Панядзелак, 21.08.2017, 18:59

ВОЎПЕНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ


ВОЎПЕНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ размяшчаецца каля могілак на паўночнай ускраіне вёскі Воўпа Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 1773 г. з дрэва.


Першы храм у вёсцы быў пабудаваны ў 1478 г. па фундацыі віленскага ваяводы Алехны Судзімонтавіча, які атрымаў мястэчка ад вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка за шматгадовую верную службу. 27 красавіка таго ж года асвячоны віленскім біскупам Я.Ласовічам, але ў тым жа годзе згарэў. Касцёл быў надзелены вялізнай маёмасцю і льготамі (работнікамі і чыншавікамі з сынамі, мядовай данінай і дзесяціннай подаццю, агароднінай, фальваркам Міраўчына з лесам, дубравай, пасекай, лугамі) з умовай штонядзельнага адпраўлення імшы па продках і па фундатары, яго жонцы Ядвізе і дзецях. Дачка Алехны Судзімонтавіча Сафія выйшла замуж за князя Аляксандра Гальшанскага (атрымаў Воўпу ў якасці пасага), іх старэйшы сын Павел (у наступным віленскі біскуп і ўладальнік Воўпы) пасля адбудовы касцёла пашырыў парафію, для ксяндзоў вылучыў пляцы пад дамы, два фальваркі, мядовую подаць з в. Гудзевічы, дазволіў карыстацца лесам і млыном. У 1526 г. ён фундаваў у касцёле алтар святой Ганны. У 1643 г. Казімір Гальшанскі прымаў у ім караля Уладзіслава IV, усталяваў геральдычны алтар.

У 1753 г. па фундацыі Я.Н.Касакоўскага ўзведзены новы драўляны касцёл, прыняўшы абсталяванне і начынне папярэдняга храма, але хутка прыйшоў у заняпад і ў 1771 г. пагражаў падзеннем. Прыняўшы ў 1761 г. Воўпенскую парафію, каплан І.Касакоўскі адзначаў: «...першым здзіўленнем было, што знайшоў усё голым і спустошаным, касцёл разбураецца і ва ўсім запушчаны... Ксёндз Масальскі за дзесяць год толькі два разы тут з'яўляўся». У 1773 г. замест яго ўзведзены манументальны драўляны храм, фундатарам якога быў князь І.Касакоўскі (1738 — 1794 гг.), які пасля 1781 г. стаў ліфляндскім біскупам і адным з ініцыятараў Тарговіцкай канфедэрацыі. 3 закрыццём храма пасля паўстання 1863 г. гродзенскім губернатарам генерал-маёрам Зурыевым у 1877 г. дазволены хросныя хады ў межах агароджы касцёла. Рэстаўрыраваны ў 1889 г. Перад касцёлам надмагілле роду Гладкоўскіх.

Помнік народнага драўлянага дойлідства з рысамі архітэктуры позняга барока. Уяўляе сабой падоўжны прамавугольны ў плане зруб, з бакоў да якога далучаны пяцігранныя крылы трансепта. У асноўны аб'ём з боку галоўнага фасада ўбудаваны чатырохгранныя двух'ярусныя вежы з выцягнутымі цыбулепадобнымі шпілямі. Каркаснай сігнатуркай завершаны дах над апсідай. Цэнтральны рызаліт фасада завершаны прамавугольнай атыкавай сценкай з трохвугольным франтонам, над якім макаўка на чацверыку. Планіровачная поліганальнасць і пластычны мансардавы дах з заломам надаюць збудаванню прасторавую скульптурнасць. Бакавыя гарызантальна ашаляваныя фасады ўмацаваны вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі і прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі. Па баках прамавугольнага ўваходнага праёма на высокіх бутавых пастаментах устаноўлены дзве скульптуры анёлаў (вышынёй 2,5 м).

Просты і аскетычны звонку касцёл вельмі ўрачысты і святочны ў інтэр'еры. У вялікую малітоўную залу шырокімі арачнымі прасветамі раскрываюцца бакавыя крылы трансепта. Замест апсіды перагародкамі вылучаны тры сакрысціі з самастойным знадворным уваходам. Падшыўная бэлечная столь пафарбавана ў блакітны колер і дэкарыравана маляванымі кесонамі з разеткамі, размалёўка сцен імітуе чырвонацагляную муроўку.

У глыбіні нефа знаходзіцца перанесены з папярэдняга храма драўляны разны алтар — твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва першай палавіны 17 ст. (паміж 1633 і 1639 гг.), які спалучае рысы маньерызму і ранняга барока. Геральдычны картуш, што захаваўся на цокальнай панэлі алтара, уяўляе герб падканцлера К.Сапегі (1609—56 гг.) — сына вядомага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Л.Сапегі. Архітэктанічная кампазіцыя алтара запазычана з мастацтва эпохі Рэнесансу і вырашана ў выглядзе трыумфальнай аркі, пастаўленай на масіўны высокі цокаль. Мае характэрную трохвосевую структуру з двух'яруснай цэнтральнай часткай. Ніжні ярус — каланада карынфскага ордэра, у цэнтры якой абраз «Укрыжаванне», а па баках у арачных нішах-экседрах з ракавінамі — буйнамаштабныя (вышынёй больш за 2 м) драўляныя скульптуры святога Казіміра (патрона-фундатара) і Яна Хрысціцеля (патрона касцёла). Калоны пазалочаныя, абвітыя спіралямі вінаграднай лазы. У тымпане франтона першага яруса рэльефная выява Бога Саваофа на воблаку, па баках постаці дзвух анёлаў. У верхнім ярусе авальны абраз «Звеставанне», фланкіраваны пазалочанымі калонкамі таго ж карынфскага ордэра і скульптурнымі выявамі святой Лізаветы і святой Кацярыны. Плоскасці алтара багата дэкарыраваны накладной арабескавай разьбой, якая спалучае ракавіны, картушы, галоўкі херувімаў. Уражвае каларыстычнае вырашэнне — кантраст чорнага фону алтарнай паверхні і пазалоты разьбы і скульптуры. Устаноўленыя ў крылах трансепта бакавыя алтары па кампазіцыі і дэкору нагадваюць галоўны, але выкананы больш сціпла, верагодна, адначасова з будаўніцтвам новага касцёла. Барочнай накладной разьбой і скульптурай дэкарыраваны амбон і ракайльны арган на хорах за філёнгавым парапетам.

Абразы «Звеставанне» (сярэдзіна 17 ст.), «Маці Божая Чанстахоўская» (17 ст.), «Маці Божая з дзіцем і святымі Дамінікам і Кацярынай Сіенскай» (18 ст.), «Стыгматызацыя святога Францішка» (1888), a таксама манстранцыя 1727 г.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [12]
Спорт [439]
Здарэнні [108]
Грамадства [226]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [7]
Каляндар
«  Жнівень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.