Серада, 23.08.2017, 22:33

ПАЛЯКІ


ПАЛЯКІ — (саманазва Polacy) нацыя, асноўнае насельніцтва Рэспублікі Польшча. Колькасць на сёння ацэньваюць у 55 — 60 млн чалавек. У Польшчы — 36,085 млн палякаў (2011). Уключаюць шэраг субэтнічных групаў, у тым ліку: гуралы, кашубы, сілезцы, мазуры ды іншыя; палабы і памаране, раней блізкія палякам, былі ў асноўным знямечаныя.

Як паказаў перапіс насельніцтва 2002 г., палякі складаюць 96,7 % насельніцтва Польшчы. У значнай колькасці жывуць таксама ў іншых краінах: ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Бразілія, Канада, Аргенціна, Беларусь, Літва, Украіна, Аўстралія і іншыя. 
У X — XI стст. у перыяд фармавання раннефеадальнай Польскай дзяржавы складвалася і польская народнасць. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У XI ст. з'явіўся этнонім «палякі». Як нацыя палякі сфармаваліся ў XVIII — XIX стст. Пасля Першай сусветнай вайны была ўтвораная польская дзяржава. У яе склад не ўвайшлі многія заходне-польскія землі, у той жа час яна захапіла раёны, населеныя беларусамі, украінцамі, літоўцамі. Уз'яднанне польскіх зямель адбылося пасля Другой сусветнай вайны. У заходніх раёнах Польшчы, адкуль часткова выехалі немцы і дзе засталіся палякі-аўтахтоны, пасяліліся рэпатрыянты з СССР і былыя эмігранты, якія вярнуліся з заходніх краінаў. 3 усходніх раёнаў Польшчы выехалі ў СССР беларусы і ўкраінцы, але на Падляшшы і сёння існуюць беларускія і ўкраінскія рэгіёны.

Этнакультурныя сувязі беларускага і польскага народаў маюць даўнія традыцыі. Групы палякаў на этнічных беларускіх землях існавалі ўжо ў XII ст. Узмацненне польскага этнакультурнага ўплыву на тэрыторыі Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569 года, калі беларускія землі разам з іншымі землямі Вялікага Княства Літоўскага ўвайшлі ў федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую. Частка беларускага насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, розных групаў шляхты, прымаючы уніяцкую або рыма-каталіцкую веру, змяняла сваё этнічнае самавызначэнне. Перасяленне на беларускія землі групаў палякаў з этнічных польскіх земляў было нязначным. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв. буднікаў (чыншавая шляхта), якія займаліся ляснымі промысламі і жылі на Палессі ў т.зв. будах. Своеасаблівым вынікам абвастрэння сацыяльных супярэчнасцяў на Беларусі пасля ўваходжання яе земляў у склад Расійскай імперыі ў выніку трох падзелаў (1722, 1793, 1795 гады) Рэчы Паспалітай стала ўтварэнне на беларускіх этнічных землях, беларуска-літоўскім этнічным паграніччы пэўных тэрыторыяў, на якіх сяляне, з'яўляючыся католікамі паводле веравызнання, вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую і імкнуліся да пераймання пэўных элементаў польскай культуры.

Ва ўмовах, калі на беларускіх землях існавалі розныя формы шматмоўя, у т.л. беларуска-польскае, узнік і ў далейшым уздзейнічаў на працэс фармавання польскай літаратурнай мовы мясцовы дыялект польскай мовы, т.зв. ускраінная польская мова (polszczyzna kresowa; літаратурная дзейнасць Адама Міцкевіча, Уладзіміра Сыракомлі, Яна Ходзькі, Элізы Ажэшкі).

У 1897 г. на Беларусі жыло больш за 140 тысяч палякаў, найбольш у Гродзенскай (10%) і найменш у Магілёўскай (1%) губернях. Павелічэнне колькасці палякаў на тэрыторыі Беларусі ў XX ст. адбывалася ў асноўным на заходнебеларускіх землях, якія ў 1921 — 1939 гг. уваходзілі ў склад Польшчы. Ва ўмовах узмацнення сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту ў Заходняй Беларусі праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх земляў перасяляліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі. Усяго ў 1920 — 1930-ягг. у Заходнюю Беларусь перасялілася блізу 300 тысяч палякаў.

У той жа час палякі ў БССР — адна з асноўных этнічных групаў (паводле перапісу 1926 года іх налічвалася 97,5 тысяч чалавек).

Этнакультурныя асаблівасці польскага насельніцтва ў БССР, спецыфіка этнічных сувязяў беларускага і польскага народаў улічваліся даволі поўна і шматбакова.

У 1920-я гг. пры ЦК КП(б)Б існавала Польбюро. Працай польскамоўных навучальных установаў рэспублікі кіравала Польбюро Народнага камісарыята асветы БССР. Настаўнікаў для польскіх школ рэспублікі рыхтавала польскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута (да 1935 года; потым Мінскі педагагічны інстытут; цяпер педагагічны ўніверсітэт). У 1920 — 1930-я гадах на польскай мове выходзілі газеты «Mlot» («Молат»), «Оrка» («Ворыва»), «Gwiazda Mlodziezy» («Зорка моладзі»), «Szturmowiec Kojdanowszczyzny» («Ударнік Койданаўшчыны»), пазней «Szturmowiec Dzierzynszczyzny» («Ударнік Дзяржыншчыны»). Існавала Польскае аддзяленне Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У 1929 — 1935 гадах працаваў Польскі дзяржаўны вандроўны тэатр БССР, які рэгулярна выязджаў у рэгіёны рассялення палякаў.

