ЗАВОРВАННЕ, першая баразна – даўні земляробчы
абрад пачатку веснавых палявых работ. Яно было звычайна ў канцы красавіка ці на пачатку мая і праводзілася з улікам розных абставін (прылёт птушак, першае цвіценне кветак, стан глебы, надвор'е і інш.).
Першы выхад у поле адбываўся святочна, з рознымі абрадамі. Араты падымаўся на досвітку, надзяваў чыстую
кашулю і, пакрапіўшы валоў ці коней крынічнай вадой, адпраўляўся з сахой у поле. Браў з сабой рытуальныя хлеб, ваду, соль, яйкі. Вада і хлеб у славянскай абраднасці мелі значэнне абярэгаў, ахоўваючы гаспадара, жывёлу ад непажаданых сустрэч і дурнога вока. У першы дзень селянін араў няшмат. Неўзабаве вяртаўся дамоў, дзе яго чакаў багаты стол.
У некаторых рэгіёнах (Заходняе Палессе) араты накіроўваўся на поле вечарам, апрача вышэйназванага, мог з сабой узяць і грамнічную свечку. На Усходнім Палессі селянін падаваўся араць уранку і, апрача хлеба і солі, браў яшчэ вараныя велікодныя яйкі. У Паўночна-Усходняй Беларусі абрад мог суправаджацца рытуальным качаннем на спіне каня курынага яйка (« Будзь, мой конь, гладак і повен, як яйка!»).