Чацвер, 23.03.2017, 03:13

НЯСВІЖ


НЯСВІЖгорад, цэнтр Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея на лініі МінскБаранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск — Слуцк. 15434 чалавек (на 1 студзеня 2016 года).

Упершыню ўпамінаецца ў 1446 г. як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вялікім князем ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. 3 1492 г. уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 г. — Радзівілаў. У 1547 г. з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Нясвіж стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Нясвіжы дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.04.1586 г. Нясвіж атрымаў магдэбургскае права. У 1586 г. заснаваны Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 г. — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 г. — Нясвіжскі кляштар Бернардзінцаў. У 1583 г. пачата будаўніцтва Нясвіжскага замка (глядзіце ў артыкуле Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 г. Нясвіж стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзяржаўнай адзінкі ў Навагрудскім ваяводстве. У верасні 1655 г. і 1660 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг. Нясвіж заняты ўкраінскімі казакамі і расійскімі войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 г. заснаваны Нясвіжскі кляштар дамініканцаў.

У 1673 г. у Нясвіжы каля 2,4 тыс. жыхароў, 366 «дымоў». У 1681 г. заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята святога Міхаіла, 29 верасня). Моцна пацярпеў Нясвіж ад шведаў у 1706 г. у час Паўночнай вайны 1700-21 гг., адбылася абарона Нясвіжа. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Нясвіжа Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726-36 гг. працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 г. і 1768 г. Нясвіж заняты расійскімі войскамі з-за антырасійскай пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку.

3 1793 г. у Расійскай імперыі, да 1796 г. цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага павета. У канцы 18 ст. ў Нясвіжы 2,7 тыс. жыхароў, 409 дамоў. У лістападзе 1812 г. як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты расійскай арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 г. у Нясвіжы 8446 жыхароў.

У лістападзе 1917 г. тут адбыўся 2-і з'езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым — снежні 1918 г. акупіраваны германскімі войскамі, 06.08.1919 г. заняты польскімі войскамі. 3 1921 г. у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяводства. У кастрычніку 1926 г. у Нясвіжы адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. 3 верасня 1939 г. у БССР, з 15.01.1940 г. цэнтр раёна. У 1939 г. — 8,5 тыс. жыхароў. У Вялікую Айчынную вайну 28.06.1941 г. акупіраваны нямецкімі фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс. чалавек, у 1943 г. дэейнічала падпольная група. Вызвалены 02—04.07.1944 г. часцямі 65-й арміі 1-га Беларускага фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944 г.. У 1959 — 6,7 тыс. жыхароў.

Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная фабрыка, малочны завод, камбінат бытавых паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.

У 1580-я г. на тэрыторыі сучаснага Нясвіжа пачало фарміравацца паселішча гарадскога тыпу. Да 1533 г. на месцы старажытнага гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Нясвіжа ў пісьмовай крыніцы ў 1446 г. і да пачатку 16 ст. тут існаваў феадальны двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 г. пачалося будаўніцтва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл святога Духа, існавала праваслаўная царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пачатку 17 ст. фарміруецца архіўнае аблічча Нясвіжа (захавалася яго планіровачная структура з невялікімі зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьянскіх архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пачатку 17 ст. вакол Нясвіжа насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўжынёю каля 100 — 150 м).

У 1584 — 1616 гг. Нясвіж набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асноўных уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку называлася Мірская) і Клецкая. Нявіж меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невялікімі квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандлёвыя рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл. Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 г. за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі дзве ўзаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк — Вільня), праходзіла праз увесь горад з захаду на ўсход і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (назва Водная) — з поўначы на поўдзень, звязвала рынак з замкавай грэбляй.

3 канца 16 ст. Нясвіж забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай нямецкім жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандлёвыя рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некаторая карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплава р.Уша. У канцы 16 ст. у паўночна-ўсходняй частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўднёва-ўсходняй частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўночна-заходняй частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 г. узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам святога Крыжа. У 2-й палове 16 ст. узнік прыгарад Альба, дзе ў 17 — 18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 г і 1659 г. горад разбураны, у 1706 г. разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 г. і 1843 г. (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гарадскі палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 г. у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577 г.), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўрэйскіх малітоўных дамоў.

Сучасны горад захаваў гістарычную архітэктурна-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўночна-заходнюю (гістарычную) і паўднёва-ўсходнюю (асноўны жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская — Савецкая — 1 Мая і Шымко — К.Лібкнехта — Садовая (з поўначы на поўдзень).

Пасля Вялікай Айчыннай вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 г. (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 г. (інстытут «Белдзяржпраект»), галоўная вуліца — Ленінская. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (былая Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўночна-заходняя і паўднёва-ўсходняя вытворчыя зоны. Зона адпачынку — ларкі, вадаёмы, лесапарк.

Захаваліся помнікі архітэктуры 16 — 19 ст.: плябанія, Нясвіжскі «Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 г. (БелНДІП горадабудаўніцтва, архітэктар Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 г. (інстытут «Мінскграмадзянпраект», архітэктар А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на паўднёвы-захад і паўднёвы-ўсход, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гістарычнага цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 г. распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гістарычнай забудовы Нясвіжа (архітэктары Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 г. у Нясвіжы пастаўлены помнік С.Буднаму (скульптар С.Гарбунова).

Да 20 ст. культурнае жыццё Нясвіжа развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літаратурны гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і бібліятэка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пачатку 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта BKЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 г. існавала музычная бурса, з 1620 г. — канвікг (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 г. — аптэка, меўся шпіталь, у 1696 — 1758 гг. дзейнічаў школьны тэатр. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Нясвіжы працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пачатку 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэaтp Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай, ставіліся п'есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый расійскай уладай у 1772 г. і 1812 г. страчана значная частка замкавай бібліятэкі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 г. у Нясвіжы жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833-35 гг. і 1840-44 гг. — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 г. замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 г. дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 г. адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы Адам Ягоравіч Багдановіч і Аляксандр Казіміравіч Сержпутоўскі, пісьменнікі Якуб Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 г. жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921-24 гг. дзейнічала Нясвіжская беларуская гімназія.

У 1994 г. для адраджэння помнікаў Нясвіжа заснаваны міжнародны фонд «Нясвіж». 3 1995 г. працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 г. створаны гісторыка-культурны запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнародныя навуковыя сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа».

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемарыяльны знак на месцы растрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Аўтары: В.С.Пазднякоў(гісторыя, культура), Т.І.Чарняўская, І.М.Чарняўскі, С.Ф.Самбук (архітэктура)
Крыніца: Беларуская энцыклапедыя
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [245]
Каталог файлаў [95]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [134]
Адукацыя [12]
Спорт [378]
Здарэнні [103]
Грамадства [211]
Эканоміка [10]
Транспарт [63]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [3]
Каляндар
«  Сакавік 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Rating All.BY Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.