Субота, 27.07.2024, 04:05

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Галоўная »
ПАСЛЯСЛОЎЕ — дадатак аўтара ці іншай асобы да літаратурнага твора або кнігі, дзе прыводзіцца інфармацыя, звязаная са зместам твора (кнігі), гісторыяй яго напісання і гэтак далей. Аўтарскае пасляслоўе не мае самастойнага літаратурнага значэння, бо яно — частка твора, элемент яго архітэктонікі і злучанае з творам не фабульнай (як у эпілогу), а ідэйнай сувяззю. Вызначаецца часцей лірыка-публіцыстычным стылем.

На землях Беларусі пасляслоўі вядомыя з даўніх часоў. Яны змяшчаліся ў старажытных рукапісных кнігах у выглядзе сціслых звестак пра перапісчыка, час і месца напісання кнігі. Пазней такія звесткі пашырыліся, у іх выяўляліся пачуцці радасці з прычыны завяршэння кнігі, часам давалася ацэнка таму ці іншаму князю, каралю, цару, пры якім кніга была перапісаная (напрыклад, «Пахвала Вітаўту» ў кнізе словаў Ісака Сірына). Традыцыю рукапісных пасляслоўяў працягваў Ф.Скарына ў выданнях, дзе змяшчаў паведамленні пра месца, час надрукавання, пра перакладчыка-друкара.

Да твораў мастацкай літаратуры аўтарскія пасляслоўі пішуцца рэдка, звычайна ў сувязі з выданнем твора, калі ёсць моцная неабходнасць выказацца перад чытачом. Так, Янка Маўр напісаў пасляслоўе да рамана «Амок» (да выданняў 1933, 1946, 1950, 1960 гадоў), дзе адзначаў, што само жыццё дапісвала раман: у пасляслоўі паказанае далейшае развіццё барацьбы інданэзійскага народа супраць каланізатараў, што была адлюстравана ў творы. Уладзімір Караткевіч у пасляслоўі да выдання рамана «Каласы пад сярпом тваім» у перакладзе на рускую мову (Мінск, 1977 год) вядзе гаворку пра трагічныя перспектывы сваіх любімых герояў і звязаныя з гэтым маральныя цяжкасці пры напісанні працягу твора. Такое пасляслоўе — нібы літаратурны мост паміж першымі і наступнымі кнігамі рамана. Пасляслоўе А.Лойкі ў рамане-эсэ «Як агонь, як вада...» (1984 год) змяшчае заключныя штрыхі біяграфіі і рамантычнага аблічча асноўнага героя — Янкі Купалы.

Пасляслоўе, напісанае іншым пісьменнікам, крытыкам, укладальнікам кнігі, з'яўляецца рэкамендацыяй кнігі (твора) чытачу. У ролі пасляслоўя да зборніка А.Разанава «Шлях-360» (1981 год) выступае В.Бечык з артыкулам «Шляхам пошукаў», прысвечаным творчасці паэта. Пасляслоўі такога тыпу становяцца прадмовамі, калі змяшчаюцца ў пачатку кнігі.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» №23 (712) чэрвень 2018 год
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 42
Гасцей: 42
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.