ВАЎКАЎНЯГалоўная »
ВАЎКАЎНЯ – пастка для лоўлі ваўкоў; нерухомае лоўчае збудаванне з забітых у зямлю і пераплеценых лазою трохметровых жэрдак. Лакальная назва ваўкоўня.
На Міншчыне мела форму круга з крыламі, што накіроўвалі ў ваўкаўню. Уваход прыкрывалі дзверцы, якія свабодна адчыняліся ў сярэдзіну і ўтрымлівалі звера ў пастцы. Калі звер ішоў па вузкім праходзе паміж скрынкай з прынадай і сценкай ваўкаўні, ён сам зачыняў іх.
Ваўкоўні. 1 - у форме круга з крыламі; 2 - тыпу слімака; 3 - трайня
Больш старажытны тып ваўкаўні нагадваў у плане вялізнага слімака. Завостраныя гнуткія дубовыя спіцы (оспы) у сценцы спіралепадобнага праходу прапускалі драпежніка свабодна ўперад і ўтыкаліся ў тулава, калі ён спрабаваў адступацца назад.
На Палессі сустракаўся тып ваўкаўні — трайня (трызуб) — вертыкальна прымацаваная на невялікай адлегласці да дрэва дошка-саракоўка з трыма зубамі і звужанымі ўніз пазамі паміж імі. Пры спробе сарваць падвешаную зверху прынаду воўк зашчамляў лапу і павісаў на трайні.
|