Нядзеля, 17.12.2017, 14:43

ПАРК


ПАРК (ад познелацінскага parricus агароджанае месца) — зямельны ўчастак з натуральнай або спецыяльна пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, прысадамі (алеямі), вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў.

Паркі, як і сады, ствараюцца ў гарадскіх і сельскіх населеных месцах сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з'яўляюцца асноўнымі элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гарадской забудове, ў буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, што аб'ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення.

У залежнасці ад размяшчэння ў планіровачнай структуры горада і рэгіёна і значэння вылучаюцца: паркі жылых раёнаў, планіровачных раёнаў, : агульнагарадскія, раённыя, рэгіянальныя, рэспубліканскія. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10-30 га) і вялікія (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэваў, прысады, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкаратыўныя расліны, кветнікі ды іншае. Вялікае значэнне мае выкарыстанне малых формаў у архітэктуры (альтанкі, вазы, лаўкі, дэкаратыўныя скульптуры, павільёны ды іншыя). Парадным месцам парку з'яўляецца партэр. У стварэнні мастацкай выразнасці паркавых кампазіцыяў вялікую ролю адыгрываюць паркавы пейзаж, перспектыва паркавая і асноўныя сродкі кампазіцыі (маштаб, прапарцыйнасць, кантраст, нюанс і іншыя).

Паркі вядомыя з даўніх часоў: у Старажытным Егіпце, Старажытнай Грэцыі, Старажытным Рыме і інш. Дэ-каратыўнасцю вызначаюцца паркі феадальнай эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі, Персіі ды інш. Перыяду класіцызму ўласцівы рэгулярны парк французскага тыпу з дакладнай геаметрычнай планіроўкай (у Версалі, Францыя, XVII ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных парках англійскага тыпу, якім уласцівая свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб'ектаў (Стоў у Англіі, XVIII ст.).

На тэрыторыі Беларусі найбольш старадаўнія паркі, што зберагліся, адносяцца да XVIII ст. Яны захоўваюць стылявыя асаблівасці садова-паркавага мастацтва той эпохі. Многія старадаўнія паркі з каштоўнымі дэндралагічнымі асаблівасцямі ахоўваюцца як помнікі прыроды. Узорамі рэгулярнай планіроўкі з'яўляюцца Бачэйкаўскі парк, Вялікамажэйкаўскі парк, Дубайскі парк. У канцы XVIII — XIX ст. былі пашыраныя пейзажныя паркі: Нясвіжскія паркі, Гомельскі парк, Жыліцкі парк, Вердамідскі парк, Гарадзецкі парк і іншыя. У XIX ст. з'явіўся новы тып парку — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве, Чэрыкаве, Рагачове). У пачатку XX ст. пачала фармавацца развітая сістэма азелянення паселішчаў, стварацца здаровае і маляўнічае асяроддзе для працы і побыту насельнікаў. З'явіліся новыя тыпы паркаў: паркі культуры і адпачынку, дзіцячы (Цэнтральны дзіцячы парк у Мінску), спартыўны (у мікрараёне Паўночны ў Баранавічах), мемарыяльны (паркі, што звязаныя з імем Адама Міцкевіча ў Навагрудку, у вёсцы Шчорсы Навагрудскага раёна, у вёсцы Бальценікі Воранаўскага раёна; гарадскі парк у Кобрыне; парк Перамогі ў Мінску, Мазыры, Рэчыцы; імя Янкі Купалы ў Мінску); заалагічныя (у Гродне).

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №44 (685) снежань 2017 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [137]
Адукацыя [13]
Спорт [489]
Здарэнні [116]
Грамадства [243]
Эканоміка [10]
Транспарт [67]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [9]
Каляндар
«  Снежань 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.