У месцах кампактнага пражывання польскага насельніцтва ў 1920 — 1930-я гады існавала больш за 40 нацыянальных польскіх сельсаветаў. 3 іх 1/4 знаходзілася ў Койданаўскім (потым Дзяржынскім) польскім нацыянальным раёне. Вывучэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры палякаў у Беларусі займаўся польскі сектар Інбелкульта. У ім працавалі этнограф і фалькларыст К.Даўкша, Ч.Дамброўскі, гісторыкі У.Хржчановіч і Ляндзберг. Этнаграфічная камісія сектара правяла экспедыцыю на Асіпоўшчыну, стацыянарнае даследаванне Рудня-Стаўбунскага і Рудня-Шлягінскага сельсаветаў і іншае.

3 уз'яднаннем Заходняй Беларусі з БССР (верасень 1939 года) колькасць палякаў у БССР значна павялічылася, але ўжо ў 1940 годзе з заходніх абласцей Беларусі, Украіны і раёна Вільні незаконна выслана было на поўнач і ўсход СССР блізу 600 тысяч палякаў. Паводле дамоўленасці паміж урадамі БССР і Польскай Народнай Рэспублікі ў 1944 — 1948 гадах у рамках абмену насельніцтвам паміж СССР і Польшчай з БССР у ПНР пераселена 274,2 тысяч чалавек польскай нацыянальнасці, у тым ліку пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі ў асноўным паселеныя на заходніх і паўночных уз'яднаных землях Польшчы. У 1955 — 1959 гадах адбыўся другі этап рэпатрыяцыі палякаў з СССР, які ахапіў у асноўным польскае насельніцтва заходніх абласцей Беларусі і Украіны.
У сямейным побыце сярод старэйшага пакалення перасяленцаў дагэтуль шырока распаўсюджаная ўскраінная польская мова. Некаторыя асобы старэйшага веку карыстаюцца беларускай мовай.

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва Беларусі 1999 года, палякі складаюць 3,9 % насельніцтва краіны — перапіс зарэгістраваў 396 тысяч палякаў. У Беларусі палякі жывуць збольшага ў Гродзенскай вобласці, у раёнах, што прылягаюць да мяжы з Польшчай і Літвой. У Воранаўскім раёне палякі складаюць больш за 80 % жыхароў. Большая частка палякаў Беларусі назвала роднай мовай, а таксама мовай ужыванай дома беларускую, таксама сярод іх распаўсюджаныя польская і руская мовы. Амаль усе вернікі палякі належаць да католікаў.

Вывучэнню асаблівасцяў матэрыяльнай і духоўнай культуры палякаў у Беларусі, этнічнай гісторыі польскага насельніцтва рэспублікі спрыяла дзейнасць Міжрэспубліканскай групы па вывучэнні польскіх гаворак на тэрыторыі СССР, што існавала ў 1967 — 1984 гадах пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР паводле ініцыятывы В.Вярэніча. Вынікі даследаванняў змешчаныя ў працы «Польскія гаворкі ў СССР» (ч. 1-2. Мн., 1973). Побыт палякаў меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраныя планіроўка жылля, хата+сенцы+хата, верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер адзення, асаблівасці харчавання і інш. На сучасным этапе для беларуска-польскіх этнічных сувязяў характэрнае рознабаковае этнакультурнае збліжэнне, узаемаперайманне элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. У наш час этнакультурныя адрозненні палякаў ад насельніцтва, сярод якога яны жывуць, у шэрагу выпадкаў малавыразныя ці невыразныя.

На думку некаторых даследчыкаў, значная частка асобаў, якія цяпер адносяць сябе да палякаў (у тым ліку ў месцах кампактанага жыхарства ў заходніх раёнах Беларусі), на самой справе з'яўляюцца «апалячанымі» беларусамі, бо ў часы Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы (1921 — 1939 гады) былі паланізаваныя. На сённяшні дзень лічыцца, што ва ўмовах беларусізацыі і дэпаланізацыі беларускага каталіцкага касцёла маецца тэндэнцыя да асіміляцыі палякаў.

Найбольшая польская арганізацыя ў Беларусі — «Саюз палякаў на Беларусі» (Zwiazek Polakow na Bialorusi), які ў сярэдзіне 1990-х гадах меў каля 20 тысячаў сяброў. Пасля VI з'езда арганізацыі ў сакавіку 2005 года ўнутры ЗПБ адбыўся раскол. Адна з арганізацыяў выдае часопіс «Magazyn Polski» і газсту «Gios znad Niemna».

Увядзенне «Карты паляка» (2007 год) дало магчымасць тысячам жыхароў Беларусі атрымаць яе, пацвердзіўшы сваю прыналежнасць да польскага народу ў польскім консульстве ў Мінску, Гродне ці Брэсце.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №23 (664) чэрвень 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №24 (665) чэрвень 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №25 (666) ліпень 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [12]
Спорт [441]
Здарэнні [109]
Грамадства [227]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [7]
Каляндар
«  Жнівень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.