Чацвер, 25.05.2017, 11:37

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ЭЎФІМІІ І КЛЯШТАР БЕНЕДЫКЦІНАК


НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ЭЎФІМІІ І КЛЯШТАР БЕНЕДЫКЦІНАК размяшчаецца ў цэнтры горада Нясвіж Мінскай вобласці, на вул. Чкалава. Пабудаваны ў 1593—96 гг. з цэглы італьянскім архітэктарам Дж.М.Бернардоні.

Манашкі-бенедыкцінкі аселі ў горадзе ў 1589 г. Заснаванне гэтага першага на Беларусі кляштара бенедыкцінак звязана з імем князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, які вылучыў 7 тысяч злотых на будаўніцтва касцёла і маёнтак Гавязна на яго ўтрыманне (у маёнтку манашкі ў 1640 г. пабудавалі уніяцкую царкву, у 1839 г. перароблена пад праваслаўную). Касцёл пачаў будавацца ў 1593 г. і быў названы ў гонар святой Эўфеміі (жонка князя Альжбета Эўфемія з Вішнявецкіх). Касцёл асвячоны 12.04.1597 г. жмудскім біскупам Мельхіёрам Гедройцам. Зацікаўленасць да заснавання кляштара праявілі nana Клімент VIII і кароль Жыгімонт III, які пацвердзіў яго фундацыю на генеральным сойме ў Варшаве 14.10.1590 г. У першай палавіне 18 ст. зроблены некаторыя перабудовы (перароблены фасад, зняты цыліндрычныя вежачкі, павялічаны неф). У сярэдзіне 18 ст. знакамітая навагрудская лякарка Саламея Русецкая пакінула ў кляштары малалетнюю дачку па прычыне ад'езду ў Пецярбург. Пры кляштары дзейнічала свецкая школа на 25 паненак (навучаліся мовам, музыцы, мастацкаму шыццю і інш.), мелася багатая бібліятэка і архіў (у другой палавіне 19 ст. перавезены ў Санкт-Пецярбург). У 1866 г. касцёл перароблены пад праваслаўную царкву, кляштар скасаваны ў 1877 г. (манашкі пераведзены ў Гродна) і перададзены пад настаўніцкую семінарыю. Адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1876 г. Аднавіў дзейнасць у 1920 г., скасаваны ў 1945 г. У 1985 г. на тэрыторыі кляштара археолагамі выяўлены культурны пласт у 1,0—2,5 м і знаходкі (фрагменты кафлі, жбаны і інш.), якія датуюцца канцом 17 ст., што пацвярджае час заснавання кляштара. Захаваліся брама-званіца (1763), жылы корпус з касцёлам, вартоўня, гаспадарчыя пабудовы, размешчаныя вакол унутранага дворыка, акаймаванага мураванай агароджай з унутранай аркатурнай крапоўкай. Цяпер у кляштары педагагічны каледж (з 1994 г., на базе педагагічнага вучылішча, заснаванага ў 1984 г.).

Жылы кляштарны корпус з касцёлам, аб'яднаныя ў адзіны будынак, — помнік архітэктуры барока. Двухпавярховы Е-падобны ў плане будынак з рознавялікімі бакавымі крыламі. Цэнтральная частка на вышыню двух паверхаў з'яўлялася касцёлам (аднанефавы, з пяціграннай апсідай і невялікім трансептам). Галоўны фасад корпуса арыентаваны ва ўнутраны дворык. Яго кампазіцыйным цэнтрам з'яўляецца рызаліт (фасад касцёла), расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Завяршэнне рызаліту (трох’ярусная гранёная вежа з курантамі і фігурным купальным пакрыццём, надбудавана ў 1720-я гг.) не захавалася. Паводле гравюры Т.Макоўскага пачатку 17 ст. фасад не меў вежы, a дах па цэнтры завяршаўся невялікай галоўкай на барабане. У галоўным алтары касцёла быў абраз «Звеставанне Найсвяцейшай Дзеве Марыі», упрыгожаны багатым сярэбраным абкладам, каронамі і каштоўнымі камянямі. Галоўны ўваход размешчаны асіметрычна,у паўночным крыле. Гладкія сцены фасадаў парэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка калідорная, часткова зменена. У бакавых крылах размяшчаліся келлі, гаспадарчыя і службовыя памяшканні, у паўднёвым крыле — зала-трапезная, перакрытая цыліндрычным скляпеннем на распалубках.

Прамавугольная ў плане брама-званіца — помнік архітэктуры барока. Размешчана паміж сценамі кляштара, па цэнтральнай восі ўнутранага дворыка. Звонку падзелена развітымі прафіляванымі цягамі на тры ярусы, што паступова змяншаюцца. Першы ярус прарэзаны аркай, над якой размешчаны высокі праём, другі з арачным аконным праёмам у цэнтры, абрамленым ліштвай, трэці ярус таксама з арачным праёмам, дэкарыраваны хвалістым карнізам. Кожны ярус па вуглах раскрапаваны пілястрамі. Вежа завершана фігурным купалком са шпілем. Дзверы аздоблены мастацкай коўкай.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [246]
Каталог файлаў [95]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [134]
Адукацыя [12]
Спорт [406]
Здарэнні [104]
Грамадства [218]
Эканоміка [10]
Транспарт [65]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [5]
Каляндар
«  Май 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.