Чацвер, 19.10.2017, 04:40

ПАЛЯЎНІЦТВА


ПАЛЯЎНІЦТВА — адна са старажытных формаў гаспадарчай дзейнасці чалавека. Цягам многіх гістарычных эпохаў — асноўны занятак чалавека, што забяспечваў яго сродкамі існавання: ежай (мяса, масла, малако, лой, тлушч), адзеннем (скура, воўна, футра, аўчына, пёры, пух), сыравінай для вырабу прыладаў працы, зброі, упрыгожанняў, амулетаў (біўні, іклы, косці, скура, аўчына, сухажылле), а таксама будаўнічымі матэрыяламі і палівам (косці, скура, аўчына, лой, тлушч). У мінулым паляўніцтва называлі таксама ловы (лавітва).

У адрозненне ад паняцця «паляванне», якое абазначае сам працэс здабычы дзічыны, сучасны тэрмін «паляўніцтва» ахоплівае шматлікія пытанні арганізацыі, правядзення і спосабы палявання, што ажыццяўляюцца на падставе навуковых рэкамендацыяў, этычна-прававых нормаў і законаў, а таксама добраўпарадкаванне паляўнічых угоддзяў і ахову прамысловай фаўны.

У гісторыі станаўлення чалавечага грамадства паляўніцтва стала першаасновай усёй дзейнасці людзей і іх культуры. У палеаліце недасканаласць паляўнічай зброі кампенсавалася добрым веданнем звычак і нораву звяроў, а галоўнае — аблаўна-загонным паляваннем, адметнай рысай якога быў калектыўны ўдзел. Як форма гаспадарчай дзейнасці паляўніцтва прадвызначала і калектыўны характар працы, і супольнае спажыванне, якое прадугледжвала забеспячэнне ежай і тых, хто не прымаў удзелу ў паляванні, — жанчынаў, дзяцей, старых і нямоглых.

На тэрыторыі Беларусі паляўніцтва вядомае 40 — 100 тысяч гадоў таму, з моманту засялення яе першабытнымі плямёнамі, якія палявалі на маманта і касматага насарога. Пасля знікнення гэтых жывёлаў (у чым многія даследчыкі абвінавачваюць чалавека) асноўным аб'ектам паляўніцтва стаў паўночны алень. У канцы верхняга палеаліту (10 — 9 тысячагоддзі да нашай эры) у выніку адыходу рэшткавага ледавіка на тэрыторыі Беларусі наступіла пацяпленне і ўсталявалася геалагічная сучаснасць. Паступова выраслі дрымучыя лясы, у якіх рассяліліся тур, зубр, высакародны алень, лось, казуля, сарна, лань, дзік, мядзведзь, бабёр, ліс, барсук, куніца і іншыя. На мяжы верхняга палеаліту і мезаліту чалавек прыручыў сабаку, які стаў незаменным памочнікам паляўнічага, папярэджваў пра небяспеку, высочваў звера, а пры паляванні на драпежнікаў адцягваў на сябе іх увагу. У новых экалагічных умовах пашырыліся неактыўныя спосабы паляўніцтва: лоўчыя канавы і ямы, пасткі, сілы, петлі. Цягам усяго неаліту, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў і нават у пазнейшы час на долю дзічыны, рыбы, птушыны прыпадала амаль палова ўсяго спажываемага чалавекам прадукта. Рэшткі касцей прамысловай жывёлы, знойдзеныя пры раскопках археалагічных помнікаў IX — XIV стст. (у Полацку, Віцебску, Пінску, Клецку, Давыд-Гарадку, Тураве, Ваўкавыску), складаюць ад агульнай колькасці выяўленага астэалагічнага матэрыялу 31,5 %, а часам нават набліжаюцца ці пераўзыходзяць рэшткі свойскай жывёлы. У канцы ранняга сярэднявечча ў асяроддзі феадалаў набыло папулярнасць паляванне з сабакамі і сокаламі. У XV — XVII стст. у асноўным палявалі з непародзістымі дваровымі сабакамі, якіх называлі дручковымі. Яны былі незаменнымі пры паляванні на дзіка і мядзведзя. 3 XVI ст. у пісьмовых крыніцах часта ўпамінаюцца паляўнічыя сабакі для спецыялізаваных відаў палявання: агары (ганчакі), выжлы, харты, норнікі. На гусей і качак нярэдка хадзілі з прыручанымі выдрамі (часта і з сабакамі).

