Чацвер, 14.12.2017, 11:05

ЗАСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ


ЗАСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ размяшчаецца на ўзгорку гістарычнага цэнтра горада Заслаўе Мінскага раёна, насупраць старажытнай Спаса-Праабражэнскай царквы.


Пабудаваны ў 1774 г. з цэглы як фарны па фундацыі ўладальніка мястэчка падканцлера літоўскага Антонія Пшаздзецкага на месцы драўлянага храма 1627(8) г. Познабарочная архітэктура мураванага каталіцкага манумента характэрная для творчасці італьянскага дойліда К.Спампані, які ў гэты час працаваў у Заслаўі і збудаваў для Пшаздзецкага невялікі палац. Аб яго аўтарстве маюцца ўскосныя архіўныя сведчанні. Аўтарам касцёла мог быць і італьянскі дойлід Павел Антоні Фантана, які будаваў тут кляштар місіянераў і перабудоўваў фарны касцёл у 1756 г. У 1868 г. касцёл перароблены пад царкву Ражджаства Багародзіцы, на што з казны было ахвяравана 2 тыс. рублёў, а ў 1878 г. — яшчэ 7 тыс. рублёў. Дзейнічала да 1941 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны храм паўразбураны. У 1988 г. вернуты католікам. У стане аднаўлення.

Помнік архітэктуры барока. Пабудаваны паводле канона аднанефавага двухвежавага храма з паўкруглай апсідай і дзвумя сакрысціямі. Вертыкальна выцягнутыя прапорцыі надаюць будынку дынамічную вышынную скіраванасць і візуальную аблегчанасць. У выніку перабудовы пад царкву архітэктура касцёла набыла рысы руска-візантыйскага стылю: над асноўным аб'ёмам узведзены сферычны купал на магутным цыліндрычным светлавым барабане і чатыры апостальскія галоўкі, фігурны барочны шчыт над галоўным фасадам заменены чацверыковай вежай-званіцай. Храм накрыты высокім чарапічным чырвоным дахам, які паніжаным уступам пераходзіць у пірамідальнае пакрыццё апсіды з сігнатуркай у завяршэнні. Галоўны фасад, што выходзіць за габарыты асноўнага аб'ёму, захаваў барочны крывалінейны абрыс з вылучаным у цэнтры пластычным трохгранным эркерам. У яго завяршэнні стройная чатырохгранная званіца з высокімі арачнымі прасветамі, фланкіраваная невялікімі купальнымі барабанамі. Фасады нестандартна, як у палаца, падзелены на два паверхі арачнымі аконнымі праёмамі (вокны першага паверха імітаваны блендамі), дэкарыраваны вытанчанымі пілястрамі. Да галоўнага ўвахода, перад якім створана прасторная тэраса, вядзе двухбаковая лесвіца.

Канструкцыйна магутны храм (таўшчыня сцен да 2 метраў) кантрастуе з адносна невялікай унутранай прасторай, у якой два слупы і насценныя карынфскія пілястры падтрымліваюць аркі цыліндрычнага скляпення, у сакрысціях і нартэксе — крыжовыя. Інтэр'ер упрыгожвалі тры барочныя мураваныя алтары. Дзве бакавыя вінтавыя лесвіцы вядуць на хоры (меўся васьмігалосы арган) і званіцу. Пад храмам цягнуцца скляпы, у якіх мясцовы ўладальнік П.М.Хамянтоўскі ў I860—70-я гг. стварыў царкву-крыпту.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [137]
Адукацыя [13]
Спорт [487]
Здарэнні [116]
Грамадства [243]
Эканоміка [10]
Транспарт [67]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [9]
Каляндар
«  Снежань 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.