Панядзелак, 21.08.2017, 03:53

ВІЦЕБСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ БАРБАРЫ І СВЯТОГА ЮЗАФА


ВІЦЕБСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОЙ БАРБАРЫ І СВЯТОГА ЮЗАФА размяшчаецца ў горадзе Віцебск на вуліцы Ленінградскай. Пабудаваны ў 1783—85 гг. (фундатар Антон Косаў) з цэглы на старажытных каталіцкіх могілках, грунтоўна перабудаваны ў 1884—85 гг. (інжынер-архітэктар В.І.Піятроўскі). Побач з храмам у 1800 г. ўзведзены мураваная капліца і драўляная плябанія (не захаваліся); знаходзілася магіла вядомага каталіцкага падзвіжніка ксяндза Мотуса, намаганнямі якога быў узведзены храм. Агароджаны цаглянай сцяной з арачнай брама (1880-я гг.).


У 1913 г. парафія налічвала 3900 вернікаў. У 1922 г. касцёл закрыты, канфіскаваны касцельныя каштоўнасці. Часткова зруйнаваны ў Вялікую Айчынную вайну. Адрэстаўрыраваны ў 1990—93 гг. У студзені 1995 г. адноўлены храм наведаў і здзейсніў імшу пасол Ватыкана ў Рэспубліцы Беларусь папскі нунцый архібіскуп Агасціна Маркет.

Помнік архітэктуры барока і неараманскага стылю. Храм — традыцыйная трохнефавая двухвежавая базіліка з паўкруглай апсідай і бакавымі прамавугольнымі сакрысціямі. Фасад фланкіраваны трох'яруснымі шатровымі пластычна насычанымі вежамі, апяразанымі ў аснаванні спічастымі франтончыкамі. Верхні васьмігранны вертыкальна выцягнутых прапорцый ярус-звон вежаў адкрыты высокімі арачнымі прасветамі, сярэдні — арачнымі праёмамі-трыфорыумамі, ніжні крапаваны высокімі арачнымі экседрамі. У цэнтры фасад вылучаны двухпілонным парталам-рызалітам арачнага ўвахода, над якім трайная аконная аркатура хораў; у завяршэнні двухгранны шматступеньчаты шчыпец. Такая аскетычная трактоўка франтальнага фасада з панаваннем глухой цаглянай плоскасці надае храму характар унутранай замкнёнасці, сярэдневяковай архаічнасці. Чырвона-ружовыя сцены будынка апяразаны зубчастымі фрызамі і карнізамі на дэнтыкулах. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны на першым ярусе арачнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках, на другім — вокнамі-трыфорыумамі.

У адрозненне ад «архаічнай» архітэктуры храма трактоўка яго інтэр'ера выканана ў стылі барока. Яго прастора размежавана на нефы магутнымі аркадамі на чатырохгранных пілонах, перакрыта крыжовымі скляпеннямі на падвойных падпружных арках, апсіда — конхай. Атынкаваныя і пабеленыя сцены крапаваны пілястрамі, апяразаны насычана прафіляваным карнізам. У тоўшчы сцен нартэкса бакавыя вітыя лесвіцы, якія вядуць на антрэсоль хораў (узнята на трайную аркаду) і да званоў вежаў. На паўкружжы апсіды рэльефны алтар вытанчанай неабарочнай трактоўкі, завершаны скульптурай «Укрыжаванне». Першапачаткова ў апсідзе быў размешчаны драўляны разны двух'ярусны алтар рамана-гатычнай стылёвай трактоўкі з абразамі «Маці Божая» ў абкладзе і «Святая Барбара» па цэнтры. У рэтрагатычным стылі былі вырашаны чатыры кулісныя алтары (Найсвяцейшай Дзевы Марыі, святога Антонія, Маці Божай Шкаплернай, святога Юзафа) і алтар у капліцы. Навешаны на левую сцяну прэсбітэрыя амбонн меў неабарочную мастацкую трактоўку. Паводле інвентара 1922 г. ўздоўж бакавых сцен былі развешаны 14 стацый «Крыжовага шляху», на хорах меўся дзесяцігалосы арган.

Побач з касцёлам у канцы 20 ст. пастаўлена мураваная капліца з рысамі постмадэрнізму. Вырашана кампактным прамавугольным у плане аб'ёмам пад двухсхільным дахам, завершаным тарцовым фігурным шчытом з чатырохграннымі пінаклямі і арачнай нішай у тымпане. Бакавыя плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны прафіляваным карнізам. З тыльнага боку далучана трох'ярусная чатырогранная шатровая званіца прысадзістых прапорцый; верхні ярус-звон адкрыты шырокімі арачнымі аконнымі праёмамі.

Капліца. За агароджай касцёла. Пабудавана ў пачатку 21 ст. з цэглы з выкарыстаннем форм барока. Кампактная прамавугольная ў плане пабудова пад двухсхільным дахам, тарцы якога закрыты фігурнымі ўвагнута-пукатымі франтонамі. 3 тыльнага боку выступае партатыўная трохгранная апсідка пад паўшатровым чарапічным пакрыццём. Плоскасныя фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі з вітражным ашкленнем.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [12]
Спорт [439]
Здарэнні [108]
Грамадства [226]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [7]
Каляндар
«  Жнівень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.