Субота, 20.04.2024, 07:15

ВАЎКАВЫСКА-КАМЯНЕЦКІ СТРОЙ

Галоўная »
ВАЎКАВЫСКА-КАМЯНЕЦКІ СТРОЙ – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Панямонні; бытаваў у асяроддзі сялян і дробнай шляхты ў Ваўкавыскім, Пружанскім і Камянецкім раёнах.

Ваўкавыска-Камянецкі строй
Ваўкавыска-Камянецкі строй.
Фрагмент андарачнай тканіны. Вёска Новы Двор Свіслацкага раёна


Гарнітур жаночага летняга адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта (неабавязковая частка гарнітура), пояса, галаўных убораў і ўпрыгожанняў. Кашуля мела глыбокі разрэз пазухі і высокі стаячаадкладны каўнер. Удоўж рукавоў і па цэнтры кашулі чырвонымі або чырвона-чорнымі ніткамі (горынь) вышывалі раслінныя, зааморфныя і геаметрычныя ўзоры. Сакавітасцю бурачковых, малінавых, фіялетава-сініх фарбаў, арнаментальнай узорыстасцю нізу вылучаліся спадніцы-андаракі з вертыкальнымі складкамі. Арнамент яркіх кантрастных паскаў і клетак дапаўняўся разнаколернымі пальметамі (зоркамі, кветкамі), раскіданымі ўздоўж ніжняй дамінуючай палосы шляка. Фартух шылі з адной (радзей дзвюх) полак белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай процягам або гладдзю геаметрычнага ці расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чорнай шарсцянкі, аздаблялі паліхромнай вышыўкай расліннага арнаменту, каляровай аблямоўкай зрэзаў верхняга крыса, проймы і гарлавіны. Традыцыйныя галаўныя ўборы (наміткі, чапцы, каптуры) шылі з чырвонага ці сіняга паркалю, шарсцянкі або бардовага атласу, аздаблялі тасёмкай бліскучага жоўтага галуну і гафрыраваным паскам белага цюлю. Дзяўчаты завязвалі разна-колерныя хусткі, да якіх з левага боку мацавалі букецік жывых або штучных кветак. Шыю ўпрыгожвалі бісернымі пацеркамі, стужкамі, рукі — пярсцёнкамі-жуковінамі.

Ваўкавыска-Камянецкі строй
Жанчыны ў летнім адзенні. Вёска Мікалаева Камянецкага раёна

Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, даматканы разнаколерны пояс. Кашулю з адкладным каўняром сціпла аздаблялі чырвонай вышыўкай на каўняры і падоле. Нагавіцы шылі з суравога палатна або з пярэстай (у клеткі, паскі) паўшарсцянкі.

Мужчынскае і жаночае верхняе адзенне складалі світы-сярмягі, курткі, кажухі і інш. Адмысловасцю крою і апрацоўкі вызначаліся фалдзістыя світы, сярмягі з адразной лініяй таліі. Удала спалучаліся з кроем дэкаратыўныя складкі, нашыўкі чорнага аксаміту, узоры раслін, спіралей, простых ліній.

Аўтар: М.Ф. Раманюк
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.