Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Серада, 17.04.2024, 21:24 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
ЗБІРАЛЬНІЦТВАГалоўная »ЗБІРАЛЬНІЦТВА – адна з форм гаспадарчай дзейнасці чалавека, збіранне (здабыванне) гатовых дароў прыроды, у асноўным прадметаў харчавання і лекавых раслін. Пры першабытнаабшчынным ладзе існавала побач з паляваннем і рыбалоўствам, займала важнае месца ў спажывецкай гаспадарцы і падрыхтавала ўмовы для вытворчай гаспадаркі. З пераходам да земляробства і жывёлагадоўлі набыло характар падсобнага (здабыўнога) промыслу. Больш прыкметную ролю выконвала і больш працяглы час захоўвалася ў лясных мясцовасцях. Сярод розных відаў збіральніцтва для жыхароў Беларусі былі ўласцівы збіранне траў і караняплодаў, ягад і пладоў дзікарослых дрэў, грыбоў, мёду дзікіх пчол, здабыванне раслінных сокаў і інш. Кожны з відаў збіральніцтва адпавядаў мясцовым умовам жыццядзейнасці, патрабаваў пэўных працоўных навыкаў і ўмення, звязаных з веданнем флоры, харчовых і лекавых якасцей пэўных раслін, іх феналагічнага цыкла і сезонных змен, аптымальных спосабаў і прыёмаў іх здабывання, пярвічнай апрацоўкі і захавання. Травяністыя расліны (лісце шчаўя, крапівы, лебяды) збіралі да іх цвіцення, складвалі ў фаскі і макатры, перасыпалі соллю, квасілі. З іх гатавалі варыва. Шчаўе, кісліцу, цыбулю лугавую, маладыя пабегі аеру і іншыя ужывалі і свежымі. Хмель сушылі і захоўвалі на гарышчах, у клецях. З іван-чаю, чабару, мацярдушкі, зверабою, кветак ліпы рыхтавалі адвары. Мноства лекавых раслін сушылі. У якасці лекавых сродкаў выкарыстоўваліся галінкі маліны, парэчак, вішні, кара дубу, крушыны, каліны. Пашырана было збіранне ягад і дзікарослых пладоў. Лясныя ягады — суніцы, чарніцы, брусніцы, дурніцы, маліну, парэчкі, ажыну — спажывалі пераважна свежымі. Значную колькасць іх нарыхтоўвалі ў запас: брусніцы парылі ў гаршках, ссыпалі ў кадушкі і бочкі, дабаўлялі прыправу, рабілі з іх сокі і павідла (на мёдзе); чарніцы часцей сушылі; журавіны захоўвалі замарожанымі, дабаўлялі ў квашаную капусту, з іх рыхтавалі таксама сокі і напіткі. Ягады каліны і рабіны збіралі позняй восенню, іх захоўвалі на гарышчах, суквецці каліны закладвалі таксама ў стажкі сена, дзе яны вылежвалі пэўны тэрмін. У значнай колькасці назапашвалі ў лесе грушы, яблыкі, жалуды, арэхі. Грушы ссыпалі ў засекі свірнаў ці стопак, дзе яны даспявалі, сушылі ў печах. Яблыкі разразалі на скрылькі, нанізвалі на суравыя ніткі, вязанкамі сушылі на сонцы; іх закладвалі таксама ў сена, дзе яны захоўваліся на працягу ўсёй зімы. Важнае значэнне мела збіранне грыбоў. Перавагу аддавалі баравікам, падасінавікам, збіралі таксама абабкі, махавікі, казлякі, лісічкі, рыжыкі, зялёнкі, ваўнянкі. У кожнай мясцовасці былі свае звычаі і асаблівасці ва ўжыванні тых ці іншых відаў грыбоў, у спосабах іх апрацоўкі і захоўвання. Большасць грыбоў спажывалі свежымі (смажанымі, варанымі), значную частку закладвалі ў кадушкі на засол; баравікі, падасінавікі, абабкі сушылі ў запас. Сушаныя грыбы і ягады сяляне збывалі на кірмашах, прадавалі скупшчыкам, якія вывозілі іх за межы Беларусі, асабліва ў стэпавую частку Украіны. Збіральніцтва займала прыкметнае месца ў сялянскім жыцці, на працягу многіх стагоддзяў рэгулявалася звычаёвым правам. Паводле Статутаў Вялікага княства Літоўскага 16 ст., сяляне захоўвалі права «ўступу» (зямельныя сервітуты) у дзяржаўныя і панскія лясы з мэтай збору грыбоў, ягад, мёду дзікіх пчол і інш. Пазней са змяншэннем сервітутаў яны паступова страчвалі такое права і павінны былі за права карыстацца ляснымі ўгоддзямі плаціць грашовы чынш ці адрабляць на карысць яго ўладальніка некалькі дзён у годзе. Збіральніцтва — адзін з нямногіх старажытных промыслаў, які захаваў ва ўмовах урбанізацыі і прамысловай рэвалюцыі сваю архаічную форму і індывідуальны характар ручной працы. У наш час збіральніцтва часцей мае форму аматарскага занятку, актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды. Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с. Аўтар: В.С. Цітоў |
|