Аўторак, 23.04.2024, 09:49

НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ

Галоўная »
НАРОДНЫЯ ГУЛЬНІ — адна са старажытных форм народнай творчасці. Узніклі як вынік язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем пры дапамозе магічных гульнёвых дзеянняў, імітацыі паводзін жывёл, працоўных працэсаў і інш. уступіць у сувязь, паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы.

3 развіццём эстэтычнай функцыі, якая паступова замяніла утылітарна-прыктычную, народныя гульні сталі забавай, сродкам эстэтычнага, а спартыўныя гульні апошняга часу і фізічнага выхавання людзей. Найбольш старажытныя гульні звязаны з паляваннем; яны ўзыходзяць да рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў іншую істоту. Гульні такога характару: «Воўк», «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Галубы», «Мядзведзь», «Горліца» і іншыя.

Многія народныя гульні заснаваны на імітацыі працоўных працэсаў: «Проса», «Лён», «Канапелькі», «Мак», «Рэдзька», «Млынок» і іншыя, большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вялікай колькасці традыцыйных гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі як сюжэтаарганізуючай часткі іх сінкрэтычнага мастацкага адзінства. Асабліва многа іх звязана з народным календаром.

Своеасаблівым комплексам можна лічыць веснавыя каляндарныя гульні гуканне вясны, валачобніцтва (гл. Валачобнікі), Юр'я, ваджэнне і «пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні, ваджэнне куста. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на купалле — скокі праз вогнішча. качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі; нават выбіралі іх арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія вечары пераапраналіся ў «цыганоў», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», жанілі «Цярэшку» (гл. «Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура». Багаццем гульнёвых рытуалаў адрозніваецца вяселле, магчыма таму ў народзе часта кажуць «гуляюць вяселле». Сватаўство, абарона варот, выкуп месца для маладой, падзел каравая і іншыя дзеянні, страціўшы свой старажытны сэнс форм шлюбу, сталі вясельнымі гульнямі.

У наш час большасць прымеркаваных да абрадаў карагодных гульняў сталі самастойнай мастацкай з'явай (глядзіце ў артыкуле Карагод). Найбольш распаўсюджаныя — «Халімон», «Гняваш», «Драмуха», «Змейка», «Лука», «Лунька», «Каралевіч», «Вербаванец» і інш. Гульні далі жыццё многім беларускім танцам, напрыклад, «Бычок», «Качан», «Млынок», «Паненка», «Верабей», «Шаўцы», «Падушачка», «Журавель», «Зязюля», «Пыха», «Чарот», «Заяц», «Жучок» і інш., і да нашага часу з'яўляюцца часткай некаторых з іх. На некаторых гульнях адбіўся ўплыў гістарычных падзей і сацыяльных адносін: «Прыгон», «У аканома», «У стральца», «У папа», «Катаржнік».

Многія традыцыйныя гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах народнага тэатра, дзе яны сінкрэтычна спалучаюцца з іншымі мастацкімі сродкамі драмы: мастацтвам слова, пераапрананнем, жэстам, мімікай. Сярод сучасных пазаабрадавых гульняў найбольш папулярны на Беларусі «Апанас», «Жаніцьба Бохара», «У суседа», «Злодзей», «Ксціны», «Рыбаловы», «Смерць», «Злыдні», «Мар'янка», «Авечачка», «Стары і крывы Цуцэла» і іншыя, якія маюць выразна бытавую аснову. Многія гульні дарослых перайшлі ў наш час у дзіцячую аўдыторыю. Яны сталі дзейсным сродкам народнай педагогікі; развіваюць здольнасці да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і іншыя лепшыя чалавечыя якасці. Асабліва папулярны сярод дзяцей гульні «У гусі», «Рожа», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Царэўна і баяры», «Пячэнне хлеба», «Грушка», «Мост» і інш. У наш час прадуктыўна развіваюцца спартыўныя гульні, якія выпрацоўваюць звычку да псіхічных і фізічных намаганняў, напрыклад, «Азярод», «Апука», «Бабкі», «Була», «Гуські», «Калаўрот», «На лодцы», «Свіння», «Сею, сею мак».

Крыніца: Этнаграфія Беларусі
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 9
Гасцей: 9
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.