Чацвер, 25.04.2024, 23:57

НОТНАЕ ПІСЬМО, натацыя

Галоўная »
НОТНАЕ ПІСЬМО, натацыя (ад лац. notatio запісванне, абазначэнне) — сістэма графічных знакаў для запісу музьікі, а таксама сам запіс.

Узнікла ў старажытнасці. Першапачаткова перададзеныя па слыху мелодыі абазначаліся піктаграфічным спосабам (з дапамогай выяваў) або на аснове алфавітаў, ідэаграфічнага (іерагліфічнага) пісьма і лічбаў. У асноўным яны вызначалі вышыню гукаў, зрэдку рытм. Найбольш старажытныя сістэмы натавання кітайская (1300 да н.э.), вавілонская (800 да н.э.). індыйская і грэчаская (400 да н.э. — 400 н.э.). У сярэднія вякі для натавання літургічнай музыкі найбольш карысталіся неўменным пісьмом (спецыяльныя знакі — неўмы — пісаліся над словамі тэксту для напаміну мелодыі песнапенняў). Паступова для больш дакладнага абазначэння вышыні неўмаў пачалі карыстацца лініямі, што не паказвалі дакладную вышыню гукаў, але дазвалялі музыку адрозніваць гукі адносна больш нізкія і больш высокія. Колькасць такіх лініяў дасягала 18; сістэмы з некалькіх лініяў як бы ўзнаўлялі на паперы струны музычнага інструмента. У XI ст. Гвіда д'Арэцца ўдасканаліў гэты спосаб — увёў 4 нотныя лініі, што сталіся прататыпам сучаснага нотнага стану. У пачатку лініяў ён змяшчаў літарныя знакі (прататыпы сучасных ключоў), што пазначалі дакладную вышыню запісаных на лініях гукаў. Пазней неўменныя знакі замененыя квадратнымі або ромбападобнымі нотнымі галоўкамі, што пазначалі толькі вышыню гукаў. Неўменным нотным пісьмом шырока карысталіся для запісу грыгарыянскага харала (адсюль назва харальная натацыя). У канцы XII ст. пачалі пазначаць працягласць гукаў, узнікла мадальная натацыя, вытокам якой былі старагрэчаскія метрычныя стопы — модзі (адсюль назва).

У пачатку XIV ст. ўзнікла т.зв. мензуральнае нотнае пісьмо. Яно адначасова фіксавала вышыню і працягласць гукаў (апошнюю вызначала форма нотных галовак) і служыла пераважна для запісу ансамблевай музыкі. Знакі мензуры, што ўстанаўлівалі 3- або 2-дольнасць кожнай нотнай працягласці, змяшчаліся ў пачатку нотнага радка, пры змене мензуры — у сярэдзіне нотнага тэксту. Знакі паўзаў у гэтай сістэме адпавядалі мензуральным працягласцям і насілі іх назвы. У XV — XVII стст. адначасова з мензуральнай існавала літарная або лічбавая сістэма, т.зв. табулатура, для запісу сольнай інструментальнай музыкі. Табулатура мела шмат разнавіднасцяў, што адпавядалі асаблівасцям асобных інструментаў (напрыклад, клавішная, або арганная, лютневая, для гітары, скрыпкі, цытры, флейты і інш.). Існавалі таксама нацыянальныя табулатуры: нямецкая, іспанская, французская, італьянская. Ва ўсходняй Еўропе існавалі самастойныя неўменныя сістэмы натацыі — візантыйская (X — XVIII стст.) і старажытнаруская. У XV ст. уведзеныя дадатковыя знакі для запісу мелізматычных формулаў. Старажытнаруская безлінейная сістэма знаменнага нотнага пісьма, як і сам знаменны распеў, была ўласцівая помнікам пісьмовай музычнай культуры беларусаў, украінцаў, рускіх, балгараў, сербаў, часткова харватаў. Знакі знаменнага нотнага пісьма адпавядалі 1, 2, 3, 4 і больш гукам, часам цэлым напеўкам, т.зв. какізам. Самыя развітыя мелодыі былі звязаныя з тайназамкнёнымі знакавымі зваротамі — фітамі (да нас дайшло больш за 900). Зберагліся фітнікі — зборнікі, дзе змешчаныя фіты ў іх графічным абрысе і назве, а таксама з разводам (перакладам на больш даступныя і агульнаўжывальныя знакі безлінейнага нотнага пісьма). Побач з сістэмай знаменнай натацыі існавала старажытнаруская безлінейная кандакарная музычная сістэма (ад грэч. кандак — кароткая песня).

На тэрыторыі Беларусі ўжо ў 1-й палове XVI ст. з'явіліся друкаваныя зборнікі з 5-лінейнай неўменнай заходнееўрапейскай натацыяй (канцыяналы). Першы беларускі рукапісны зборнік з пяцілінейным кіеўскім нотным пісьмом — «Супрасльскі ірмалагіён» (1598 — 1601). Вядомы зборнік старадаўняй беларускай музыкі XVII ст. «Полацкі сшытак» (іншая назва «Астрамечаўскі сшытак») напісаны квадратнай кіеўскай і круглай італьянскай нотай, што ляжыць у аснове сучаснага нотнага пісьма.

Перавага сучаснага нотнага пісьма ў нагляднасці абазначэння гукавышыннага становішча нотаў і іх метрарытмічных суадносінаў, у наяўнасці ключоў, што дазваляюць карыстацца нотным станам для запісу розных дыяпазонаў музычнага гукарада, абмежавацца 5-лінейнай нотнай сістэмай, толькі зрэдку звяртацца да дадатковых лініяў і вызначэнняў. Са з'яўленнем новых музычных плыняў XX ст. адбыліся некаторыя змены ў спосабах нотнага запісу. 3 аднаго боку — далейшае ўдакладненне і ўзбагачэнне выканальніцкіх пазначэнняў, пашырэнне іх комплексу, з другога — адмаўленне ад дакладнай пісьмовай фіксацыі музычных твораў, магчымасць нотнага запісу ў выглядзе шэрагу накідаў, свайго роду музычнай графікі. Існуе спецыяльная сістэма фіксацыі нотнага тэксту для сляпых.

Крыніца: «Краязнаўчая газета», № 7 (600) люты 2016 г.,
«Краязнаўчая газета» № 8 (601) люты 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.