Панядзелак, 21.08.2017, 04:06

ВІШНЕЎСКІ КАСЦЁЛ ЗВЕСТАВАННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЕ МАРЫІ


ВІШНЕЎСКІ КАСЦЁЛ ЗВЕСТАВАННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЕ МАРЫІ размяшчаецца на высокім пагорку левага берага р. Альшанка на заходняй ускраіне вёскі Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Пабудаваны ў 1637—41 гг. з цэглы навагрудскім ваяводам Ю.Л.Храптовічам (пахаваны ў крыпце правай капліцы) на месцы драўлянага храма, заснаванага ў 1424 г. вялікім князем літоўскім Вітаўтам (па іншых звестках — віленскім кашталянам П.Гедгудам). Асвячоны ў 1675 г. біскупам М.Спупскім.


У 1771 г. пасля пажару на сродкі А.Храптовіча прыбудаваны бакавыя капліцы і рэканструяваны інтэр'ер у барочна-ракайльным стылі. У 1906 г. да галоўнага фасада прыбудаваны вузкі нартэкс з бакавымі вежамі. 3 1953 г. ксёндз У.Чарняўскі вёў набажэнствы на беларускай мове, ажыццявіў на ёй пераклад Бібліі.

Помнік архітэктуры барока. Аднанефавы двухвежавы будынак з паўкруглай апсідай і нізкімі бакавымі сакрысціямі. У 1771 г. дабудаваны бакавыя квадратныя ў плане капліцы, што надало храму форму лацінскага крыжа. Сілуэт галоўнага фасада фарміруюць чатырохгранныя вежы з нізкімі купалкамі і фігурны шчыт паміж імі. Скульптурнасць архітэктурнай кампазіцыі ўзмацняецца складаным спалучэннем адна- і двухсхільнага дахаў, вальмавага і конуснага пакрыцця, яруснае нарастанне якіх завершана невялікай сігнатуркай над алтарнай часткай. Мяккую пластыку плоскасным фасадам надаюць тонкапрафіляваныя, хвалістыя над уваходам карнізы, лапаткі і невялікія контрфорсы, высокія арачныя і лучковыя аконныя праёмы.

Неф і сакрысціі перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з люнетамі і падпружнымі аркамі, паўночная капліца — сферычным купалам на ветразях, паўднёвая з драўлянай скульптурнай кампазіцыяй «Укрыжаванне» — плоскім плафонам, апсіда — зоркавай конхай з люнетамі двух бакавых лучковых аконных праёмаў. Скляпенні аздоблены ляпным дэкорам 17 ст. ў выглядзе павуціны нервюрных спляценняў рэнесанснага малюнку. Сцены нефа крапаваны арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, магутнымі пілонамі, якія нясуць нагрузку і распор падпружных арак. Нартэкс адкрываецца ў неф шырокай эліптычнай аркай, фланкіраванай дзвумя нізкімі арачнымі ўваходнымі праёмамі. Апсіда вылучана жалезнай агароджай (мастацкая коўка). У дзвух бакавых лучковых нішах нефа пастаўлены спавядальні.

У тэхніцы вохрыстай грызайлі выканана арнаментальная размалёўка скляпенняў, падпружных арак і сцен (мастак Ф.Рушчыц). Галоўны драўляны алтар сярэдзіны 18 ст. ў барочна-ракайльных формах: двух'ярусны, на фігурным пастаменце, дэкарыраваным лісцем аканта, накладнымі разнымі ракайлямі. Першы ярус вырашаны дзвумя парамі размешчаных уступам канелюраваных слупоў, што нясуць крывалінейны шматпрафіляваны і крапаваны антаблемент,у завяршэнні якога — ракайльны картуш. Другі ярус — шчыт з загнутымі ў валюты гранямі і разной кампазіцыяй «Глорыя»ў цэнтры. Алтар дэкарыраваны драўлянымі скульптурамі евангелістаў, анёлаў, вазамі, S-падобнымі завіткамі. Аналагічна трактаваны два бакавыя алтары прэсбітэрыя з гіпсавымі скульптурамі Дзевы Марыі (злева) і Хрыста (справа). У тэхніцы фрэскі выкананы ілюзорны алтар паўночнай капліцы з сюжэтнай фрэскай-карцінай у цэнтры. У фігурных ракайльных абрамленнях сюжэтныя фрэскі на люнетах цыліндрычнага скляпення апсіды. У верхняй частцы сцен нефа таксама размешчаны тры фрэскавыя карціны на сюжэты «Уваскрэсенне Лазара», «Пакаянне Марыі Магдалены», «Прыход сына да бацькі». Чацвёртае насценнае прасла мае квадратную мемарыяльную мармуровую пліту з фундушавым надпісам на лацінскай мове. Уздоўж сцен нефа і нартэкса размешчаны 14 стацый «Крыжовага шляху Хрыста» ў выглядзе разных дубовых пано (майстра-рэзчык з Польшчы У.Мастоўскі, 1992 г.). Драўляныя амбон (навешаны на першым ад алтара левым насценным пілоне) і дзве лавы для духавенства (сталы) па баках прэсбітэрыя выкананы ў стылі маньерызму з накладной арнаментальнай і гербавай (Храптовічаў) разьбой. На хорах, што трымаюцца на дзвух фігурных кранштэйнах і трохпралётнай аркадзе і акаймаваны металічнай фігурнай агароджай, устаноўлены арган віленскай фірмы Ф.Астрамецкага 1907 г., які запаўняе высокую арку, і фісгармонія кампаніі Братлейбора з 3ШA таго ж часу.

3 усходняга боку сярод бутавай агароджы размешчана пабудаваная ў другой палавіне 19 ст. мураваная брама-званіца, вырашаная шырокім арачным праездам, завершаным трох'арачным ярусам-звонам. Завяршае браму-званіцу кампазіцыя з трох франтончыкаў.

Капліца. Пабудавана ў канцы 20 ст. з бутавага каменю. Твор народнага дойлідства. Вырашана вертыкальнай стэлай з акруглым верхам. Франтальная грань раскрыта нішай-эседрай з двухстворкавымі ашклёнымі дзвярыма, за якімі гіпсавая скульптура Маці Божай.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [12]
Спорт [439]
Здарэнні [108]
Грамадства [226]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [7]
Каляндар
«  Жнівень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.