Субота, 27.04.2024, 05:28

ЗЕМЛЯРОБСТВА

Галоўная »
ЗЕМЛЯРОБСТВА – галіна сельскай гаспадаркі; асноўны занятак насельніцтва Беларусі са старажытных часоў. У шырокім (сучасным) сэнсе адпавядае раслінаводству і ўключае ворыўнае земляробства, лугаводства, садоўніцтва і лесаводства. Яго аснова — ворыўнае земляробства, якое грунтуецца на апрацоўцы глебы і вырошчванні культурных раслін з ужываннем спецыяльных сродкаў і адпаведных прылад працы. Вытворчы працэс уключае падрыхтоўку і апрацоўку глебы, сяўбу, догляд пасеваў, уборку, упарадкаванне і захоўванне ўраджаю. Асноўнай цяглавай сілай у земляробстве да сярэдзіны 20 ст. была рабочая (цяглавая) жывёла — конь і вол (глядзіце ў артыкуле Жывёлагадоўля). Традыцыйныя эемляробчыя прылады — саха, рала, барана, акучнік, матыка, рыдлёўка, серп, каса, вілы, граблі, цэп і інш., кожная з якіх была прызначана для пэўнага віду работ, хоць выяўляла прыкметную поліфункцыянальнасць і мела рэгіянальна-тыпалагічныя адрозненні. Для ўпарадкавання і захоўвання ўраджаю служылі спецыяльныя гаспадарчыя пабудовы — гумно, асець, клець, варыўня, склеп і інш.

Эвалюцыя земляробства адлюстроўвала паслядоўныя этапы ў развіцці вытворчых сіл і сацыяльна-эканамічных адносін. Земляробства ўзнікла на базе збіральніцтва і аселага ладу жыцця. Ускосныя звесткі аб ім адносяцца да часоў неаліту (3-е тыс. да н.э.). Аднак знаходкі прылад працы той пары (каменныя і рогавыя матыкі, крамянёвыя сярпы) не даюць бясспрэчных доказаў пра існаванне земляробства. Верагодныя даныя аб ім адносяцца да эпохі бронзы (канец 3 — пачатак 1-га тыс. да н.э.), пра што сведчаць археалагічныя знаходкі рэшткаў культурных раслін пшаніцы, ільну, проса. Пры раскопках паселішчаў ранняга жалезнага веку выяўлены таксама зерні гароху, вікі, палявых (конскіх) бабоў. Да гэтага часу адносяцца і знаходкі першага старажытнага рала (каля в.Капланавічы Клецкага р-на, эпоха зарубінецкай культуры), што сведчыць пра пераход ад матыжнага земляробства да ворыўнага. Укараненне жалезных прылад працы стала пачаткам значных змен і ў сістэме земляробства, і ў грамадскай арганізацыі працы, паскорыла пераход да патрыярхальнага ладу і станаўлення класавага грамадства. Структура земляробства істотна не мянялася на працягу многіх стагоддзяў. Асноўнае месца ў земляробстве займалі збожжавыя культуры (азімае жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса), сеялі лён, каноплі, бабовыя (гарох, палявыя бабы, віку). Вырошчвалі гародніну (капусту, буракі, агуркі, моркву, рэдзьку, цыбулю, рэпу). З 18 ст. стала пашырацца культура бульбы, якая для беларускага селяніна хутка стала «другім хлебам». З канца 19 ст. важнае месца ў севазваротах займаюць пасевы кармавых траў.

Стан земляробства, узровень агратэхнічных ведаў і характар узаемадзеяння з экалагічным асяроддзем у значнай ступені адлюстроўваюць сістэмы земляробства, сярод якіх вылучаюць некалькі асноўных сістэм: падсечна-агнявую (лядная), абложную (ялавінная), трохполле і шматполле. Кожнай з іх уласцівы варыянты і асаблівасці, звязаныя з размеркаваннем пасяўных плошчаў, чаргаваннем пасеваў, прыёмамі апрацоўкі глебы і інш. Да канца 19 ст. склалася некалькі аграрных раёнаў з уласцівымі ім асаблівасцямі спецыялізацыі, структурай пасяўных плошчаў, узроўнем агратэхнікі, працоўнымі традыцыямі, навыкамі, звычаямі, абрадамі.

Найбольш заселенай і асвоенай пад земляробства была сярэдняя паласа Беларусі, раўніны Панямоння, Цэнтральнай Беларусі і левабярэжжа Дняпра. Ворыўная зямля ў сярэдзіне 19 ст. складала тут да палавіны ўсіх сельскагаспадарчых угоддзяў. У сістэме севазваротаў панавала трохполле. Недахоп зямлі і яе адносная ўрадлівасць прымушалі сялян часам прымяняць двухполле без папару. У панскіх маёнтках побач з трохполлем сустракалася чатырохполле з пасевамі кармавых траў. Мясцовыя жыхары атрымлівалі параўнаўча высокія ўраджаі збожжавых (у 1802-03 гг. сярэдняя ўраджайнасць у Гродзенскай губерні складала сам-4 — сам-5).

