Субота, 20.04.2024, 11:54

НАВАГРУДАК

Галоўная »
НАВАГРУДАКгорад, цэнтр раёна. За 162 км на ўсход ад Гродна, 22 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня на лініі ЛідаБаранавічы.

Навагрудак
Навагрудак

Паводле археалагічных звестак заснаваны ў канцы X ст. (некаторыя даследчыкі лічаць годам заснавання 1116 г.). У XII ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам быў дзядзінец і гандлёвая плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандлёвыя шляхі). У XII — XIII стст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджанаў (плошча аднаго дома каля 75 м²), большасць з іх мела зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Дамы чэлядзі былі прыкладна 30 м². Усе жыллёвыя пабудовы былі наземныя і заглыбленыя, з рознага тыну печамі. У час раскопак знойдзеныя таксама рэшткі Навагрудскага «дома баярына». У XII ст. пабудаваная мураваная царква (не збераглася), у XIII — XVI стст. мураваны замак.

Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044 г. і звязанае з паходам Яраслава Мудрага на Літву. Летапісныя назвы Новогород, Новгородок, Новый Городок і інш. У XIII — XIV стст. цэнтр удзельнага Наваградскага княства Чорнай Русі. У XIII ст. неаднаразова пераходзіў ад літоўскіх да галіцка-валынскіх князёў. Быў рэзідэнцыяй вялікага князя літоўскага Міндоўга, чыё княжанне дало пачатак утварэнню ВКЛ з цэнтрам у Наваградку. У 1253 г. тут Міндоўг каранаваўся як кароль літоўскі. Горад і яго ваколіцы былі разбураныя, а замак цярпеў асаду. На Наваградак нападалі мангола-татары ў 1255, 1274 і 1278 гг., крыжакі ў 1314, 1321, 1341, 1390 і 1394 гг.

Як цэнтрам удзельнага княства горадам валодалі вялікія князі літоўскія Трайдэн (канец XIII ст.), з 1341 г. Карыят Міхал Гедымінавіч, яго сын Фёдар, з канца XIV ст. Дзмітрый Альгердавіч Карыбут. Пасля 1394 г. адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена. У XIV — XVII стст. выраблялі наваградскую кафлю. У канцы XIV — XV стст. Вітаўт насяліў у горадзе татараў, якія пабудавалі мячэць (не захавалася). З 1415 г. рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага (у 1568 г. было 10 праваслаўных цэркваў, у т.л. Барыса-Глебская). У XVI ст. адзін з цэнтраў рэфармацыйнага руху на землях Беларусі; пасля Брэсцкай уніі 1596 г. рэзідэнцыя ўніяцкіх мітрапалітаў Рэчы Паспалітай. У канцы XV ст. 3-4 тыс. жыхароў.

У 1507 г. цэнтр павета і ваяводства. У 1511 г. атрымаў магдэбургскае права. У 1660-я гг. на гандлёвай плошчы пабудаваная ратуша. У пачатку XVI ст. крымскія татары неаднаразова нападалі на горад, але ўзяць не змаглі. У 1535 г. часова заняты маскоўскімі войскамі. Прывілеем 1595 г. зацверджаны гарадскі герб: у чырвоным полі выява архангела Міхаіла, які трымае ў левай руцэ меч, а ў правай вагі. У руска-польскую вайну 1654 — 1667 гг. большая частка горада згарэла. У Паўночную вайну 1700 — 1721 гг. шведскія войскі штурмам авалодалі і разбурылі замак (1706 г.), пасля гэтага не адбудаваны. У XVIII ст. пабудаваныя фарны касцёл, Міхайлаўскі касцёл дамініканцаў, касцёл і кляштар францысканцаў. У гарадскіх хроніках пазначаны вялікі пажар 8 мая 1751 г., калі згарэлі 167 дамоў, ратуша, крамы, канцылярыя ваяводы і 4 касцёлы. У канцы XVIII ст. прыкладна 2,4 тыс. жыхароў, больш за 390 дамоў, працавала гімназія (з 2-й паловы XVIII ст.).

