Субота, 20.04.2024, 02:38

ВАЎКАВЫСКІ ВАЕННА-ГІСТАРЫЧНЫ МУЗЕЙ імя П.І.Баграціёна

Галоўная »
ВАЎКАВЫСКІ ВАЕННА-ГІСТАРЫЧНЫ МУЗЕЙ імя П.І.Баграціёна заснаваны ў г.Ваўкавыск у 1935 г. на грамадскіх пачатках як краязнаўчы музей. З 01.01.1940 г. дзяржаўны. Заснавальнік — краязнавец і археолаг Г.І.Пех. У Вялікую Айчынную вайну музей разрабаваны нямецка-фашысцкімі акупантамі, большасць экспанатаў знішчана. Паводле рашэння Ваўкавыскага райвыканкама ад 16.04.1946 г. і Гродзенскага аблвыканкама ад 09.08.1946 г. адноўлены як Ваўкавыскі раённы краязнаўчы музей. Для наведвальнікаў адкрыты 01.09.1948 г. Рашэннем Ваўкавыскага райвыканкама ад 15.02.1949 г. музею перададзены будынак былога сядзібнага дома, пабудаванага ў 1805 г., дзе ў вайну 1812 г. знаходзілася штаб-кватэра камандуючага рускай 2-й Заходняй арміяй генерала П.І.Баграціёна. У 1949 г. пачалася перадача Ваўкавыскаму музею экспанатаў ліквідаванага Ленінградскага артылерыйскага гістарычнага музея. У 1950 г. перад будынкам музея ўстаноўлены бронзавы бюст П.І.Баграціёна (скульптар З.Азгур). 23.02.1953 г. краязнаўчы музей пераўтвораны ў ваенна-гістарычны, яму нададзена імя П.І.Баграціёна. Музеем кіравалі Г.І.Пех, У.Дз.Гушчын, Г.В.Іўчын, Р.Р.Бурдакоў, А.В.Парфіновіч, М.І.Дарожкін, А.П.Чарныш, А.Л.Ярашэвіч, С.Я.Жараў. З 2005 г. дырэктар А.І.Суета.

Ваўкавыск, Волковыск

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 35 563 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 10 033 адзінкі Агульная плошча экспазіцый 987 м².

Музей мае 8 экспазіцыйных і выставачную залу. 6 залаў аддадзены пад экспазіцыю «Айчынная вайна 1812 г.».

У 1-й зале, прысвечанай ваенным падзеям у Заходняй Еўропе напярэдадні вайны, прадстаўлены карціны, гравюры, халодная зброя, ружжы, адзенне вайскоўцаў і іншыя рэчы. Сярод экспанатаў — бронзавая саксонская марціра, каранацыйныя партрэты імператара Напалеона I і яго жонкі імператрыцы Жазэфіны (пачатак 19 ст.), руская і французская кірасы (канец 18 — пачатак 19 ст.), мундзір унтэр-афіцэра Дынабургскага гарнізона з меднай каскай-грэнадзёркай і парыком з касою, якія былі ўведзены імператарам Паўлам I па прускім узоры.

Волковыск, Ваўкавыск

Экспанаты 2-й залы апавядаюць пра падзеі першых месяцаў вайны 1812, выдатных палкаводцаў Расіі, баявы шлях 2-й Заходняй арміі П.І.Баграціёна, асабістыя лёсы яе афіцэраў, Барадзінскую бітву. Найбольш цікавыя экспанаты — пісьмовыя дакументы часоў вайны, агнястрэльная і халодная зброя (тульскі мушкет 1814 г., цесакі рускіх воінаў 1-й палавіны 19 ст.), форма рускага салдата.

Ваўкавыск, Волковыск

У 3-й зале прадстаўлены форма рускіх вайскоўцаў 1-й палавіны 19 ст. (гусарскія даламаны і менцікі, ківеры афіцэраў і салдат, султаны да іх, каска трубача, кушакі, эпалеты рускіх афіцэраў і абутак кавалерыста), гравюры і партрэты герояў вайны 1812 г., расійская гармата 18 ст. і інш.

