Субота, 27.07.2024, 09:58

ПАСКОРАНАСЦЬ у развіцці літаратуры

Галоўная »
ПАСКОРАНАСЦЬ у развіцці літаратуры — унутраная заканамернасць існавання некаторых нацыянальных літаратураў, што доўгі час развіваюцца ў неспрыяльных грамадска-палітычных умовах. Гэты працэс уласцівы многім народам Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Азіі, якія доўга знаходзіліся на стадыі запаволеных гістарычных зменаў.

Народы з высокім узроўнем культуры развіцця зведалі ў мінулым працэс сацыяльнай, духоўнай і культурнай паскоранасці. Паскорана развівалася культура і літаратура многіх славянскіх народаў: балгараў, чэхаў, славакаў, сербаў, харватаў, славенцаў, чарнагорцаў, а таксама беларусаў і ўкраінцаў. Працэсу паскоранасці папярэднічае ўплыў больш развітых літаратураў, асабліва роднасных і блізкамоўных (для беларускай гэта руская, украінская і польская). Паскораны характар развіцця беларускай літаратуры першым адчуў і заўважыў Максім Багдановіч: «...за восем-дзевяць год свайго праўдзівага існавання наша паэзія прайшла ўсе шляхі, а пачасці і сцежкі, каторыя паэзія еўрапейская пратаптывала болей ста год. 3 нашых вершаў можна было б лёгка зрабіць "кароткі паўтарыцельны курс" еўрапейскіх пісьменніцкіх напрамкаў апошняга веку. Сентыменталізм, рамантызм, рэалізм і натуралізм, урэсьце, мадэрнізм — усё гэтае, іншы раз нават у іх розных кірунках, адбіла наша паэзія, праўда, найчасцей бегла, няпоўна, але ўсё ж такі адбіла. Вялікую ўнутраную рухавасць мае яна — аб гэтым не можа быць і споркі» (артыкул «Забыты шлях» у кнізе «Збор твораў», том 2, 1968 год).

Паскоранасць — гэта адступленне ад заканамернасцяў класічнага развіцця літаратураў, якое суправаджаецца сцяжэннем і нават выпадзеннем асобных перыядаў эстэтычнай эвалюцыі, уласцівай развітым літаратурам, змяшэннем і недастатковай выяўленасцю метадаў і стыляў. Напрыклад, у беларускай літаратуры класіцызм не стаў акрэсле-ным кірункам, а рамантычны кірунак выявіўся ў ёй няпоўна і суіснаваў адначасова з рэалізмам.

Паскоранасць — унутранае супраціўленне літаратуры неспрыяльным умовам развіцця. Гэта вымушаны стан літаратуры, хоць разам з тым прыкмета жывой і актыўнай свядомасці народа, які не хоча змірыцца з адсталасцю. Паскоранае развіццё і як яго вынік здольнасць не страчваць эстэтычнай блізкасці па агульных крытэрыях з перадавымі літаратурамі — абарончы ўнутраны сродак, які памагаў беларускай літаратуры да 1905 года выстаяць перад асіміляцыйнай палітыкай царскіх уладаў, гарантаваў ёй самабытны шлях развіцця.

Працэсу паскоранасці ўласцівы «дагон». Літаратура, якая «даганяе», каб не ператварыцца ў адсталую, спяшаецца за развіццём эстэтычнай свядомасці чалавецтва, але ў яе няма магчымасцяў і часу для грунтоўнага і працяглага засяроджання на вырашэнні мастацкай задачы, а спешка пры недахопе і слабасці творчых сілаў звязаная з незавершанасцю ідэйна-эстэтычных з'яваў, разрэджанасцю літаратурнага працэсу, малалікасцю мастацкіх твораў. Пры паскоранасці, каб хутчэй замацавацца на лініі новага рубяжа, дасягнутага развітымі літаратурамі свету, «пераскокваюцца» цэлыя этапы літаратурнага развіцця, аднак прапушчаны, неасвоены этап страчваецца не заўсёды. Пры спрыяльных грамадскіх умовах мастацтва актывізуецца, набліжаецца да «нармальных» тэмпаў развіцця, яго творчыя сілы большаюць, і яно атрымлівае магчымасць як бы вярнуцца назад, падцягнуць і засвоіць упушчанае.

У рэалізме беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя з большай паўнатой і глыбінёй вырашаліся эстэтычныя задачы, што стаялі перад мастацкай творчасцю часоў Францішака Багушэвіча (рамантызацыя стылю, пашырэнне лірычнай плыні ды іншага). У кожнай нацыянальнай літаратуры паскораны працэс мае свае адрозненні, але суправаджаецца і некаторымі сталымі мастацкімі асаблівасцямі, уласцівымі ўсім літаратурам, што маюць адзнакі запозненасці: яны не ведаюць дэкадэнцкага «адчужэння» чалавека, у іх няма крайнасцяў у стылёва-жанравым развіцці, у адрозненне ад развітых літаратураў, што захапляюцца адным кірункам або стылем, адным фармальным адкрыццём. Гэтыя літаратуры прытрымліваюцца пераважна толькі неабходнага.

Беларуская літаратура працяглы час «даганяла» развітыя, таму па шляхах яе гісторыі панавала неабходнасць, «класічная» прастата, што было не столькі заслугай і дасягненнем, колькі вымушанай якасцю. Пасля стварэння Беларускай ССР з'явіліся ўмовы для ўздыму духоўнай культуры, у беларускай літаратуры паступова аслабляліся важнейшыя працэсы паскоранасці, хоць і ў савецкі час некаторыя з іх заставаліся жывымі. У выніку беларуская літаратура паводле агульнага ўзроўню ідэйна-эстэтычнага мыслення збліжалася з развітымі літаратурамі, найперш з рускай.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №22 (711) чэрвень 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.