Навагрудскі фарны касцёл
Фарны касцёл

Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл дамініканцаў
Міхайлаўскі касцёл дамініканцаў

З 1795 г. у складзе Расійскай Імперыі, цэнтр павета. У пачатку XIX ст. на гандлёвай плошчы пабудаваныя гандлёвыя рады. У 1807 — 1815 гг. у мясцовай дамініканскай школе вучыўся паэт Адам Міцкевіч. У 1809 і 1872 гг. складзеныя праекты планіроўкі горада (ажыццёўленыя часткова). Планіровачная структура няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліцаў з-за асаблівасцяў рэльефу; да гандлёвай плошчы сыходзіліся 8 вуліцаў. У 1825 г. было прыкладна 3,7 тыс. жыхароў, 15 мураваных і 399 драўляных дамоў; у 1854 г. — 23 мураваныя і 415 драўляных дамоў, 91 крама, некалькі цагельняў і піваварняў; 7,8 тыс. жыхароў у 1897 г. Дзейнічалі 3 фабрыкі (49 рабочых) і 5 рамесных майстэрняў з 48 рамеснікамі (1904 г.). 9,4 тыс. жыхароў у 1914 г. З 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства.

Навагрудскія гандлёвыя рады
Гандлёвыя рады

Управа ваяводства
Управа ваяводства

З 1939 г. у БССР (13,8 тыс. жыхароў). З 15 студзеня 1940 г. цэнтр раёна. У Вялікую Айчынную вайну з 4 ліпеня 1941 да 8 ліпеня 1944 г. акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і ваколіцах больш за 28 тыс. чалавек, 60 % жыллёвага фонду, прадпрыемствы.

У 1959 г. 12,6 тыс. жыхароў. З 7 сакавіка 1963 г. горад абласнога падпарадкавання. У 1970 г. 19,4 тыс. жыхароў. Насельніцтва горада ў 2006 г. складала 30,7 тыс. чалавек, у 2010 г. — 29,3 тыс.

У цэнтральнай частцы горада захавалася гістарычная радыяльная планіроўка. Архітэктурна-планіровачны цэнтр — былая гандлёвая плошча. На ёй і вакол яе зберагліся помнікі культавай, грамадзянскай архітэктуры (жылыя дамы на плошчы, Замкавай і Паштовай вуліцах), знаходзіцца гісторыка-краязнаўчы музей. Побач — мемарыяльны сквер, дзе знаходзяцца дом-музей А.Міцкевіча, магіла невядомага салдата. У горадзе ўсталяваныя помнікі Елісею Лаўрышаўскаму, А.Міцкевічу, Якубу Коласу, Уладзіміру Высоцкаму, на брацкай магіле чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1939 г.; на могілках савецкіх воінаў і партызанаў, на могілках і магілах ахвяраў фашызму. На ўшанаванне памяці А.Міцкевіча ў 1930-я гг. насыпаны Курган Бессмяротнасці. Захаваліся т.зв. гара Міндоўга, Барыса-Глебская царква, касцёл і кляштар францысканцаў (цяпер Мікалаеўская царква), фарны касцёл, гандлёвыя рады.

Навагрудскі Курган Бессмяротнасці
Курган Бессмяротнасці ў гонар Адама Міцкевіча

На паўднёва-заходняй ускраіне, ва ўрочышчы Батароўка, выяўлены курганны могільнік XII — XIII стст. славяна-балцкага насельніцтва (55 насыпаў вышынёй 0,3 — 1 м, дыяметрам 3 — 4 м з пахавальным абрадам трупапалажэння).

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 14 (511) красавік 2014 год, «Краязнаўчая газета» № 15 (512) красавік 2014 год, «Краязнаўчая газета» № 16 (513) красавік 2014 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.