Серада, 24.04.2024, 22:48

ВЯСЕЛЬНЫЯ ГУЛЬНІ

Галоўная »
ВЯСЕЛЬНЫЯ ГУЛЬНІ — тэатралізаваныя жартоўныя прадстаўленні, якія выконваліся ў час вяселля. Былі, відаць, адгалоскам пэўных вясельных абрадаў, значэнне якіх паступова сцерлася, a самі гульні ператварыліся ў звычайную пацеху. Самай распаўсюджанай гульнёй было жартоўнае вяселле падстаўных «маладых». Замест маладога за стол садзілі старога мужчыну або старую жанчыну, апранутую ў падранае мужчынскае адзенне, з падмаляванымі вусамі і барадой, а замест маладой — старога мужчыну (жанчыну), апранутага ў падранае жаночае адзенне (замест вэлюма надзявалі рыбацкую сетку, падраны ручнік, вянок з гарохавіння або саломы, косы рабілі з канаплянай кудзелі, пярсцёнак — з хлебнага мякішу). Побач з імі садзіліся не родныя маладых, а суседкі з прыгатаванай імі самімі яешняй. Да прыезду маладых яны выконвалі ўсе традыцыйныя рытуалы: «маладых» садзілі на пасад, зводзілі, крычалі ім «горка», а ў канцы пераадзеты «поп» «вянчаў» старым венікам і абводзіў вакол ступы. Іх адорвалі жартоўнымі падарункамі: катом у шапцы, пеўнем у кажуху, абяцалі таго каня, «што не дагоніш вакол сяла» (вераб'я), таўкачом, чапялой і інш., а потым вазілі на ламанай падводзе вакол вёскі і перакульвалі ў роў.

Часам ролі падстаўных «маладых» выконвалі самі бацькі, калі выдавалі замуж або жанілі апошняе дзіця. Калі бацькі ці сваякі маладой прыязджалі праведаць яе, каля іх садзілі пераадзетую «маладую» або ставілі ступу з надзетай на яе спадніцай і завязанай хусткай, а тая «скардзілася» на сваё цяжкае жыццё. Ступу ў выглядзе маладой адзявалі і пасля ад'езду яе з дому: яе частавалі, спявалі ёй песні, а ступа («маладая») «дзякавала» і «кланялася». Пасля прыезду маладыя павінны былі выкупіць у падстаўных «маладых» месца за сталом для сапраўднага вяселля.

Пасля заканчэння вясельнага застолля перад провадамі маладых у клець адбывалася гульня, якая сімвалізавала «роды» маладой. Для гэтага ў якасці «парадзіхі» выбіралі жанчыну з боку маладой і клалі ў пасцель разам са спавітым кацянём («нованароджаным»), Для ўяўнага «нованароджанага» выбіралі «бацьку», «кумоў», а для «парадзіхі» — «бабку-павітуху». Пасля каморы рабілі таксама ляльку з ануч, спавівалі яе і клалі маладой на калені, каб яна імітавала кармленне, ляльку насілі па хаце, давалі патрымаць яе маладому і да т.п. (у аснове гэтай гульні ляжаў старажытны магічны абрад, які павінен быў стымуляваць нараджэнне дзіцяці).

У канцы вяселля адбываўся маскарад (машкарада), калі мужчыны пераапраналіся жанчынамі і наадварот. Вясельнікі пераапраналіся таксама ў «цыганоў», «венграў», «яўрэяў», «салдата», «доктара» і іншых і хадзілі па хатах, збіраючы розны харч, грошы, «варажылі», «лячылі», «арыштоўвалі», кралі курэй, парасят і ўсё гэта неслі ў хату, дзе адбывалася вяселле. «Цыганы», якія збіраліся ў доме жаніха, ішлі да бацькоў нявесты і наадварот. Па дарозе яны спявалі песні, білі ў засланкі, пускаліся ў скокі, збіраючы шматлікіх гледачоў. «Доктар» закутваўся ў прасціну, браў таўкач у якасці трубкі і гарэлку замест лекаў. «Салдатам» для аховы парадку звычайна апраналася жанчына.

Адна з вясельных гульняў звязана са старшым сватам (шаферам), якога абувалі ў лапці, «брылі» палкай або трэскай, рабілі для яго вянок і вешалі на шыю, апырсквалі адэкалонам або вадой. За гэта патрабавалі «плату» (звычайна грашыма), за якую прыданкі куплялі сабе цукеркі. У некаторых мясцовасцях пераапранутыя вясельнікі вадзілі па хатах пеўня, просячы міласціну.

У вясельных гульнях прымалі ўдзел не толькі ўкладальнікі, але і староннія гледачы. Так, у гульні «кабыла» двое мужчын, пераапрануўшыся канём (з конскай маскай, хвастом і накрытыя куском палатна), пасля падзелу каравая скакалі перад маладымі, вазілі на сабе аднаго з запарожцаў (за гэта іх частавалі).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.