Субота, 20.04.2024, 12:31

ЗАПОІНЫ

Галоўная »
ЗАПОІНЫ – адзін з падрыхтоўчых этапаў вяселля, на якім нявеста і яе бацькі ў прысутнасці самай блізкай радні афіцыйна давалі згоду на шлюб. Лакальныя назвы малыя заручыны, малая гарэлка, барышы. Адбываліся пасля сватання.

На запоіны прыязджалі бацька, хросны бацька, дзядзька жаніха, у некаторых мясцовасцях цётка або хросная маці. Даўней запоіны адбываліся без жаніха, у больш позні час яго прысутнасць стала абавязковай. На запоіны ездзілі вечарам, ціха, без шархуноў. Згодна з павер’ем, каб запоіны былі паспяховымі, перад выездам да нявесты маці жаніха звязвала разам вілкі, качэргі поясам, а сваты, увайшоўшы ў хату да нявесты, наступалі на качаргу, дакраналіся да печы, глядзелі ў яе, не пераходзілі за першую бэльку, не атрымаўшы папярэдняй згоды на запоіны. Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць, сваты не адразу заходзілі ў хату, а стукалі ў акно, выдаючы сябе за падарожных, паляўнічых, купцоў, якія заблудзіліся. Увайшоўшы ў хату, яны гаварылі іншасказальна: прасілі прадаць або аддаць заблудную цялушку. Гаспадары рабілі выгляд, што іх не чакалі і не разумеюць, чаго яны прыехалі. Калі гаспадары адказвалі, што можа і знойдзецца цялушка, і запрашалі гасцей да стала, гэта азначала іх згоду. Нярэдка, увайшоўшы ў хату, сват гаварыў: «Я сват прысланы, каб быў стол засланы». У знак згоды маці або сама дзяўчына засцілала стол і ставіла чарку. Сват клаў на стол загорнуты ў ручнік бохан хлеба, спечаны часам адмыслова маці жаніха, і бутэльку гарэлкі, заткнутую саломай. Бацькі дзяўчыны падавалі закуску. Абавязковай стравай была яешня і сыр. Таму часам гаварылі: «запілі» дзяўчыну або «заелі яешняй (сырам)».

Дзяўчына запрашала на запоінаў самых блізкіх сваякроў і сябровак. Калі ўсе збіраліся, яе пачыналі запіваць. Першую чарку сват піў, звяртаючыся да бацькоў нявесты або да яе самой. Перадаючы нявесце чарку, клаў туды манету. Дзяўчына выпівала гарэлку або, прыгубіўшы, вылівала яе ў свой фартух, а манету забірала. У час запоінаў нявеста нярэдка абдорвала сватоў ручнікамі, наміткамі, хусткамі, перавязаўшыся якімі, яны ішлі дадому. Калі яна давала згоду на шлюб, маці забірала прывезены сватамі хлеб і ўзамен давала ім свой, а ў бутэльку, дзе была гарэлка, насыпала жыта, абмотвала яе ручніком і завязвала поясам, што таксама сімвалізавала згоду. Калі запоіны праходзілі паспяхова, жаніх з бацькам нявесты або са сваім бацькам ехаў у царкву «даваць на запаведзі» (аглашэнне). Калі ж пасля запоінаў дзяўчына раздумвала ісці замуж, яна павінна была заплаціць за прывезеную хлопцам гарэлку, а жаніх і яго сваякі — вярнуць падарункі, атрыманыя ад нявесты, і абавязкова хлеб і жыта, бо яе лёс прыраўноўваўся да жыта. Адсюль прыказка: «Не аддаў жыта — не будзе жыцця».

У наш час традыцыйныя запоіны фактычна не захаваліся.

Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Аўтар: Л.А. Малаш

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.