У 4-й зале размешчаны ўзоры адзення воінаў арміі Напалеона. Сярод экспанатаў каскі французскіх кірасіраў з конскімі хвастамі, каска прускага генерала, якая нагадвае шлем рымскага легіянера, гравюры 19 ст., што адлюстроваўваюць гібель напалеонаўскага войска, свінцовыя кулі і асколкі ядраў, бляхі да рускіх і французскіх ківераў, наканечнікі сцягоў.

Волковыск, Ваўкавыск

У наступнай зале сярод найбольш цікавых рэчаў — расійскія ўзнагароды 19 ст., юбілейныя выданні кніг, прысвечаныя падзеям вайны 1812 г., гузікі ад рускага і французскага мундзіраў. Адметнае месца ў экспазіцыі займае копія карціны П.Дэлароша «Напалеон у Фантэнбло» (19 ст.).

На выстаўцы «Старажытны Ваўкавыск» прадстаўлены прадметы з археалагічных раскопак г.Ваўкавыск (10—14 ст.). У экспазіцыі вырабы ваўкавыскіх кавалёў (нажы, ключы, нажніцы, наканечнікі коп'яў і інш.), кастарэзаў (грабяні, гузікі, лыжачка, жалейка і інш.), ганчароў (фрагменты посуду з арнаментам, гліняная цацка, фігурка воіна і інш.), рыбалоўныя снасці (блешні, восці, кручкі), скураны абутак, прадметы культурнага ўжытку (пісалы, засцежкі да кніг, пячаткі, амулет-змеявік, нацельныя крыжыкі, фрагмент абразка з надпісам «Гаўрыіл» і інш.), жаночыя ўпрыгажэнні (кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, спражкі і інш.).

Ваўкавыск, Волковыск

Прадстаўлены рыштунак і зброя сярэдневякоўя і Новага часу (жалезная кальчуга воіна-славяніна 13 — 14 ст., даспехі рыцара Тэўтонскага ордэна 16 ст., шаблі, меч, рапіра, палаш, драўляная зброя, крамянёвыя пісталеты і ружжы 14 — 18 ст.).

У экспазіцыі «Ваўкавыск у гады 1-й сусветнай вайны» дэманструюцца расійскія ўзнагароды, зброя, дакументы 1914-17 гг. , папяровыя грошы, інтэр'ер пакоя польскага афіцэра (1921-39 гг.), мэбля і інш.

Тэму «2-я сусветная вайна» прадстаўляюць дакументы, фотаздымкі тых часоў, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны, зброя (савецкая, нямецкая), удзельнікаў барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі (партызан і падпольшчыкаў горада і раёна), лістоўкі, агітацыйныя газеты, савецкія ўзнагароды, рэчы вязняў Ваўкавыскага лагера ваеннапалонных і яўрэйскага гета.

Адлюстравана развіццё агнястрэльнай зброі ў 20 ст., экспануюцца рэчы, якія напежалі савецкім воінам-інтэрнацыяналістам (найбольш цікавы экспанат — высотны касцюм савецкага лётчыка перыяду вайны ў Афганістане).

Музей праводзіць экскурсіі, лекцыі, выстаўкі, дні памяці, заняткі, асветную работу ў навучальных установах горада і раёна, персанальныя выстаўкі мастакоў, прымае экспазіцыі з іншых музеяў, удзельнічае ў выстаўках іншых музеяў, у т.л. за межамі Беларусі.

Адрас: 231900, г.Ваўкавыск, ул.Баграціёна, 10
Тэл: +375-1512-225-34; +375-1512-221-46
e-mail: vlkmuzei@tut.by
сайт: museum.volkovysk.by
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.