Менш спрыяльнымі для земляробства былі ўмовы ў паўночнай і паўднёвай частках Беларусі. Дзярнова-падзолістыя, часта завалуненыя глебы, мноства марэнных узвышшаў, азёр, адносна кароткі вегетацыйны перыяд (178 — 185 дзён) звужалі магчымасці хлебаробства на поўначы Беларусі (Паазер'е). Побач са збожжавымі ў структуры пасеваў тут важную ролю адыгрываў лён. У сувязі са зніжэннен урадлівасці зямель ад частых яго пасеваў значныя плошчы пакідаліся пад аблогу, а з канца 19 ст. з мэтай узнаўлення іх урадлівасці сталі шырэй прымяняць травапольныя севазвароты.

На Палессі традыцыйнае земляробства было максімальна прыстасавана да мясцовых экалагічных умоў. Найбольш абжытымі тут былі лёсавыя раўніны ў басейне Ніжняй Прыпяці, цэнтральны (Тураўскі) масіў і раён Пабужжа. Вялізныя імшары Прыпяцкага Палесся мелі рэдкія пасяленні і былі слаба асвоены чалавекам. Значную плошчу сельскагаспадарчых угоддзяў займалі сенакосы і няўдобіцы. Пад ворыва асвойваліся невялічкія ўчасткі, што ў выглядзе шматлікіх дзюн-астраўкоў былі раскіданы на значнай плошчы сярод неабсяжных балот і лясоў. Так, у раёне воз.Чырвонае на сялянскі двор у 2-й палове 19 ст. прыходзілася да 20 такіх участкаў памерамі 1/5 дзесяціны і меней. Вясной мясцовыя жыхары перапраўляліся на чоўнах з аднаго вострава на другі, ставілі там курані, што служылі ім часовым жыллём, апрацоўвалі і засявалі адзін участак за другім, у канцы лета збіралі ўраджай, абмалочвалі снапы ці складвалі іх неабмалочанымі на высокім памосце (глядзіце Адонак), дзе яны маглі захоўвацца і некалькі год. Раздробленасць зямельных участкаў і спецыфічная экалогія абумоўлівалі адпаведныя спосабы апрацоўкі зямлі, пашыранасць лядаў і лясных аблог, якія вобач з папарнай (трохпольнай) сістэмай захоўваліся тут да пачатку 20 ст.

За шматвяковую гісторыю беларускія хлебаробы накапілі багаты вопыт працоўнай дзейнасці. Іх земляробчы каляндар увабраў практычныя назіранні за феналагічнымі зменамі (прылёт з выраю птушак, цвіценне пэўных раслін і выспяванне пладоў, стан надвор'я), якія ўвязваліся ў адзін прыродны рытм і захоўвалі шэраг карысных у паўсядзённай гаспадарчай дзейнасці парад і прагнозаў. У традыцыйным светаўспрыманні беларусаў сельска-гаспадарчая праца была асветлена пафасам веры ў яе жыццесцвярджальную сілу і была арганічна звязана з устойлівай сістэмай земляробчых абрадаў, традыцый, павер'яў. Да веснавой сяўбы селянін рыхтаваўся яшчэ з зімы: адбіраў насенне, вырабляў корабы і кошыкі, рыхтаваў мяшкі, чыніў вупраж, ладзіў саху, барану. Першы выхад у поле (заворванне) быў для яго святам, як і іншыя цыклы земляробства, суправаджаўся рознага роду абрадавымі дзеяняямі. Рытуальныя формы іх мелі асаблівасці ў розных рэгіёнах Беларусі. У Паўночна-Усходняй Беларусі заворванню часцей папярэднічалі провідкі. Захоўваючы агульнаславянскую аснову, земляробчыя абрады адлюстроўвалі вечную ідэю барацьбы двух пачаткаў — добрага і злога, светлага і цёмнага, жыцця і смерці на ўзроўні звычаёвай свядомасці, што знаходзіла сваё выяўленне ў сімвалічных абярэгах, нейтралізацыі нядобрых пачаткаў і інш. У асобных рытуальных элементах прасочваецца сувязь з ахоўнай магіяй, якая пазней страціла свой сэнс. У тым жа ідэйным рэчышчы былі вытрыманы і рытуальныя нормы, звязаныя з сяўбою (глядзіце Засеўкі). Наступны комплекс абрадавых дзеянняў прыпадаў на перыяд уборкі ўраджаю (глядзіце Зажынкі, Дажынкі). Земляробчыя абрады знаходзілі адлюстраванне і ў іншых каляндарных святах — гуканне вясны, купалле, сёмуха, спас, пакровы і інш. Будучы неад'емнай часткай традыцыйнай масавай культуры, яны выконвалі важную ролю ў яе жыццядзейнасці, у захаванні духоўнай спадчыны, у працоўным выхаванні маладога пакалення. Некаторыя традыцыйныя звычаі і абрады часткова захаваліся ў сялянскім побыце да нашага часу.

Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Аўтар: В.С.Цітоў
Меню
https://вывески36.рф вывески объемные буквы наружная реклама вывески реклама наружная.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
https://вывески36.рф вывески объемные буквы наружная реклама вывески реклама наружная.
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
https://вывески36.рф вывески объемные буквы наружная реклама вывески реклама наружная.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.