічацца паляўнічыя і ваенныя танцы, а таксама тыя, у якіх адлюстроўваюцца працэсы працы. Танец кожнага народа мае сваё нацыянальнае аблічча, самабытныя асаблівасці, якія праяўляюцца ва ўсім комплексе яго выяўленчых сродкаў: наборы танцавальных па, характары рухаў і поз, манеры іх выканання, спосабе сувязі з рытмам і метрам музыкі, тэмпе, кампазіцыі, прасторавым малюнку і інш. Арганічная частка народнага танца — пантаміма, міміка.

Вытокі народнага харэаграфічнага мастацтва беларусаў — у нетрах культуры ўсходне-славянскіх плямён. Гістарычныя ўмовы існавання беларускага народа (сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны прыгнёт, неабходнасць адстойваць нацыянальную самабытнасць) абумовілі захаванне ў беларускім фальклоры рыс старажытнасці. Такія старажытныя абрады і гульні, як абход двароў з казой на каляды, «Жаніцьба Цярэшкі», пахаванне «стралы», «Ваджэнне куста», святкаванне купалля, вяселля і інш., бытавалі да 20 ст., некаторыя зберагліся і ў наш час. Значнае месца ў іх займалі харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драматычным дзеяннем. Вялікую ролю адыгрывалі ў народнай харэаграфіі выяўленчыя моманты і імітацыя працоўных працэсаў, з'яў прыроды, перайманне рухаў птушак, жывёл.

Найбольш старажытны від мастацтва, дзе харэаграфічны бок арганічна спалучаны з харавым спяваннем і адпаведнай драматызацыяй паэтычнага зместу і часткова захавана сувязь з каляндарна-земляробчай (часам і сямейна-бытавой) абраднасцю, — карагод. У карагодах народная харэаграфія паступова выпрацоўвала свае ўстойлівыя прыёмы, пэўныя сродкі выразнасці, якія ператварыліся ў традыцыйныя і фарміравалі аснову харэаграфічнай вобразнасці. Танцы вылучыліся з карагодаў ў 14 — 16 ст. і доўгі час развіваліся паралельна з імі. Гэта пацвярджаецца існаваннем аднайменных карагодаў і генетычна звязаных з імі танцаў: «Кола», «Падушачка», «Шастак», «Чарот», «Верабей», «Заяц», «Зязюля», «Гусары», «Юрачка» і інш.

Танцы ад карагодаў адрозніваюцца адносінамі да руху, як да асноўнага сродку выразнасці, замацаванасцю і паўторнасцю фігур, інструментальным суправаджэннем. Групу традыцыйных танцаў, акрамя названых, складаюць «Лявоніха», «Мяцеліца», «Крыжачок», «Мікіта», «Бычок», «Млынок», «Кросны», «Пеўнік», «Жабка», «Каза», «Качан», «Лянок», «Шаўцы», «Таўкачыкі», «Касары», «Гняваш» і інш.

Традыцыйныя танцы надзвычай разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, паводле рытму і малюнку, яны адлюстроўваюць самыя розныя бакі жыцця народа. Пашыраны музычны памер 2/4. Танцы пераважна парна-масавыя, але ёсць і сольныя варыянты. Многія захавалі сувязь з карагоднай песняй (што суправаджала іх у старажытнасці), аднак з цягам часу яна набыла характар прыпеўкі. У аснове беларускай танцавальнай лексікі — дробныя рухі (пераменны крок, балянсэ, падэбаск, шасэ, падбіўка, прытуп і інш.). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. Многім танцам уласцівы гульнёвы драматызаваны характар. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыцыйнага фальклору з танцавальнымі формамі полькі, кадрылі, некаторымі бальнымі танцамі. 3 аднаго боку гэтыя танцы ў побыце фалькларызаваліся, набывалі лакальныя стылявыя асаблівасці і рысы, з друтога — самі ўплывалі на развіццё народнага танцавальнага мастацтва. Кадрылі, і асабліва полькі, арганічна ўвайшлі ў беларускую харэаграфію, гэтаму спрыяла іх пэўная блізкасць да нацыянальных танцавальных традыцый.

Значныя змены адбыліся ў танцавальнай творчасці ў 1920-я г. На Беларусі (як у Расіі і на Украіне) пашырыліся новыя гарадскія бытавыя танцы — фальклор суседніх народаў. Старажытны танцавальны пласт прыкметна аднавіўся, у ім сталі пераважаць танцы, сканструяваныя паводле стандартаў. Аднак і запазычаныя танцы народ імкнуўся падпарадкаваць сваёй мастацкай сістэме, прыўнесці ў іх рысы нацыянальнага харэаграфічнага фальклору.

Са старажытных часоў у нар. творчасці побач з карагодам і традыцыйным танцам (з вызначаным парадкам фігур) развіваўся свабодна імправізацыйны сольна-масавы танец. Кожны ўдзельнік танца свабодна імправізуе, выражае ў адвольнай паслядоўнасці разнастайных рухаў свае настроі і пачуцці. Гэта форма ярка праявілася яшчэ ў мастацтве скамарохаў. Сярод тыповых танцаў імправізацыйнага складу — «Казачок», «Скакуха», «Растрападка», «Барыня», «Завейніца».

Імправізацыйны характар надаецца выкананню сольных варыянтаў традыцыйных парна-масавых танцаў («Лявоніха», «Шаўцы», «Таўкачыкі», «Трасуха» і інш.). Пэўнай колькасцю імправізацыйных танцаў папоўнілася беларуская харэаграфія ў пачатку 20 ст. калі ў побыт увайшлі «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданне», «Матлёт» і інш. Характэрна суправаджэнне гарадскіх бытавых танцаў кароткімі, пераважна 4-радковымі прыпеўкамі, якія могуць выконвацца з любым танцам і іншы раз ствараюцца ў час яго выканання. У сольна-імправізацыйных танцах мацней, чым у іншых жанрах народнага мастацтва, развіта сінкапіраванне (несупадзенне моцных доляў у танцы і музыцы, ссоўванне і рухомасць харэаграфічных акцэнтаў). Харэаграфічная сінкопа, як і лексіка, мае мноства варыянтаў, у кожнага танцора свае прыёмы, свая манера. Выканальніцкае майстэрства танцораў з народа вызначаецца шчодрай самааддачай, непасрэдным і гарачым захапленнем.

Народныя танцы паслужылі асновай для іншых відаў танца — класічнага, народна-сцэнічнага, бальнага, характарнага, якія ўтвараліся шляхам абагульнення, мастацкай трансфармацыі, удасканалення іх асобных рысаў прафесіянальнымі харэографамі. Традыцыі харэаграфічнага фальклору, яго лексіка творча перапрацаваны ў нацыянальных балетных спектаклях.

Аўтар: Ю.М. Чурко
Крыніца: Этнаграфія Беларусі
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.