Субота, 27.07.2024, 02:29

ПЛУГ

Галоўная »
ПЛУГ у сельскай гаспадарцы (ад протагерманскага plogaz) — сельскагаспадарчая прылада для асноўнай апрацоўкі глебы ў часе падрыхтоўкі да пасяўной насення або пасадкі раслінаў.

Ёсць розныя версіі аб паходжанні назвы прылады. Паводле адной — паходзіць ад праславянскага plugb, што не мае агульнавызначанай этымалогіі. Згодна з адной версіяй, слова славянскае, і звязанае з дзеясловам pluziti («цягнуць па зямлі», параўнайце чэшскае plouhati, plouziti — «цягнуць па зямлі», польскае pluzyc — «цягацца», украінскае плуганити — «павольна ісці»), што можа паходзіць ад праіндаеўрапейскага plou-, pleu- («цягаць», «цекчы», «ліць», «ліцца»], a -g- у такім разе тут суфікс. Менш верагоднае вывядзенне славянскіх формаў ад прагерманскага ploga, да якога зыходзяць старажытнаверхненямецкае pfluog, pfluoc, старажытнаісландскае plogr, старажытнаанглійскія plog, ploh.

Плуг з'явіўся як вынік развіцця прыладаў для апрацоўкі глебы; папярэднікі рала, саха і саха з металічным адвалам.

Плугі цягнулі прыстасаваннямі людзі, потым прыладжвалі валоў а яшчэ пазней — коней. Пасля індустрыяльнай рэвалюцыі плугі цягнулі трактары. Плугі могуць быць вырабленыя з дрэва, жалеза або сталі. З'яўляецца асноўным інструментам для большай часткі чалавецтва на працягу ўсёй гісторыі, і ўяўляе сабой адно з галоўных дасягненняў у сельскай гаспадарцы.

Асноўная мэта арання плугам — вывернуць верхні пласт глебы і насыціць паверхню карыснымі рэчывамі знізу, пры гэтым загарнуўшы ў зямлю пустазелле і ўсё, што засталося ад леташняга ўраджаю. Аранне таксама неабходнае для аэрацыі глебы, як і для дадатковага насычэння яе вільгаццю і падкормкай.

Напачатку адвалы плуга рабілі з дрэва ў выглядзе падоўжанага прамавугольніка. Паколькі ж да дрэва зямля наліпае мацней, чым да металу, то пазней адвалы пачалі рабіць з чугуну або жалеза і надаваць увагнутую форму, месцамі — выпуклую, так што адвал меў выгнутую вінтападобную паверхню. Стальныя плугі з'явіліся ў часе прамысловай рэвалюцыі; яны былі больш лёгкімі і моцнымі, чым вырабленыя з жалеза ці дрэва. Першы стальны плуг вынайшаў амерыканскі каваль Джон Дзір у 1830-я гады і ім кіраваў чалавек, які ішоў за плугам, трымаючыся за дзве ручкі і рэгулюючы напрамак баразны і глыбіню ворыва. Араты часта кіраваў і рухам жывёлаў, што цягнулі плуг.

Пазней з'явіліся плугі, дзе араты ўжо сядзеў на спецыяльным сядзенні на колах, а плуг меў некалькі лемяхоў. Сучасныя плугі падзяляюць:
— паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя і дыскавыя;
— паводле роду цягі — на трактарныя (навясныя, паўнавясныя і прычэпныя), конныя, канатныя;
— паводле ліку рабочых органаў — на адна-, двух- і шматкорпусныя;
— паводле прызначэння — для асноўнага абворвання (агульнага прызначэння) і спецыяльныя;
— паводле спосабу абворвання — на барознавыя, тыя, што працуюць ва ўзвал і ў развал (атрымліваюцца звальныя грэбні і раз'ёмныя барозны), і для гладкага ворыва.

Выкарыстанне плуга знізілася ў некаторых абласцях, часцяком з прычыны пагрозы пашкоджання і эрозіі глебы, на карысць дробнага ўзворвання і іншых менш інвазіўных метадаў апрацоўкі глебы. На сённяшні дзень у некаторых рэгіёнах праводзяцца адмысловыя спаборніцтвы ўзворвання зямлі плугам (напрыклад, у Вялікабрытаніі праводзіцца Нацыянальны чэмпіянат узворвання плугам).

Людзі заўсёды з вялікай пашанаю ставіліся да прыладаў апрацоўкі глебы. Так, у сярэднявеччы крадзеж плуга лічылі цяжкім злачынствам і каралі калесаваннем. Нельга было прымаць плуг у заклад. Той, хто станавіўся за плуг, лічыўся дарослым чалавекам.

У земляробчых культах саха ці плуг маюць культавае значэнне, бо ўдзельнічаюць у каляндарных абрадах — напрыклад, «першай баразны». У многіх земляробчых народаў вядомы рытуал абворвання, што засноўваецца на асацыяцыі баразны, праведзенай плугам, з мяжою, што аддзяляе засвоеную, акультураную прастору ад хаосу знешняга навакольнага асяроддзя.

У геральдыцы плуг выкарыстоўваецца як эмблема земляробства і сімвал новага жыцця. У першыя гады існавання Савецкай Расіі плуг скарыстоўваўся як эмблема працоўнага сялянства і адзін час адлюстроўваўся з молатам, пакуль яго ў гэтай якасці не выцесніў серп. Выява плуга была на савецкіх манетах (1920-я гады); сілуэт плуга таксама меўся на ордэне Чырвонага Сцяга і на медалях некаторых краінаў Усходняй Еўропы (напрыклад, у Чэхаславакіі, 1948 — 1989 гады). Ёсць выявы плуга на гербах некаторых краінаў, штатаў, гарадоў свету.

Крыніца: «Краязнаўчая газета» № 28 (765) кастрычнік 2019 года;
«Краязнаўчая газета» № 29 (766) лістапад 2019 года
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [38]
Спорт [1411]
Здарэнні [480]
Грамадства [482]
Эканоміка [37]
Транспарт [148]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Ліпень 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 39
Гасцей: 39
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.