Аўторак, 23.10.2018, 12:54

ОПЕРА


ОПЕРА (італьян. opera літаральна складанне ад лац. opera праца, выраб, твор) — род музычна-драматычнага твора, прызначанага для сцэнічнага выканання.

Важнейшы элемент оперы — спевы, што перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях.

Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае ў оперы лейтматыў. Строй вакальных інтанацыяў раскрывае індывідуальны псіхічны склад кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яго характару і тэмпераменту. У оперы выкарыстоўваюць розныя жанры побытавой музыкі — песню, танец, марш, якія служаць для абмалёўкі фону дзеяння, для стварэння нацыянальнага і мясцовага каларыту, для характарыстыкі дзейных асобаў. Шырока выкарыстоўваюць прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэалістычнай тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вакальныя партыі і акцэнтуе найбольш важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самастойныя аркестравыя нумары ўводзяць слухачоў у эмацыйную атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асноўны драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або выступаюць у карцінна-выяўленчай ролі. Хор стварае побытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзеяў ці ўвасабляе калектыўны вобраз. Суадносіны розных элементаў, з якіх складваецца опера як адзінае мастацкае цэлае, вар'юецца ў залежнасці ад агульных эстэтычных тэндэнцыяў пэўнай эпохі, пэўнага кірунку, ад канкрэтных творчых задачаў кампазітара.

Існуюць оперы з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзеная ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць галоўным носьбітам драматычнага дзеяння і дамінаваць над вакальнымі партыямі. Вядомыя оперы, пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вакальных формаў (арыя, арыёза, каваціна, розныя віды ансамбляў, хоры), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, оперы з перавагай сольнага пачатку і оперы з развітымі ансамблямі і хорамі.

Жанр оперы з'явіўся ў канцы XVI ст. у Італіі. Яму ўласцівыя і нацыянальныя асаблівасці. У працэсе гістарычнага развіцця склаліся шматлікія нацыянальныя, жанравыя, стылістычныя разнавіднасці: італьянская onepa-seria і onepa-buffa, французская лірычная трагедыя, камічная опера, «опера выратавання» ды інш.

У XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах дзейнічалі оперныя трупы (Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя беларускія прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафесійных сцэнах (у т.л. М. Сітанская ды інш.). Дарэчы, у 1800 г. пасля перамоваў спадчыннікаў гр. Зорыча з гоф-маршалам і дырэктарам імператарскіх тэатраў А. Нарышкіным у Шклоў быў камандзіраваны рускі балетмайстар I. Вальберх, які адабраў з шклоўскага балета 14 чалавек і вывез іх у Санкт-Пецярбург, што стала пачаткам росквіту тамтэйшай балетнай школы.

Пачатак беларускай оперы звязаны з дзейнасцю С. Манюшкі (найбольш вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), пастаўленая ў Мінску ў 1852 г., лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча; «Галька», пастаўленая ў Мінску ў 1856 г.; «Страшны двор», 1865 г.). У савецкія часы опера заняла значнае месца ў музычнай культуры. У ёй адлюcтраваныя этапныя падзеі жыцця беларускага народа, яго патрыятызм, гераічныя подзвігі, думкі і пачуцці. Важнай падзеяй у гісторыі беларускага опернага тэатра стала стварэнне першых нацыянальных працаў: «Вызваленне працы» М. Чуркіна (1922) і «Тарас на Парнасе» М. Аладава (1927). Першыя оперныя спектаклі, у т.л. «Залаты пеўнік» Рымскага-Корсакава (рэж. У. Тазаўроўскі) і «Кармэн» Ж. Бізэ (рэж. Б. Норд), былі пастаўленыя Беларускай студыяй оперы і балета (1930 — 1933), што стала асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР, першай опернай пастаноўкай якога была «Кармэн» (1933). У 1930-я гг. пастаўленыя класічныя і савецкія оперы: «Яўген Анегін» П. Чайкоўскага і «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А. Барадзіна і «Пікавая дама» Чайкоўскага (1934), «Рыгалета» Дж. Вердзі (1935), «Тоска» Дж. Пучыні (1937), «Ціхі Дон» I. Дзяржынскага (1938). Яны вызначылі мастацкі ўзровень беларускага выканальніцтва, сталі школай айчыннага опернага майстэрства.

