ПАПРОЦКІ Францішак
ПАПРОЦКІ Францішак [10.06.1723 — 02.07.1805 (?)]— выдавец, перакладчык, гісторык. Родам з Беларусі. Вучыўся ў Полацкай, Слуцкай, Нясвіжскай і Гродзенскай езуіцкіх калегіях. У 1753 — 1756 гадах выкладаў у Варшаве. 3 1757 года у Вільні, выкладчык Віленскай езуіцкай акадэміі, доктар філасофіі (1758). Прадоўжыў распачатае Я.Пашакоўскім выданне віленскіх «Палітычных каляндарыкаў», дзе друкаваў звесткі па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы.
3 1760 года узначаліў віленскую акадэмічную друкарню, у якой у 1760 — 1762 гады выдаваў і рэдагаваў першы на тэрыторыі Літвы і Беларусі інфармацыйны штотыднёвік «Kurier Litewski» («Літоўскі кур'ер») з штомесячным дадаткам «Wiadomosci Literackie» («Літаратурныя весткі»), дзе змяшчалася шмат матэрыялаў з Беларусі. Там жа надрукаваў гістарычную працу К.Галоўкі «Хатнія звесткі пра Вялікае Княства Літоўскае» (1760) і ўласную кампіляцыю «Найбольш значныя войны...» (1763).
У 1765 — 1768 гады рэктар Ковенскай калегіі, потым у Варшаве займаў розныя пасады ў ордэне езуітаў. Пераклаў з французскай на польскую мову кнігу К.Нано «Памылкі Вальтэра» ( Нясвіж, 1781). Прытрымліваўся поглядаў памяркоўнага крыла асветнікаў.
Крыніца: «Краязнаўчая газета» №40 (681) кастрычнік 2017 год |