Субота, 27.07.2024, 02:57

ПАРТЫЗАНСКІЯ ПЕСНІ

Галоўная »
ПАРТЫЗАНСКІЯ ПЕСНІ – спецыфічны песенны цыкл, што склаўся ў партызанскіх фармаваннях у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Беларускія партызанскія песні ўтвараюць найбольш багаты пласт сучаснага фальклору. Падзяляюцца на безыменныя народныя песні (напрыклад, «Ой, на лузе, пры дубочку»), творы самадзейных складальнікаў («Песня пра Лаўскі бой» П.Ліпілы), фалькларызаваныя ўзоры савецкай масавай песні («Наканівараным» У.Захарава).

Асобную катэгорыю складаюць так званыя песні-пераробкі, заснаваныя на абнаўленні зместу папулярных народных і савецкіх масавых песень пры захаванні інтанацыйнай асновы напеваў, рытмікі і паэтычнай сістэмы першапачатковага тэксту (цыклы песень на мелодыі « По долинам и по взгорьям», «Катюша»). У адпаведнасці з пашырэннем вылучаюць песні асобных партызанскіх злучэнняў (маршы, гімны атрадаў і брыгадаў, апавяданні пра герояў), што гучалі і на вайне на традыцыйных злётах і сустрэчах былых партызанаў, і агульнанародныя партызанскія песні, што трывала ўвайшлі ў фонд народна-песеннай класікі. У залежнасці ад абставінаў партызанскія песні выконваліся сола ці хорам, часта з акампанементам гармоніка, баяна, акардэона, гітары, радзей скрыпкі ці інструментальнага ансамбля. Вядома больш за 60 аўтараў словаў партызанскіх песеннікаў (прыкладна 200 песенных тэкстаў) і больш за 20 аўтараў мелодыяў.

Паэтычныя тэксты складаліся на беларускай і рускай мовах. Змест партызанскіх песень высокапатрыятычны: у іх адлюстраваныя любоў да Радзімы, гатоўнасць аддаць жыццё за яе свабоду, глыбокае пачуццё чалавечай годнасці, гнеў і нянавісць да фашысцкіх захопнікаў. Жанравая разнастайнасць твораў абумоўленая спецыфічнай эстэтычнай функцыяй: гімн-марш (тыпу канта), песня-хроніка, гераічная балада, лірычная песня-раманс (маналог, зварот да сябра, ліст да каханай і іншых). Вылучаюцца цыкл развітальных песень, што паводле музычнай стылістыкі набліжаныя да сялянскіх «зацягучых», і частушка-памфлет. У іх змесце, паэтычнай вобразнасці, інтанацыйным складзе яскрава выяўляюцца рысы наватарства.

Меласу песень уласцівая заклікальнасць, фанфарнасць, лозунгавая афарыстычнасць. Для паэтычных тэкстаў характэрная перавага чатырохрадковай страфы (у прыпеўках і двухрадковай). Музычная рытміка вызначаецца яркай акцэнтнасцю: часта сустракаюцца (а пры запазычанні напеву дадаткова ўносяцца) пункцірныя рытмічныя фігуры, раптоўныя паўзы, сінкопы.

Шматграннасць выяўленага ў партызанскай песні жыццёвага зместу і спосабаў яго мастацкага ператварэння, масавасць партызанскай творчасці, пастаяннае сутыкненне і ўзаемадзеянне розных яе адгалінаванняў прывялі да фармавання сем'яў роднасных сюжэтаў і напеваў ва ўсім багацці іх шматлікіх варыянтаў.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №14 (703) красавік 2018 год;
«Краязнаўчая газета» №15 (704) красавік 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 49
Гасцей: 49
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.