У цэнтры ўвагі беларускіх дзеячаў опернай культуры тэмы вялікага грамадзянскага гучання, пераважна героіка-патрыятычная, якая найбольш ярка адлюстраваная ў операх «У пушчах Палесся» А. Багатырова (лібрэта Я. Рамановіча паводле аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», паст. 1939, Дзяржаўная прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (лібрэта П. Броўкі, паст. 1939), «Кветка шчасця» А. Туранкова (лібрэта В. Барысевіч, П. Броўкі і П. Глебкі паводле драмы М. Чарота «На Купалле», паст. 1940), дзе выразна выявіўся нацыянальны оперны стыль, акрэслілася тэндэнцыя да паказу лёсу герояў неаддзельна ад барацьбы народа супраць прыгнятальнікаў. Яркія незабыўныя вобразы, створаныя Л. Александроўскай і В. Лапіным («Міхась Падгорны»), С. Друкер, П. Засецкім і М. Дзянісавым («У пушчах Палесся»), Р. Млодак і А. Арсенкам («Кветка шчасця») увайшлі ў гісторыю беларускага музычна-сцэнічнага мастацтва як прыклад тонкага пранікнення ў вобраз і пераканаўчага раскрыцця кампазітарскай задумы. У гады Вялікай Айчыннай вайны> створаная першая айчынная опера на ваенную тэматыку — «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, рэж. Б. Пакроўскі; у перапрацаваным варыянце пад назвай «Дзяўчына з Палесся» пастаўленая ў 1953, рэж. Александроўская).

Героіка-патрыятычную накіраванасць мела і большасць операў 1940 — 1950-х гг. З вялікай цікавасцю тэатральная грамадскасць сустрэла оперы «Андрэй Касценя» Аладава (1947, лібрэта Глебкі паводле аповесці Э. Віленскага «Сын Беларусі» пра К. Заслонава), «Кастусь Каліноўскі» Д. Лукаса (1947, лібрэта М. Клімковіча), першую оперу для дзяцей «Марынка» Р. Пукста (1955, лібрэта Э. Агняцвет паводле яе паэмы «Песня пра піянерскі сцяг»), «Яснае світанне» А. Туранкова (1958, лібрэта А. Бачылы). I960 — 1980-я гг. — перыяд жанравага ўзбагачэння опернага мастацтва. Створаныя лірыка-камедыйныя «Калючая ружа» Ю. Семянякі (1960, лібрэта Бачылы) і «Твая вясна» Я. Глебава (1963), лірыка-сатырычная «Калі ападае лісце» (1968, лібрэта Бачылы) і лірычная опера-паэма пра Максіма Багдановіча «Зорка Венера» (1970, лібрэта Бачылы) Семянякі, музычная драма «Джардана Бруна» С. Картэса (1977, лібрэта У. Халіпа), эпічная «Сівая легенда» Д. Смольскага (1978, лібрэта У. Караткевіча паводле яго аднайменнай аповесці), героіка-эпічная «Сцежкаю жыцця» (1980, лібрэта А. Вярцінскага i C. Штэйна паводле аповесці В. Быкава «Воўчая зграя») і тэлеопера «Ранак» (1967, лібрэта Я. Шабана па матывах паэмы А. Куляшова «Песня аб слаўным паходзе») Г. Вагнера.

У пачатку 1980-х гг. опера папоўнілася разнастайнымі ў жанравых і стылявых адносінах творамі. Сярод іх «Новая зямля» Семянякі (пастаноўка 1982, лібрэта А. Петрашкевіча наводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа), востраактуальная публіцыстычная «Матухна Кураж» Картэса (пастаноўка 1982, лібрэта Халіпа і С. Штэйна паводле п'есы Б. Брэхта «Матухна Кураж і яе дзеці»), рамантычная «Францыск Скарына» Смольскага (1982, лібрэта С. Клімковіч), для дзяцей «Трыццаць два волаты» Н. Усцінавай (1982, лібрэта А. Таруціна), камічная «Пінская шляхта» Г. Вагнера (1985, лібрэта Шабана і А. Вольскага паводле аднайменнай камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча).

3 пастановак, ажыццёўленых на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі, варта адзначыць «Дзікае паляванне караля Стаха» У. Солтана (1989; атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі), «Майстар і Маргарыта» Глебава, «Князь Наваградскі» А. Бандарэнкі (1992) ды іншыя. У тэатральным сезоне 2008/2009 адбылася прэм'ера беларускай камічнай оперы «Чужое багацце» , рэканструяванай У. Байдавым і В. Скорабагатавым на партытурах кампазітара Я. Голанда.

Значнай падзеяй у гісторыі Беларускай оперы сталі маштабныя пастаноўкі операў «Вайна і мір» С. Пракоф'ева, «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Д. Шастаковіча, «Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» 18 (611) май 2016 г.;
«Краязнаўчая газета» 19 (612) май 2016 г.;
«Краязнаўчая газета» 20 (613) май 2016 г.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [97]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [143]
Адукацыя [16]
Спорт [624]
Здарэнні [142]
Грамадства [255]
Эканоміка [10]
Транспарт [70]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [11]
Каляндар
«  Кастрычнік 2018  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.