Чацвер, 28.03.2024, 23:05

ВАРАЖБА

Галоўная »
ВАРАЖБАабрады і рытуалы, якія павінны былі прадказаць будучыню ці неабходныя паводзіны чалавека з дапамогаю звышнатуральнай сілы. Варажба была адным з самых істотных кампанентаў традыцыйнай духоўнай культуры, у тым ліку, безумоўна, і беларускай.

Варажба – комплекс магічных практык і дзеянняў, закліканых прадвызначаць будучыню, прасвятліць невядомае ў мінулым ці ў прасторава – адлеглай сучаснасці. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з крышталізацыяй веры ў існаванне пэўнага касмічнага парадку, які быў засведчаны людзьмі праз назіранне і супастаўленне з’яваў прыроды, астранамічных цыклаў, паводзін жывёлаў і інш. Варажба – свайго роду камунікатыўнае ўзаемадзеянне чалавека з навакольнай рэчаіснасцю, якая ёсць для яго ў пэўнай ступені крыніцай інфармацыі. Тэхніка мантычных аперацый пабудавана як устанаўленне адпаведнасці знакаў і значэнняў. Гэта адпаведнасць невыпадковая, паміж кожным знакам і яго інтэрпрэтацыяй ляжаць глыбокія светапоглядныя сувязі, якія абумоўліваюць сімвалізацыю адпаведнай рэаліі. Найперш варажба прадугледжвае ўстанаўленне кантакту са звышнатуральнымі істотамі з мэтай атрымання ведаў пра будучыню.

Поспех у сустрэчы з духамі самага рознага кшталту забяспечваў цэлым комплексам умоў, лакальнымі і тэмпаральнымі характарыстыкамі рытуалу, якія ўсе агулам і кожны паасобку былі накіраваныя на здыманне межаў паміж рознымі светамі і атрыманне з "таго" боку адпаведнага знаку. Каб наладзіць кантакт, той, хто збіраўся варажыць, здымаў крыж і пояс – "размыкаў" абарончую мяжу, развязваў вузлы, часам распранаўся, заплюшчваўся, маўчаў і да т.п. Спрыяльнымі для дасягнення мэтаў варажбы станавіліся месцы нежылыя, "пагранічныя” (печ, парог, вароты, ростані і г.д.), і час, які таксама вылучаўся межавымі, пераломнымі характарыстыкамі.

Рытуалы варажбы ў славян былі добра вядомыя ўжо візантыйцу Пракопу Кесарыйскаму (VII ст.). Ён адзначаў: калі славяне шануюць духаў прыроды і багоў, яны прыносяць ім ахвяры і адначасова варожаць па гэтых ахвярах. Пра асаблівую значнасць для палабскіх славян абрадаў варажбу ў адзін голас сведчаць усе нямецкія сярэднявечныя храністы (X – XI стст.). Адзін з іх, Гельмольд, указвае на прычыну ганаровага стану святароў ў славянскіх плямёнах: "Кароль жа у іх знаходзіцца ў меншай пашане ў параўнанні са святаром. Бо той пільна разглядае адказы [боства] і тлумачыць вызнанае ў варажбе. Ён ад указанняў варажбы, а кароль і народ ад яго ўказанняў залежаць”. Надзвычайная роля варажбы ў дзяржаўным і сельскагаспадарчым жыцці палабскіх славянаў бачная і ў тым, што ўсе дзеянні пачыналіся толькі пасля адпаведных абрадаў варажбы: кірункі вайсковых паходаў, чаканні на ўраджайнасць на лета, даты рэлігійных святаў, колькасць ахвяраў у гонар багоў ды інш. Калі вынікі варажбы былі адмоўныя, славяне адмаўляліся ад задуманай справы. Палабскія плямёны ганарыліся праўдзівасцю сваіх аракулаў.

На Беларусі пачатку XX ст. вылучалі два роўні варажбы. Прафесійна варажбой займалася вузкая катэгорыя людзей – "варажбітаў". У выніку спецыялізавана – паглыбленага назірання за сусветам і міжпакаленнай перадачы досведу варажбіты дасягалі вялікай дакладнасці ў вызначэнні спрыяльных, "добрых" дзён для розных этапаў сельскагаспадарчай дзейнасці, промыслаў і чалавечай жыццядзейнасці. Валоданне "аматарскім" узроўнем варажбы было ўласціва большай частцы традыцыйнай супольнасці. Яго спецыфікай было выкарыстанне не толькі штодзённых назіранняў, але і прыкмет паводле падабенства з чаканым, меркаваным або непажаданым. Найбольш распаўсюджана была варажба на каляды. Прадказанне набывала надзвычайную актуальнасць у перыяд зімовага сонцазвароту таму, што, паводле ўяўленняў, менавіта гэты час характарызуецца найбольшай дэструкцыяй касмічнага парадку (вяртанне хаосу). Такім чынам варажба заклікана ўпарадкаваць будучыню. Як прафесійная, так і аматарская варажба шмат увагі аддавала асабістаму лёсу чалавека.

Вылучаюцца варожбы гаспадарчыя, накіраваныя на атрыманне ведаў пра будучы ўраджай, прыплод жывёлы, важныя падзеі, варажба аб уласным здароўі, часе смерці і найбольш шматлікая група варажба аб будучым замужжы, характары ці выглядзе мужа/жонкі, колькасці дзяцей і да т.п.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.