Сакалінае паляванне на працягу свайго існавання (X — XIX стст.) было прывілеяў вялікіх князёў, каралёў і магнатаў. Кошт выдрэсіраванага сокала ў той час быў роўны кошту двух коней ці трох валоў. Найбольш прыдатнымі лічыліся белазоры і балабаны. Першыя прыкметы фаўністычнага крызісу выявіліся ўжо ў XII — XIV стст. У археалагічных пластах XIV ст. старажытнага Полацка ўжо не сустракаюцца косці зyбpa, аленя, казулі, дзіка; Віцебска — зубра, аленя, дзіка; Лукомля — казулі. У XVI — XVIII стст. у сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем на прыроду (развіццём хімічных промыслаў па вырабе паташу, смалы-жывіцы, драўнянага вугалю, нарыхтоўкай таварнага лесу на экспарт, павелічэннем плошчаў ворнай зямлі, непамерным паляваннем, а ў XIX ст. — пракладкай чыгуначных лініяў) узмацніўся адмоўны ўплыў на прамысловую жывёлу, што прывяло да скарачэння арэалаў яе пашырэння. Зніклі цэлыя папуляцыі паляўнічых звяроў: так, у 1627 г. былі знішчаныя апошнія еўрапейскія туры, у сярэдзіне XVIII ст. — тарпаны, у пачатку XIX ст. — высакародныя алені мясцовай папуляцыі. Звяліся собалі, мядзведзі-мурашкаеды, расамахі, чорныя зайцы, лясныя каты, дрофы. У 1919 г. (паводле іншых звестак у 1921 г.) былі знішчаныя апошнія зубры.

Паляўніцтва з даўніх часоў рэгулявалася нормамі звычаёвага, пазней санкцыянаванага дзяржавай паляўнічага права. «Руская праўда» (XI ст.), з якой бярэ пачатак кадыфікаванае права ўсходніх славянаў, прадугледжвала крымінальную адказнасць за крадзеж звяроў у чужых угоддзях, птушак з перавесаў, псаванне лоўчых сетак, пастак, паляванне на чужых угоддзях і браканьерства. Але ў «Рускай праўдзе» прамысловая жывёла трактавалася яшчэ не як прыроднае багацце, што падлягае ахове, а як маёмасна-вартасная адзінка прыватнай уласнасці. Першыя крокі ў агульнадзяржаўным маштабе са свядомай мэтай забеспячэння штогадовага біялагічнага ўзнаўлення пагалоўя ляснога статку ажыццявіў у 1420 г. вялікі князь BKЛ Ягайла. 3 комплексу прадугледжаных мерапрыемстваў істотнае значэнне мела ўстанаўленне акрэсленага тэрміну палявання: увосень пасля заканчэння палявых работаў і да 7 красавіка (старога стылю). Прыкладна з таго часу на землях Беларусі ўсталяваная запаведнасць пэўных паляўнічых угоддзяў, створаны адмысловы інстытут лясной аховы. Больш паглыбленае развіццё паляўнічае права як юрыдычная сістэма мерапрыемстваў і нормаў паляўніцтва атрымала ў Статуце BKЛ, які дзейнічаў з 1529 па 1840 г. Ва ўсіх яго трох рэдакцыях(1529, 1566, 1588) маюцца прысвечаныя паляўніцтву раздзелы. Шэсць артыкулаў Статута 1529 г. «Аб ловах, аб пушчах, аб бортным дрэве, аб бабровых гонах, аб хмялішчах, аб сакаліных гнёздах» тычацца непасрэдна паляўніцтва і часткова бортніцтва. За парушэнне санкцыянаваных правілаў і нормаў (паляванне на чужых угоддзях, разбурэнне крумкачыных, сакаліных і лебядзіных гнёздаў, крадзёж і псаванне лоўчых прыладаў і інш.) прадугледжвалася дэтальна распрацаваная шкала пакаранняў — ад грашовага штрафу (з браканьераў дадаткова спаганяўся рыначны кошт забітай дзікай жывёлы) і аж да смяротнага прысуду. Артыкул «Аб бабровых гонах» прадугледжваў запаведнасць у месцах рассялення баброў. Другая і трэцяя рэдакцыі Статута (1566, 1588) захавалі асноўныя прававыя палажэнні, але значна павялічылі пакаранне за браканьерства: удвая ўзрос кошт аленя, сарны, лані, карага і чорнага бабра, утрая — рысі. У спіс звяроў, якія падлягалі ахове, дадаткова ўключылі собаля і куніцу. У XVI ст. дадаткова прынятыя тры агульнадзяржаўныя акты, у якіх поруч з іншымі пытаннямі палявой, лугавой, лясной і воднай гаспадаркі значнае месца адводзілася паляўніцтву. «Устава на валокі» (1557) падрабязна рэгламентавала ўмовы і правілы карыстання паляўнічымі ўгоддзямі, устанаўлівала новыя абмежаванні і забароны. Так, сялянам дазвалялася паляваць па сваіх валоках на воўка, лісіцу, рысь, расамаху, зайца, вавёрку і іншых дробных звяроў (у т.л. птушак). Буйных звяроў забаранялася біць нават на сваіх валоках. Знаходжанне ў гаспадарскіх пушчах або каля іх з ручніцамі (стрэльбамі) каралася смерцю. Паляванне з сабакамі на ваўкоў, лісіцаў і зайцоў было прызнанае шкодным для азімых і яравых пасеваў; шляхце таксама было забаронена займацца гэтым відам палявання. Аднак, як адзначаў Г.Валовіч у складзенай ім «Рэвізіі пушчаў і пераходаў звярыных у Вялікім Княстве Літоўскім з далучэннем грамат і прывілеяў на ўваходы ў пушчы і на землі...» (1559), сяляне мелі вялікую колькасць ручніцаў, стралялі звяроў і прыносілі пушчам вялікую шкоду.

