Пятніца, 19.04.2024, 21:48

ВІСТЫЧСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР ЦЫСТЭРЫЯНЦАЎ

Галоўная »
ВІСТЫЧСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР ЦЫСТЭРЫЯНЦАЎ размяшчаецца на ўсходняй ускраіне вёскі Вістычы Брэсцкага раёна.


Касцёл пабудаваны ў 1678 г. з цэглы па фундацыі ўладальніка маёнтка Ю.В.Тышкевіча і князёў Чартарыйскіх для айцоў-цыстэрцыянцаў, якія аселі тут у 1670 г. 3 дазволу імператара Паўла I быў перададзены айцам-трапістам. У 1832 г. кляштар скасаваны. У 1864 г. касцёл капітальна адрамантаваны і ў 1866 г. пераасвячоны ў Крыжаўздзвіжанскую царкву, якая дзейнічала да Вялікай Айчыннай вайны. Перад храмам у 1860-я гг. пастаўлена драўляная двух'ярусная чацверыковая званіца пад пакатым чатырохсхільным шатром з макаўкай; убаку — паўразбураная каплічка. Захаваўся фрагмент мураванай, крапаванай лучковымі нішамі агароджы. Свае ўспаміны аб касцёле і кляштары пачатку 19 ст. пакінуў польскі пісьменнік Ю.У.Нямцэвіч: «На ўсе святы ездзілі ў Вістычы... абацтва было вялізным і спрыяльным, настаяцель жыў прыстойна, ксяндзы цыстэрцыянцы таксама; мелі яны штодзённую чарку мёду на абед, у нядзелю і свята бакальчык віна, што называлася «на ўцеху». Ва ўсіх смутках і нягодах са шчырай верай звярталіся да Маці Божай Вістыцкай». Помнік архітэктуры барока. Вырашаны паводле канона трохнефавай бязвежавай базілікі з паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі. Пануючая роля сярэдняга нефа, нерасчлянёная прастора якога з'яўляецца кампазіцыйнай асновай будынка, дакладна выяўлена ў плане, складаючы з апсідай адно цэлае. Бакавыя нефы значна вузейшыя і карацейшыя за сярэдні. Па абодва бакі ад сярэдняга нефа размешчаны чатыры прыдзелы: два з іх далучаныя да апсіды, знаходзяцца ў бакавых нефах, a два, што выходзяць на галоўны фасад, выступаюць з асноўнага аб'ёму амаль на тры метры. Нартэкс выходзіць за габарыты галоўнага фасада і стварае яго шырокую плоскасць, над якой узвышаецца прамавугольны шчыт з трохвугольным франтонам. Сіметрычны бязвежавы фасад падзелены развітым антаблементам на ніжнюю частку і франтон з валютамі. Вось сіметрыі вылучана ўваходным арачным парталам і акном над ім, нішай і люкарнай у тымпане франтона. У дэкаратыўным аздабленні фасада выкарыстаны падвойныя паўкалоны, прафіляваныя цягі, плоскія нішы разнастайных форм. Бакавыя фасады апрацаваны падвойнымі пілястрамі, вокны апяразаны паўцыркульнымі архівольтамі. Сцены асноўнага аб'ёму расчлянёны рэдка расстаўленымі вокнамі і плаўна пераходзяць у глухую сцяну магутнай апсіды. У цэнтры яе другога яруса знаходзіцца амбразура закладзенага акна. Сцены бакавых нефаў расчлянёны парнымі пілястрамі, паміж якімі высока ўзнятыя вялікія паўкруглыя люкарны. Увядзенне пілястраў узбагачае пластыку бакавых фасадаў, надае ім больш дробны маштаб, падкрэсліваючы іх падпарадкаваную ролю. Кампазіцыя галоўнага фасада, расчлянёнага антаблементам на два ярусы, адносіцца да распаўсюджанай у эпоху барока схемы рымскай царквы Іль Джэзу. Рытмічны строй пілястраў і паўкалон, нарастаючы да цэнтра, падкрэслівае асноўную кампазіцыйную вось, якая акцэнтавана арачным парталам, аконнай нішай другога яруса з лучковым сандрыкам і авальнай люкарнай на франтоне. Магутныя паўкалоны тасканскага ордэра пастаўлены папарна па баках партала і падаўжаюцца больш зграбнымі паўкалонамі верхняга яруса. Дынамічнасць пірамідальнай кампазіцыі, ступеньчатасць яе пабудовы, пластычная апрацоўка сцяны, цякучыя формы крывалінейных завяршэнняў, што згладжвае пераходы ярусаў, сведчаць аб барочным характары архітэктуры храма. Пры наяўнасці знешніх прыкмет італьянскага барока помнік захоўвае манументальнасць і прастату, што ўласціва беларускаму дойлідству 16 — 17 ст.

У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Манументальныя аркады на масіўных пілонах, што ўспрымаюць нагрузку сцен сярэдняга нефа і аддзяляюць яго ад бакавых, завершаны антаблементам, які акаймоўвае па перыметры ўвесь неф і падзяляе яго на два ярусы. Вертыкальныя чляненні вылучаны падвойнымі пілястрамі, што крапуюць сцены і пілоны і служаць апорай магутным падпружным аркам скляпення. У яго люнетах размешчаны лучковыя аконныя праёмы, дзякуючы гэтаму высока ўзнятыя скляпенні здаюцца лёгкімі і паветранымі. Дэкаратыўнае ўбранне інтэр'ера дапаўняецца архівольтамі арак і простымі філёнгамі на пілонах і арках. Над галоўным уваходам на магутнай пакатай арцы размешчаны хоры, на якія вядзе вітая лесвіца ў тоўшчы сцяны. Абраз у абкладзе 1891 г. «Святая Параскева Пятніца».

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.