РАЗДЗЯЛАВІЧЫ (Раздяловичи - русс.) — вёска ў складзе Хатыніцкага с/с, за 27 км на паўднёвы захад ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі
Ганцавічы, на рацэ Бобрык (прыток р.Прыпяць) і аўтадарозе Выганашчы — Хатынічы, каля Раздзялавіцкага вадасховішча. 1385 жыхароў (14.10.2009 г.).
Паводле пісьмовых крыніц Раздзялавічы вядомы з 16 ст. як сяло ў Новагародскім ваяводстве ВКЛ. У 1589 г. князь М.К. Радзівіл падараваў вёску нясвіжскім езуітам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1793 г. ў складзе Расійскай імперыі; сяло (ці паводле іншых крыніц вёска) Хатыніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерні, уласнасць Радзівілаў, потым Патоцкіх. У 1886 г. сяло, 29 двароў 314 жыхароў, дзейнічала праваслаўная царква, прыпісаная да Хатыніцкага праваслаўнага прыхода. Паводле перапісу 1897 г. вёска, 34 двары. 574 жыхары, праваслаўная царква, хлебазапасны магазін, піцейны дом.
З сакавіка 1921 г. ў складзе Польшчы, вёска Хатыніцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства, у верасні 1921 г. 109 дамоў 488 жыхароў.
З 1939 г. ў складзе БССР. 3 15.01.1940 г. ў Ганцавіцкім раёне Пінскай вобласці, з 12.10.1940 г. ў Хатыніцкім с/с. У 1940 г. — 188 двароў, 873 жыхары, створаны калгас «17 Верасня».
У Вялікую Айчынную вайну з 30.06.1941 г. да 07.07.1944 г. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінулі ў баях з ворагам ці прапалі без вестак 23 воіны-землякі.
З 08.01.1954 г. ў Брэсцкай вобласці. Паводле перапісу 1959 г. 688 жыхароў. У 1962-66 гг. у Ляхавіцкім раёне. Паводле перапісу 1970 г. 1420 жыхароў.
У вёсцы сярэдняя школа, дзіцячыя яслі-сад, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне сувязі, гандлёвы цэнтр, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, фельчарска-акушэрскі пункт, млын, ветэрынарны пункт, школа верхавой язды. Аснову забудовы складае прамалінейная, двухбакова забудаваная вуліца, арыентаваная з захаду на ўсход, да яе ў цэнтры з паўночнага боку прымыкаюць 2 вуліцы (арыентаваныя з поўдня на паўночны ўсход і з паўднёвага захаду на паўночны ўсход), а таксама некалькі завулкаў і адасобленых участкаў забудовы.
Каля Раздзялавічаў 2 помнікі Вялікай Айчыннай вайны — абеліск на брацкай магіле 4 савецкіх лётчыкаў, якія загінулі ў паветраным баі ў 1941 г., і абеліск на брацкай магіле 2 савецкіх воінаў і 5 мірных жыхароў, што загінулі ад рук акупантаў. Абодва абеліскі ўстаноўлены ў 1975 г.