У канцы XVI — пачатку XVII ст. галоўная ўвага аддавалася захаванню прыродных умоваў жыцця і размнажэнню звяроў. Пастанова караля Рэчы Паспалітай Уладзіслава IV (1640) абмяжоўвала высечку лесу, кустоў і нарыхтоўку лесаматэрыялаў, прадугледжвалася прымусовае высяленне з пушчаў сялянаў і скарачэнне ў іх межах пасяўных плошчаў. «Ардынацыя каралеўскіх пушчаў у лясніцтвах Вялікага Княства Літоўскага...» (1641) удасканальвала сістэму аховы жывёльнага свету і ўмацоўвала кіраўніцтва лясной гаспадаркай — былі перагледжаныя абавязкі ўсіх чыноў лясной службы: ляснічых, паляўнічых, асочнікаў, стральцоў. Забараняўся шэраг промыслаў: вытворчасць паташу, драўнянага вугалю, нарыхтоўка смалы-жывіцы, спыненае разворванне зямлі і высечка лесу, а ў Белавежскай пушчы — забаронена пракладваць новыя дарогі.

Пасля далучэння Беларусі да Расіі ў другой палове XVIII ст. паляўніцтва яшчэ доўгі час рэгулявалася законамі BKЛ. У Расійскай імперыі першы агульнадзяржаўны закон пра паляўніцтва выдадзены ў 1892 г. Аднак увядзенне паляўнічых пасведчанняў і забарона здабываць дзічыну некаторымі самалоўнымі прыладамі не аказалі станоўчага ўплыву на ўпарадкаванне паляўнічай гаспадаркі, тым больш што закон прызнаваў права палявання за ўласнікамі лясоў, балотаў, лугоў без абмежавання. Ігнаравалі закон і сяляне, сярод якіх існавала перакананне, што ўсё створанае прыродай з'яўляецца агульным здабыткам. Браканьерства часта набывала форму падсвядомага пратэсту супраць сацыяльнай несправядлівасці. Нягледзячы на тое, што царскі ўрад цягам 1831 — 1863 гг. шэсць разоў праводзіў абяззброенне насельніцтва Беларусі, браканьерства ў канцы XIX ст. дасягнула неймаверных памераў.

Канец масаваму знішчэнню прыродных багаццяў быў пакладзены пасля 1919 г. На тэрыторыі Беларусі ўпарадкаванне паляўніцтва пачалося са стварэння ў 1921 г. Усебеларускага саюза паляўнічых. У 1927 — 1933 гг. выдаваўся часопіс «Паляўнічы Беларусі», што асвятляў дзейнасць паляўнічых арганізацыяў, друкаваў парады і афіцыйныя распараджэнні па разнастайных пытаннях. У 1924 г. у Беларускім дзяржаўным інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі і ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце быў уведзены курс навуковых асноваў паляўніцтвазнаўства. У выніку стварэння ўмоваў узнаўлення дзікіх жывёлаў і прававога рэгулявання паляўніцтва ў краіне даведзеная да прамысловага ўзроўню колькасць парнакапытных, баброў, лясной, палявой і балотнай птушкі.

Колькасна-відавы паказчык фаўны беларускіх лясоў апошнім часам падтрымліваецца з нязначнымі сезонна-гадавымі ваганнямі на прамысловым узроўні. Паляўніцтва на дзікіх жывёлаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, забароненае. На забеспячэнне натуральнай рэпрадукцыі асноўных відаў дзікай жывёлы заснаванае прамысловае, спартыўнае і аматарскае паляўніцтва.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №27 (668) ліпень 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №28 (669) жнівень 2017 год;
«Краязнаўчая газета» №29 (670) жнівень 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [13]
Спорт [464]
Здарэнні [116]
Грамадства [233]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [9]
Каляндар
«  Кастрычнік 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.