Пятніца, 29.03.2024, 14:06

ЗАПРОСІНЫ

Галоўная »
ЗАПРОСІНЫ – традыцыйны рытуал запрашэння на вяселле, які суправаджаўся пэўнымі прыгаворамі і сімвалічнымі дзеяннямі. Характэрныя рысы запросінаў — шматразовасць іх выканання, абавязковы ўдзел у іх разам з маладой старшай дружкі (бальшанкі) або разам з маладым — дружка (чашніка), бацькоў маладых (у першую чаргу маці), a таксама малых хлопчыкаў (прасатых, пазыватых).

Запросіны з боку маладой пачыналіся з заручын, а ў маладога — з суборнай суботы. Пасля заручын бацькі маладой (маладога) запрашалі сваякоў і блізкіх знаёмых, якія прымалі непасрэдны ўдзел у вяселлі (укладальнікі). Да сваякоў, якія жылі ў суседніх вёсках, бацькі маглі не ехаць, а праз каго-небудзь пасылалі ім хлеб, які сімвалізаваў запросіны. На суборную суботу маладая з сяброўкай запрашала незамужніх дзяўчат, а малады з дружкам — нежанатых хлопцаў.

Найбольш урачыстыя запросіны адбываліся пачынаючы з чацвярга, напярэдадні вяселля і да нядзелі раніцай, калі маладая ў святочным уборы з хлебам, завернутым у хустку і з прывязаным да рукі ручніком або хусткай, за якую яе вяла таксама святочна прыбраная дружка, ішла запрашаць аднавяскоўцаў, а часам і некаторых жыхароў навакольных вёсак. Увайшоўшы ў хату, маладая з дружкай тройчы кланяліся найперш покуці, затым дзяжы, нарэшце гаспадару, гаспадыні, усім прысутным (старэйшым у ногі, маладзейшым — у пояс), цалавалі старэйшых у руку, а маладзейшых у твар. Першай гэта рабіла нявеста, прыгаворваючы: «Выбачце, даруйце, можа вам калі-кольвек што кепскае зрабіла або сказала або вашай старасці не пашанавала — будзьце так добрыя, прабачце мне ўсенька». Прысутныя таксама адказвалі спецыяльным прыгаворам, у якім яе прабачалі і жадалі ёй усяго найлепшага. Затым нявеста сціпла прыгаворвала: «Прашу міласці ка мне на вяселле, на хлеб-соль, на каравай і на ўсё, што бог пашле». Атрымаўшы адказ: «Няхай гасподзь памагае», маладая яшчэ двойчы паўтарала свой паклон у знак удзячнасці за пажаданні (старэйшым за сябе яна рабіла тры зямныя паклоны) і клала на стол прынесены хлеб, які гаспадары замянялі сваім (выходзячы, маладая забірала свой хлеб або заменены). Нярэдка ў доме маладой пяклі шмат маленькіх буханачак, якія маладая пакідала ў кожнай хаце. Пры ўваходзе ў хату нявеста дзверы не зачыняла, а па выхадзе цягнула ручнікі па зямлі, што сімвалізавала хуткі выхад дачок гаспадара замуж (выходзячы з хаты, нявеста таксама пакідала дзверы адчыненымі, каб яе сяброўка хутка выйшла замуж). З такім цырыманіялам нявеста абходзіла ўсе хаты, незалежна ад асабістых адносін іх гаспадароў з бацькамі маладой, нават калі яны былі ў сварцы. Кланялася і запрашала адпаведным чынам на вяселле нявеста і ўсіх сустрэчных незалежна ад іх сацыяльнага становішча, узросту і веравызнання. У час запросінаў нявесту надзялялі ручайкамі лёну, воўнай, маткамі нітак, палатном і інш.

Запросіны адбываліся перад кожным этапам вяселля — перад заручынамі, суборнай суботай, пасадам, выпраўленнем да шлюбу, да маладога, перад завіваннем і г. д., а ў найбольш складаных, такіх, як каравай, запросіны папярэднічалі кожнаму з этапаў яго прыгатавання. Спецыяльна запрашалі рашчыніць, замясіць, у печ пасадзіць, дастаць з печы і падзяліць каравай. Запрашаць гасцей на каравай звычайна ішла маці нявесты, ужываючы адпаведныя словы запрашэння і кланяючыся ўсім разам. У якасці паўторных запрашальнікаў часта выступалі хлопчыкі-прасатыя, якія, не заходзячы ў хату, выкрыквалі пад акном запрашэнні ад імя маладых і іх бацькоў. Паступова цырымонія запросінаў спрасцілася, зліўшыся з перапросінамі.

Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Аўтар: Л.А. Малаш

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.