Чацвер, 25.05.2017, 11:36

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ КАЦЯРЫНЫ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ


НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ КАЦЯРЫНЫ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНЦАЎ размяшчаецца ў цэнтры горада Нясвіж Мінскай вобласці, на вуліцы Ленінскай, займаў тэрыторыю, прылеглую да паўночна-заходняга боку абарончага гарадскога вала. Заснаваны ў 1598 г. па фундацыі князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі і яго жонкі Галькі Эўфеміі з Вішнявецкіх, якая завяшчала на будаўніцтва кляштара даход ад маёнтка Карэлічы, а муж — ад маёнтка Чановічы і млына ў вёсцы Пагарэлае.

Касцёл і кляштарны корпус пабудаваны паводле праекта італьянскага архітэктара Дж.М. Бернардоні, касцёл асвячоны віленскім біскупам Б.Войнам у 1603 г. ў імя святой Кацярыны і ў гонар памерлай дачкі М.К.Радзівіла. У17 в. да касцёла прыбудаваны капліцы святога Францыска і святой Ганны. 3 1628 г. пры кляштары дзейнічала школа тэалогіі, з 1654 г. — школа філасофіі. Кляштар адбудаваны ў 1662 г. пасля пажару 1655 г. Пры ім дзейнічала суконная фабрыка. У касцёле быў пахаваны Міхал Казімір Рэйтан (памёр у 1706 г. у Слуцку) — дзед Тадэвуша Рэйтана, кардынальнага праціўніка падзелаў Рэчы Паспалітай. У 1793 г. адзначаны арган: «Вялікі арган дасканалага гучання, на 20—24 галасы, рэдкага мастацтва і незвычайных памераў». У 1793 г. касцёл згарэў, адбудаваны ў 1802—22 гг. У касцёле знаходзіліся скульптурныя надмагіллі фундатараў. У 1804 г. ў кляштары налічвалася 15 манахаў, 12 студэнтаў, у бібліятэцы 1199 кніг. Кляштар трапіў пад рэпрэсіі царскіх улад пасля паўстання 1863 г. 06.10.1864 г. мінскі губернатар у адказ на запыт М.Мураўёва адзначаў, што сярод усіх кляштараў Нясвіжа менавіта бернардзінскі «во время прошедшей смуты» праявіў актыўную антыўрадавую палітыку, яго манахі ўсяляк падтрымлівалі грамадскія беспарадкі і нацыянальна-патрыятычныя маніфестацыі. У тым жа годзе кляштар скасаваны, жылы корпус перададзены ваеннаму ведамству, а касцёл у 1892 г. паводле загада генерал-губернатара Патапава перабудаваны пад праваслаўную Георгіеўскую царкву (інжынер Скуратаў). Манахі былі распушчаны, частка іх рассялілася па іншых кляштарах (у Крэцінзе ў Літве, Кімбараўцы каля Мазыра, Гарадзішчы), а некаторых перавялі ў суседні дамініканскі прыстанак, манахі якога, як і бенедыкцінкі, адмежаваліся ад паўстання. Архітэктурны комплекс адлюстраваны на піктаграфічнай карце бернардзінскіх кляштараў Літоўскай правінцыі, выкананай прыдворным гравёрам Радзівілаў Гершкам Ляйбовічам у 1750-я гг. Кляштар часткова пашкоджаны ў Вялікую Айчынную вайну, касцёл зруйнаваны ў 1950-я гг.

Кaсцёл (не захаваўся) — трохнефавая базіліка з павышаным цэнтральным нефам пад двухсхільным і больш нізкімі бакавымі нефамі пад аднасхільнымі дахамі. Двух'ярусны фасад завяршаўся трохвугольным франтонам, у першым ярусе на цэнтральнай восі размяшчаўся арачны ўваходны партал. Плоскасныя бакавыя фасады рытмічна чляніліся арачнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі (адпаведна галоўнаму і бакавым нефам) і крапаваліся пілястрамі ў прасценках. Да алтарнага фасада далучалася высокая ярусная чацверыковая вежа-званіца, завершаная спічастым шатром. 3 завяршэннем у 1870 г. перабудовы храма пад царкву інтэр'ер быў пазбаўлены галоўнага і шасці кулісных алтароў і набыў прывезены з Мінска іканастас і шэраг абразоў маскоўскага мастака Ягора Зотава.

Жылы корпус — помнік архітэктуры ранняга барока (збярогся часткова). Далучаўся да бакавога фасада касцёла праз крытую галерэю. Двухпавярховы П-падобны ў плане мураваны будынак асіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Фасад расчлянёны невысокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках. Унутраная планіроўка галерэйнага тыпу (зменена). Да будынка далучаліся тры вежы, трэцяя з якіх завяршала ўязную браму.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [246]
Каталог файлаў [95]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [134]
Адукацыя [12]
Спорт [406]
Здарэнні [104]
Грамадства [218]
Эканоміка [10]
Транспарт [65]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [5]
Каляндар
«  Май 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.